Выбрать главу
Давай па чарцы вып’ем для настрою, давай вяндліны, што з дымком, куснём. Адзін за аднаго стаяць будзем гарою. А звалімся... Дык разам і заснём.
* * *
Ах звалілася, ах пакацілася грукатлівая лёсу падвода. Чалавецтва не спахапілася, ні слязы не ўраніла прырода.
І сяброўкі-сябры не заплакалі, і нябёсы не спахмурнелі. На выбоінах колы пратахкалі... А жыты з лёгкім шэптам рунелі.
Багна прагная гучна зацмокала, бццам ў вусны пацалавала. Свет згубіў не арла і не сокала. Чалавека... А гэта – ці мала?
* * *
Не бойцеся праўды, панове... Вылазьце з хлуслівых бярлог... Сказана ж: Бог ёсць у Слове, і Словам кіруе сам Бог.
Вядома, вам не даруюць, тыя, што ў праўду плююць. З вамі не пасябруюць... Магчыма, нават заб’юць.
Ды праўда, што паляцела на вольную волю – жыве. Магчыма, заб’юць ваша цела. А Дух аж да Бога ўсплыве.
* * *
Я чытаю старога паэта, ледзь не класіка, ад зямлі. Ды ж не так было... гэта... і гэта... Мы й тады не роўна жылі.
Кожны свой выбіраў накірунак. Хто не ведаў, паказвалі шлях. Наравістых вучыў пастарунак. Лізунок быў у каралях.
Анікога не папракаю, і нікога зусім не віню. Праўды я ад улад не чакаю, а ў паэтаў праўдзівасць цаню.
* * *
Прамаўчыш, калі хочацца крыкнуць. пашукаеш спагадных вачэй, і пачвары агідныя знікнуць, раптам сонца заззяе ярчэй.
Ты ж прасветленым нанава зрокам свет убачыш, які адкрыў. І адчуеш сябе прароракам, быццам з небам пагаварыў.
* * *
Ты кажаш злосць? Ты кажаш кпіны? Табе баліць, а ты трывай. Шапчы сабе: я вінны, вінны, і боль душэўны прыхавай.
Няхай сабе яны злуюцца, што ты не гэткі, не такі. Няхай сабе мячы куюцца, куюцца для крыжа цвікі,
і ладзяцца табе спакусы, спужаць, купіць, захамутаць... За ўзор сабе ты ўзяў Ісуса. Не дай святое растаптаць...
* * *
Я не забыўся, дзе мой родны дом, я кожны дзень яго прыпамінаю: ці з-за стала ўстаю, ці ў ложку засынаю, і ў дождж, і ў снег, і раніцай, і днём.
Маё дзяцінства мне ўваччу стаіць – і з печы блін, і баразна у полі. Як мне забыць? Я – частка горкай долі. Што я адтуль, мне проста не ўтаіць.
Ніколі не вярнуся ўжо туды, у гэны час, гаротны і пяшчотны. Прыжыўся ў іншым месцы я, залётны, а ўсё вяртаюся ў дзіцячыя гады.
* * *
Зноў вяртаюся з падарожжа, а няўпэнены быў, ці вярнуся ... Са слязамі шапчу: «Як прыгожа На Радзіме маёй – Беларусі...»
Быццам бы аніколі не бачыў нашых вёсачак, нашы палеткаў, «мерседэсаў» ля новых дачаў, і з грыбамі мурзатых падлеткаў.
Гэта ж наша ўсё – і прысады, і цялё, што за студняй пасецца, і на возе малыя, што рады, як пад імі той воз трасецца.
Тое ж самае ўсё – ды не тое, Беларусь мая твар свой змяняе. Хай жа боскае ў ёй, святое цень ніякі не засланяе.
* * *
Прабіўся я цяжка праз голад і сцюжы, праз жорсткія пасткі, што ставіў мне лёс. Не стаўся нахабны, ні вёрткі, ні дужы, праз продань нявыкруткі Бог мяне нёс.
Не сумняваюся: верыць – не верыць? Вера мне моцы ў жыцці надае. А звычка свой поспех «зялёнымі» мераць да слабай душы маёй не прыстае.
Прыходжу на фініш. Ні славы, ні грошай... Я не наўчыўся дабро набываць. Затое валодаю мудрай раскошай: на беды не скардзіцца, звягі трываць.