Выбрать главу
Ноч незабыўная была... Там над сабою страцілі мы ўладу, і пад суквеццем зарападу любіліся да першага святла.
* * *
Абміраю ад твайго пагляду і гару ад поціску рукі. Бачу я ў вачах тваіх прынаду, што вядзе ў нірвану нацянькі.
Да крыніцы хмельнай асалоды прыпадае мой сасмяглы рот... Маладосці грэшныя прыгоды дараваў Гасподзь нам напярод.
* * *
Шкада мне, што так атрымалася, я сваркі з табой не хацеў. Гарачае слова сарвалася, дакор з языка зляцеў.
Цяпер мы амаль не вітаемся, а толькі махаем рукой. Адзін аднаго не пытаемся, ці ёсць на душы спакой.
У нас у душы сумяціца. Не ведаем, што і рабіць. Хто першы павінаваціцца? Як пад прыгнётам жыць?
* * *
Давіду Сімановічу
Бяжыць, бяжыць, амаль ляціць на крылах духу і натхнення, і гучным водгукам трымціць, вунь там, наперадзе імгненне, калі захочацца сказаць: «Усё! Я прыручыў удачу. Я лёс свой здолеў закілзаць і свет хоць крышку перайначыў». Не, гэта, брат, не мітусня, А дзея, барацьба і мэта. Мацуецца жыццё штодня у мужным дзённіку паэта. Адважыўся ён сэнс і тло, дабро і зло як ёсць пазначыць. Ён кажа нам: «Вось так было»... Жыццё па-свойму кожны бачыць.
* * *
Змрочны, захмараны, шэры туліцца дзень да дзвярэй. Я адчыняю дзверы, мне ціўкае зноў верабей.
Я зразумеў, бедалажка, што ты прадказваеш мне: мне дзень будзе вытрываць цяжка... А табе хіба – не?
* * *
Улукаткі іду, без маяка плыву,
губляю шлях,
у цот-няцот гуляю,
сабе і людзям назаляю... Але жыву.
* * *
У кожнага сны і мроі свае, усе вар’яцеюць па-свойму. Не разумею, што мне спаць не дае, ляжу, спавіты змрочным сувоем.
Пакутны, я літасці ўсё ж не прашу, я вымавіць слова не ў стане. Поп ціхамірны мне справіць імшу, адпусціць душу без пытанняў.
* * *
Пра што падумаў, не скажу... Я сёння не гатовы адолець вечную мяжу між думкаю і словам.
Бо Слова, што ў Яго было, з Ім мусіць і застацца. Мне ж Неба сілы не дало як след ім скарыстацца.
Бездапаможны, мармычу, нашу ў душы святое. Я выказаць яго хачу... Не тое ўсё, не тое...
* * *
Нічога. Аніводнага слупка. Ані радка, ні слова, ні паўслова. Хацелася магутнага рыўка да шчырасці... Ды аднялася мова.
І гэты дзень безвынікова знік... Што ў ім было? Бязладдзе і бязлюддзе... Міргае мне гарэза-маладзік, ён суразмоўнікам мне сёння шчырым будзе.
* * *
Каля помніка А.С. Пушкіну
Гайдаюся, плыву на лёгкакрылай хвалі, я сёння ўцёк ад непатрэбных спраў... Здаецца мне, што мы б пасябравалі, калі б сустрэліся... Але мне Бог не даў...
Высока ты, я ж кропачка малая, стаю, задраўшы ўгору галаву. Кастром нябесным геній твой палае, і, бачачы цябе, я весялей жыву.
Яшчэ ўсё можа быць! На цесным раздарожжы, дзе пыл касмічны паміж зор курыць, мая душа аж захлынецца: «Божа!» Ад блізкасці з табой дашчэнту ўся згарыць...
* * *
Ужо цяпер мне зразумела, што год улукаткі ідзе. Супраціўляюся бядзе, але няўпэўнена, нясмела.
Нясу свой крыж абавязковы на звыклай да яго спіне. Мяне цяжар да долу гне... Але трымае гарт вясковы.