Выбрать главу

Мікалай Гогаль

Рэвізор

Дарма на люстэрак крывіцца, калі сам крывы.

Народная прыказка

Дзейныя асобы

Антон Антонавіч Сквозьнік-Дмуханоўскі, гараднічы.

Ганна Андрэеўна, ягоная жонка.

Мар’я Антонаўна, ягоная дачка.

Лукаш Лукашовіч Хлопаў, інспэктар школаў.

Жонка ягоная.

Амос Хведаравіч Ляпкін-Цяпкін, судзьдзя.

Арцём Піліпавіч Земляніка, апякун богугодных установаў.

Іван Кузьмовіч Шпёкін, паштмайстар.

Пётра Іванавіч Добчынскі } гарадзкія дамаўласьнікі.

Пётра Іванавіч Бобчынскі }

Іван Аляксандравіч Хлестакоў, чыноўнік ізь Пецярбургу.

Восіп, ягоны служка.

Хрысьціян Іванавіч Гібнэр, паветавы лекар.

Хведар Андрэевіч Люлюкоў }

Іван Лазаравіч Растакоўскі  } адстаўныя чыноўнікі, паважаныя асобы ў горадзе.

Сьцяпан Іванавіч Каробкін   }

Сьцяпан Ільлёвіч Ухавёртаў, паліцыйны прыстаў.

Сьвістуноў      }

Пугаўкін          } паліцыянты.

Дзяржыморда }

Абдулін, купец.

Хаўроньня Пётраўна Паплешына, сьлесарыха[1].

Жонка унтэр-афіцэра.

Міхалка, служка гараднічага.

Служка заезду.

Госьці, купцы, мяшчане, просьбіты.

Характары і касьцюмы

Зацемкі спадаром акторам

Гараднічы, ужо пастарэлы на службе й дужа ня дурны, як па-свойму, чалавек. Хоць і хабарнік, аднак захоўваецца дужа салідна, даволі паважны, крыху нават рэзанэр; гаворыць ні заголасна, ні заціха, ні зашмат, ні замала. Ягонае кажнае слова важкае. Рысы твару ў яго грубыя й жорсткія, як у кажнага, хто пачаў цяжкую службу ад ніжэйшых чыноў. Пераход ад страху да радасьці, ад нізоты да хванабэрыі, даволі шпаркі, як у чалавека з груба-разьвітымі нахіламі душы. Ён апранены звычайна ў сваім мундзеры з зашплікамі і ў батфортах із шпорамі. Валасы ў яго стрыжаныя, зь сівізною.

Ганна Андрэеўна, ягоная жонка, правінцыяльная какетка, яшчэ не зусім паджылых год, узгадаваная напалавіну на раманах, альбомах, напалавіну на клопатах у сваёй каморы і дзявічнай. Дужа цікаўная й пры нагодзе выказвае пустахвальства. Бярэ часам уладу над мужам таму толькі, што той не знаходзіцца, што адказваць ёй; але ўлада гэтая пашыраецца толькі на драбніцы й палягае на вымовах і насьмешках. Яна чатыры разы пераапранаецца ў розныя сукні на працягу п’есы.

Хлестакоў, малады чалавек год дваццацёх трох, тоненькі, худзенькі, крыху прыдуркаваты і, як кажуць, без цара ў галаве, — адзін із тых людзей, якіх у канцылярыях называюць пусьцейшымі. Гаворыць і дзеіць без усялякага меркаваньня. Ён ня ў стане спыніць сталае ўвагі над якой-небудзь думкаю. Гаворка ягоная адрывістая, і словы вылётаюць із вуснаў ягоных зусім неспадзявана. Чым больш выканавец гэтае ролі пакажа чыстасэрдзя й прасьціні, тым больш ён выйграе. Апранаецца паводле моды.

Восіп, служка, такі, якімі зазвычай бываюць служкі крыху паджылых год. Гаворыць паважна, пазірае крыху ўніз, рэзанэр і любіць самому сабе чытаць маралы для свайго пана. Голас ягоны блізу заўсёды роўны, у гаворцы з панам набывае суворы, адрывісты й крыху навет грубы выраз. Ён разумнейшы за свайго пана і таму хутчэй здагадваецца, але ня любіць зашмат гаварыць, і таму моўчкі круцель. Касьцюм ягоны — шэры ці сіні падношаны сурдут.

Бобчынскі й Добчынскі, абодвы нізенькія, кароценькія, дужа цікаўныя; надзвычай падобныя адзін да аднаго: абодва зь невялічкімі пузікамі, абодва гавораць хуценька й надзвычай шмат памагаюць гэстамі й рукамі. Добчынскі крыху вышэйшы, паважнейшы за Бобчынскага, але Бобчынскі разьвязьнейшы й жвавейшы за Добчынскага.

Ляпкін-Цяпкін, судзьдзя, чалавек, які прачытаў пяць ці шэсьць кніжок і таму крыху вальнадумны. Вялікі ахвотнік да здагадкаў, таму кожнаму свайму слову надае вагу. Выканавец гэтай ролі павінен заўсёды захоўваць на сваім твары мнагазначную міну. Гаворыць басам із даўгаватым расьцягам, хрыпам і сапам, як старэтны гадзіньнік, які перш сіпіць, а тады ўжо б'е.

Земляніка, апякун богугодных установаў, дужа таўсты, непавароткі, нязграбны чалавек; але пры ўсім тым пройда й круцель. Дужа прыслужлівы й мітусьлівы.

Паштмайстар, прастадушны да наіўнасьці чалавек.

Рэшта роляў не патрабуець асаблівых тлумачэньняў; арыгіналы іхныя заўсёды бадай знаходзяцца перад вачыма.

вернуться

1

У Гогаля — «Февронья Петровна Пошлепкина». У дзеі чацьвертай, зьяве 11 яе прозьвішча названае ў перакладзе як «Пашлёпкіна» (Тут і далей заўвагі публікатара).