Выбрать главу
* * *
Яна сядзела злева ля вакна, а ён круціўся, як з сабой ні біўся. Хлапца зусім не бачыла яна. Ён злосным неслухам рабіўся.
Тры кучаравінкі каля яе вушэй... Вачэй не адрываў ад іх, нябога. У свеце анікога харашэй і разумней не ведаў ён нікога.
Яшчэ і сёння вобраз той жывы... Як склаўся лёс яе? Жывецца «кучарава»? Не павярнула аніразу галавы убок яго, дурненькага, направа...
* * *
Вакол мяне настала ціша, як быццам і няма мяне. Ніхто не звоніць і не піша, і проста так не зазірне.
Я не прывык да адзіноты, мне сэрца ад яе баліць. Меў сябра, з жартам, анекдотам, і меў гатовага наліць.
Чакаю, можа, хто заскочыць, без мэты, так, пагаманіць. Душа камунікацый хоча, яе ніяк мне не змяніць.
Сяджу, нуджуся і чакаю, на двор праз шыбу глядзь-паглядзь. Вось так паволі прывыкаю з сабой, самотным, размаўляць.
* * *
Люблю падацца ў белы свет, у шлях нязнаны і няблізкі, купіць да пункта N білет, жыць без нагляду і прапіскі.
Пакінуўшы свой родны дах, пакуль душа зноў не заные, павандраваць па гарадах, дзе ёсць музеі і піўныя.
Худым, счарнелым, з барадой вярнуцца і паспавядацца… Піць роднай мовы сырадой, і ад зласліўцаў адбівацца.
* * *
Неба пацямнела ўжо і пайшлі дажджы, гамана цішэе ў лістоце густой. Чуецца настойлівы шэпт: «Дапамажы!» Мне чужым здаецца ўласны голас свой.
Да каго звяртацца мне і каго гукаць... Неба патыхае першым халадком. Што даўно мінула, больш не адшукаць: вечнасцю засыпана, жвірам і пяском.
Я іду разгублены праз глухі натоўп, сяброў не знаходжу, не бачу радні. Аб сцяну каменную разбіваю лоб. Цемра непраходная... Божа барані...
* * *
Гэта дзіўна – як мы давяраем словам, што пачулі ад людзей. Бестурботныя, не правяраем, добры чалавек, ці ліхадзей.
Прасцякі мы, поўныя наіву, часта зноў не пазнаём ліхіх... Не прыдатныя да супраціву, мы хутчэй любіць гатовы іх.
Нам жывецца мулка і нялёгка, ды не хочам пра бяду крычаць. Коцяцца калёсы. Вельмі дрогка. Бомкі шчасця у вушах гучаць.
* * *
Ужо і сонейка ўставала, клі мы выйшлі з-за стала. Размова жорсткаю была. Абодвум словаў не хапала.
Спрачаліся: дабро ці зло дужэйшае – што пераможа, як перажыць навалы гожа, душа ёсць цемра ці святло.
І ўвогуле, які ў тым сэнс, што мы ўсё лепшага чакаем, а рэчаіснасці ўнікаем, бо рэчаіснасць – гэта стрэс.
І ясны дзень настаў даўно, а мы спрачаліся бясконца, гуляла колерамі сонца праз недапітае віно.
* * *
Я прызнаю сваю віну, у тым, што ў свеце грэху многа,
сваю таксама даніну я ўнёс, не слухаючы Бога.
Паслухаўся ерэтыкоў, паверыў, што я нешта значу без веры ў боскую любоў, у найвялікшую задачу:
жыць і душою не крывіць, ў няпраўдзе не шукаць карысці...
Хачу жыццё я абнавіць...
У дабрыні шукаю выйсця.
* * *
Ад гучнай фразы да маленькай коскі я навучыўся грамаце усёй у непрыкметнай беларускай вёскі, настаўніцы, дарадчыцы маёй.
Яна мне песень ціхіх наспявала, яна мне сцежкі разаслала ў свет, бывала, што і пальцам мне ківала, калі ступаў у крываваты след.
Так і жыву па простых тых уроках, якія я праходзіў кожны дзень… Мне маляўнічасць бачыцца ў аблоках… Дарма што ад святла бывае цень…