Выбрать главу

Хлестакоў. Не, ня хочу! Я ведаю, што значыць на іншую гасподу: гэта значыць — у турму. Ды якое самі маеце права, ды як самі важыцеся!.. Ды вось я… Я служу ў Пецярбургу. (Горда). Я, я, я…

Гараднічы (набок). О, Божухна ды бацюхна, які злосны! Усё даведаўся, усё расказалі праклятыя купцы!

Хлестакоў (харобрачыся). Ды вось вы тут хоць з усёй сваёй камандаю — не пайду! Я проста да міністра! (Стукае кулаком па стале). Што вы? што вы?

Гараднічы (выцягнуўшыся й калоцячыся ўсім целам). Зьлітуйцеся, не загубеце! Жонка, дзеткі дробныя… не зрабеце няшчасным чалавека!

Хлестакоў. Не, я ня хочу! Во йшчэ! мне што да таго? Затое, што ў саміх жонка й дзеці, я мушу йсьці ў турму, во любата!

Бобчынскі выглядае празь дзьверы і ў сполаху хаваецца.

Не, дзякуй шчыра, ня хочу!

Гараднічы (калоцячыся). Бяз практыкі, дальбог, бяз практыкі. Незаможнасьць стану. Самі майце ласку разважыць, дзяржаўнае пэнсіі не стае навет на хлеб із квасам. Калі-ж і былі якія хабаркі, дык самая драбяза: на стол што-небудзь ды на пару адзежыны. Што-ж да унтэр-афіцэрскае ўдавы, што займаецца купецтвам, якую я быццам-бы адлупцаваў, дык гэта паклёп, дальбог, паклёп. Гэта выдумалі злосьнікі мае; гэта такі народ, што на жыцьцё маё гатовы замахнуцца.

Хлестакоў. Ды што, мне няма анічога да іх… (У развазе). Я ня ведаю, аднак-жа, навошта самі кажаце пра злосьнікаў ці пра нейкую унтэр-афіцэрскую ўдаву… Унтэр-афіцэрская жонка зусім што іншае, а мяне самі ня важцеся лупцаваць, да гэтага самім задалёка. Во йшчэ! глянь ты які! Я заплачу грошы, ды ў мяне цяпер няма. Я таму й сяджу тутака, што ў мяне няма ні капейкі.

Гараднічы (набок). О, тонкая штука! Вунь куды шпургануў! Якога туману напусьціў! разчапі, хто хоча! Ня ведаеш чалавек, зь якога боку і ўзяцца. Ну, ды ўжо-ткі паспрабаваць ні куды йшло! Што будзе, тое будзе, паспрабаваць[3] (Уголас). Калі самі праўда маеце патрэбу на грошы ці на што іншае, дык я гатовы служыць зараз-жа. Мая павіннасьць дапамагаць праежджым.

Хлестакоў. Дайце, пазычце мне! Я зараз расплачуся з гаспадаром. Мне каб толькі рублёў дваста ці хоць навет і менш.

Гараднічы (падносячы папяроўнік). Акурат дваста рублёў, хоць і ня турбуйцеся лічыць.

Хлестакоў (бяручы грошы). Шчыра дзякую! Я самім адразу-ж адашлю іх із двара… у мяне гэта раптам… Я бачу, самі дабрародны чалавек! Цяпер што іншае.

Гараднічы (набок). Ну, дзякуй Богу, грошы ўзяў. Справа, здаецца, пойдзе цяпер на лад. Я-ткі яму заміж двухсот чатырыста ўстрычыў.

Хлестакоў. Гэй, Восіп!

Восіп уваходзіць.

Пакліч сюды гаспадаровага служку. (Да гараднічага й Добчынскага.) А што-ж самі стаіцё? Зрабеце ласку, сядайце. (Добчынскаму). Сядайце, дужа прашу.

Гараднічы. Дарма, мы й так пастаімо.

Хлестакоў. Зрабеце ласку, сядайце. Я цяпер бачу зусім шчырасьць вашага характару і ветласьць, а то, прызнаюся, я ўжо думаў, што вы прыйшлі, каб мяне…. (Добчынскаму). Сядайце!

Гараднічы й Добчынскі сядаюць. Бобчынскі выглядае празь дзьверы й прыслухоўваецца.

Гараднічы (набок). Трэ быць сьмялей. Ён хоча, каб мелі яго за інкогніту. Добра, падпусьцім і мы тарэсы: удадзём, як быццам і зусім ня ведаем, што ён за чалавек. (Уголас). Мы, праходжваючыся ў справах службы, вось ізь Пётрам Іванавічам Бобчынскім, тутэйшым дамаўласьнікам, зайшліся ў гасьціньніцу, каб даведацца, ці добра маюцца праежджыя, бо я ня гэтак, як іншы гараднічы, якому ні да чога няма нічога; але я, апрача службы, із хрысьціянскае чалавекалюбасьці, хочу, каб кажнаму сьмяротнаму давалася добрае прыняцьце — і вось, як быццам за нагароду, выпадак падараваў такое прыемнае знаёмства.

Хлестакоў. Я таксама й сам вельмі рады. Без саміх я, прызнаюся, доўга праседзеў-бы тутака: зусім ня ведаў, чым заплаціць.

Гараднічы (набок). Але-ж, распраўляй, ня ведаў, чым заплаціць! (Уголас). А ці паважуся спытацца, куды і ў якія мясьціны самі маеце ласку ехаць?

Хлестакоў. Я еду ў Саратаўскую губэрню, у свой двор.

вернуться

3

Далей у рукапісе адно слова неразборліва.