Выбрать главу
Я ад усіх у сабе замыкаюся, бо на пытанні не знаю адказаў... З дурасцю ўласнай паціху звыкаюся. Перажываю спакойна паразу.
Страчаны рай
Было з прыродаю адзінства... Дзе ты, чароўны край? Не вернемся ніколі мы ў дзяцінства, у блаславёны рай.
* * *
Сыпаўся зорны дождж чэрвеньскай ночкай з неба. Шаптала каханаму: «Больш мне ў свеце нічога не трэба».
Ён яе не разумеў: «А грошы, а ‘тачка’, а дача?» Каханы ўсё гэта меў. Нямеў: чаго яна плача?
* * *
Хачу пазбыцца слабасцяў сваіх: я нерашучы, не актыўны, кволы, з людзьмі ў размовах надыходзіць міг, калі ў адкрытасці стаю, як голы.
Мо’ лішні тут? Дык як цяпер мне быць? Гляджу і шчыра з прабіўных дзіўлюся. Хачу ўсе слабасці ў сабе забіць... А кім зраблюся?
* * *
А было ж: з нягоднікамі біўся, не трываў я пошасці ніколі. А было ж: з малодкамі любіўся У пакоях, пунях і на волі.
Як вірліва кроў наша кіпела, толькі вочы ў вочы – замыканне. Вельмі хутка жарсць у целах спела для кахання.
Зазіраючы малодцы ў вочы, замыкання зноў дарма чакаю. Ах, дзе тыя дні і тыя ночы? Уздыхаю.
* * *
Сёння я нібы ў чужой краіне, не арыентуюся ані. Крочу па няходжанай сцяжыне, спатыкаюся аб карані і пні.
Не, я заблудзіўся не ў прасторы – час, куды я трапіў, мне чужы. Ведаю ж: між «сёння» і «ўчора» не было ніякае мяжы.
А цяпер падзелена ўсё чыста, нават вера – на «была» і «ёсць». Той, хто камунізм хваліў квяціста, сёння у царкве найпершы госць.
Той, хто дзетак навучаў «узорна», меў за іх падзякі, медалі, сёння запаўняе рынак «порна», каб цяклі даляры і рублі.
«Белыя вароны» не ў пашане. Лепш замоўкні, дурань, і сядзі... Я й сяджу, асуджаны зарання, не чакаю літасці суддзі.
* * *
Аплецена ўся планета сеткай шумлівых шляхоў. Усе да адзінай мэты імкнуцца з розных бакоў.
Бягуць, лятуць, мітусяцца, побачкі і па адным, быццам вельмі баяцца страціць належнае ім.
Звужаецца шлях шырокі у тонкі струмень гадзін. Свае апошнія крокі раблю,
непрыкметны, адзін.
* * *
Ноч надыходзіць, і зоры міргаюць нам таямніча. Космас – бяздоннае мора – нырца даць завабліва кліча.
Ён заклікае скарыцца самай магутнай сіле, забыцца і растварыцца у вечным сусветным пыле.
Няхай паўнаводная Лета нясе нас на хвалі кіпучай... Ці ж гэта благая мэта – зрабіцца пылінкай бліскучай?
* * *
І мне таксама хочацца гармоніі душы і цела, жарсці й чысціні. Жыву ж аглушаны, у какафоніі, спакою на душы – ані.
Я сам сябе караю і пакутую. Дзе выйсце з пекла гэткага знайсці? Іду я ўпарта праз завею лютую, збіраю сілу ўсю сваю: «Не адпусці...»
Праходжу ўрэшце праз заслону шэрую, І ясны голас чую: «Не адрынь...» На неба пазіраю, паўтараю: «Верую...» Амінь.
* * *
Ты ведаеш усе мае грахі, ты ведаеш, за што баюся кары, ты ведаеш, куды вядуць шляхі маёй таемнай запаветнай мары.
Ты ведаеш, каго начамі сню, ты ведаеш, каго я днём шукаю, ты ведаеш: табе я не зманю, пакуль кахаю.
* * *
Каханая заснула без мяне, безабаронна-кволая такая... Трывога агарнула яе ў сне, на твары неспакой не патухае.
* * *
Быў ціхі вечар і задумны сад, вяла сцяжынка вузкая да саду. Мы ў ноч патрапілі, нібы ў засаду. Згубілі сцежку, каб сыйсці назад.