Выбрать главу
Ўладзімір Папковіч
Рэшта

Вершы

Пытанні
Не пытайся, чаму я такі, не шукай, дзе прычыны ды фактары... Пераблыталіся вякі у душы маёй і ў характары.
Не пытайся, хто я такі, і адкуль такая парода... Не высокага роду я... І бацькі мае выйшлі, як кажуць, з народа.
Не пытайся, а як я, такі выжываю і што адчуваю... Сілу Боскай магутнай рукі зведаў я і сябе не хаваю.
Надзея
Сяргею Макарэвічу
У працы, у сяброўстве, у каханні не абыходзіцца зазвычай без тугі. Шчаслівы быў... і вось расчараванні... Усё сплялося у клубок тугі.
Ты волю страціў, ты не бачыш выйсця, і на падмогу аніхто не йдзе. Ты ўжо забыў, што дужы быў калісьці і мог супроцьстаяць любой бядзе.
Цябе пужаюць змрочныя падзеі, і страх жыве, стаіўшыся ў грудзях. Каб не іскрынка кволае надзеі, хто вывеў бы цябе на светлы шлях…
Не стрымаць
Як хутка, нястрымна бяжыць малое дзіця за вароты! Упала, крыху паляжыць, зноў рынецца ў цемру і слоту.
Кроў на каленях, лакцях... Пусціце ж яго, панове... Надзеяй завецца дзіця, імкнецца яно да Любові.
Мара жанчыны
Я ведаю, як гэта ўсё бывае – Не першы дзень жыву на белым свеце, – як дождж ліе, і вецер завывае, як плачуць горка без нагляду дзеці.
Зімовы шэры сум і краскі мая у хаасе і ў мітусні праходзяць. І гэта шчасце? Не прымаю. Святла не бачу. Сцены сум наводзяць.
Мне выбрацца б на волю, у абшары, Каб вецер лёгка валасы кудлаціў, адчуць на целе лёгкі сверб загару, прабегчы басанож па сенажаці.
І засмяяцаа ўголас, без прычыны, і радасці слязу змахнуць употай, зазнаць сябе жаданаю жанчынай усёй істотай.
* * *
Мінулае не апяю, не ўслаўлю і не зашклю у гожай раме. Пайду і свечачку пастаўлю, пакутніцы вялікай – маме.
Яна свой век адгаравала, малую долю хто ці зведаў таго, што маме перапала з несправядлівасці і бедаў.
Калі ж здаецца мне: валюся, нічога ў свеце больш не міла, тады я кленчу і малюся, як мама некалі рабіла.
Навошта зноў...
Табе здаецца: атрымалася, пачатак ёсць, канец даробіш, што толькі ў думках планавалася цяпер жыццёва ты ўвасобіш.
Надзеі, мэты – па парадку належна здзейсняцца. І кропка. Навошта ж зноў усё з пачатку ты выштукоўваеш таропка?
Старасць
Мне старасць не падабаеца, зусім не люблю сваю. Нічога ўжо не адбываецца... Моўчкі ў натоўпе стаю.
Бягуць, мітусяцца, штурхаюцца, ад ранку да ночы – штодня. Мне гэта не падабаецца... Прайграная мной гульня…
* * *
Жыццю я болей не супраціўляюся, няхай сабе ідзе, як Бог святы дае, працую мала, болей забаўляюся, і слухаю душу, калі яна пяе.
Куды спяшацца, да чаго імкнуцца? Чаго няма – няхай, хапае мне, што ёсць. Жаданне маю: раніцай прачнуцца, і азірнуцца – што за прыгажосць!
Ці сонца ў небе, а ці дождж грукоча, ці снегавеі круцяць за вакном, мая істота існай Веры хоча, перш чым засну глыбокім вечным сном.
Пара ўжо нам суцішыцца, старыя: гады прайшлі, і мы не вернем іх. Папросім Бога, хай ён нас закрые сваёй рукой ад чорных сіл сляпых.
* * *
Злуюся, бо не разумею... Загадкі мяне бянтэжаць. Мой розум нямее, я трачу надзею... Сумненні мой гонар карэжуць.