Мар’я Антонаўна. Ах, мамуленька, самі больш чырвенная дама!
Ганна Андрэеўна. Кепства, зусім кепства! Я ніколі ня была чырвенная дама. (У пасьпеху выходзіць разам із Мар’яй Антонаўнай і гаворыць за сцэнай). Гэтакае раптам уроіцца: чырвенная дама! Бог ведае, што такое!
Зьява IV
Восіп. Куды тут?
Міхалка. Сюды, дзядзечка, сюды!
Восіп. Чакай, перш дай адсапнуцца. Ах ты, гаротнае жыцьцё! на пустое чэрава кажная ношка зацяжкой выдаецца.
Міхалка. Што, дзядзечка, скажэце, хутка будзе ганарал?
Восіп. Які ганарал?
Міхалка. Ды пан саміх.
Восіп. Пан? ды які ён ганарал?
Міхалка. А хіба не ганарал?
Восіп. Ганарал, ды толькі з другога боку.
Міхалка. Што-ж? болей ці меней за праўдзівага ганарала?
Восіп. Болей.
Міхалка. Бач то як! то-ж бо то, у нас замітусіліся.
Восіп. Слухай адно, хлопча: ты, бачу я, пракідкі дзяцюк; ану, наладзь нам чаго ўкусіць.
Міхалка. Ды для саміх, дзядзечка, яшчэ нічога не гатовае. Простае стравы самі ня будзеце есьці, а вось як пан саміх сядзе да стала, дык і самім тае-ж стравы ўзычаць.
Восіп. Ну, а з простае, дык што ў вас ёсьць?
Міхалка. Капуста, каша ды перапечкі.
Восіп. Давай іх, капусту, кашу ды перапечкі! Дарма, усё будзем есьці. Ну, панясем куфэрак! Што, другі выхад ёсьць?
Міхалка. Ёсьць.
Зьява V
Хлестакоў. Добрыя ўстановы! Мне падабаецца, што ў вас паказваюць праежджым усё ў горадзе. У іншых гарадох мне нічога не паказвалі.
Гараднічы. У іншых гарадох, адважуся далажыць самім, кіраўнікі гораду й чыноўнікі больш рупяцца аб сваёй карысьці; а тутака, можна сказаць, няма іншае подумкі, апрача тае, каб дабрачыньнем і пільнасьцяй заслужыцца на ўвагу начальства.
Хлестакоў. Сьнеданьне было вельмі добрае; я зусім аб’еўшыся. Што, у вас штодня бывае гэткае?
Гараднічы. Знарок дзеля такога прыемнага гасьця.
Хлестакоў. Я люблю пад’есьці. Гэта-ж на тое жывеш, каб зрываць краскі прыемнасьці. Як называлася гэная рыба?
Арцём Піліпавіч (падбягаючы). Лабардан.
Хлестакоў. Вельмі смачная! Дзе гэта мы сьнедалі? у больніцы, ці што?
Арцём Піліпавіч. Чыста так, у богугоднай установе.
Хлестакоў. Памятаю, памятаю, там стаялі ложкі. А хворыя ачунялі? там іх, здаецца, няшмат.
Арцём Піліпавіч. Чалавекаў зь дзесяць засталося, ня больш; а рэшта ўсе ачунялі. Гэта ўжо так уладжана, такі парадак. Ад тых дат, як я пераняў начальства, можа, самім здасца навет няверыгодным, усе, як мухі, ачуньваюць. Хворы ня ўправіцца ўвайсьці ў лязарэт, як ужо здаровы; і ня гэтулькі мэдыкамэнтамі, колькі сумленнасьцяй і парадкам.
Гараднічы. Ужо навошта, адважуся самім далажыць, галовістая павіннасьць гараданачальніка! Гэтулькі ляжыць усялякіх справаў што да аднае чысьціні, падладаў, падправаў… словам, найразумнейшы чалавек прыйшоў-бы ў затлумленьне, але, дзякаваць Богу, усё йдзе шчасьліва. Іншы гараднічы, ведама, рупіўся-б аб сваіх выгодах; але ці дасьцё веры, што навет калі кладзешся спаць, усё думаеш: «Божухна-Бацюхна ты мой, як-бы гэтак уладзіць, каб начальства ўгледзела маю шчырасьць і было задаволенае?..» Узнагародзіць яно ці не, ведама, у ягонай волі, прынамся я буду супакойны на сэрцы. Калі ў горадзе ўва ўсім парадак, вуліцы вымеценыя, арыштанты добра маюцца, п’яніцаў мала… дык чаго-ж мне болей? Дальбожачка, і чэсьці ніякае ня хочу. Яно, пэўна-ж, прынадна, але перад дабрачыннасьцяй — усё попел і марнасьць.
Арцём Піліпавіч (набок). Вось дзе дзяньдзівір, як расьпісвае! даў жа Бог гэткі талент!
Хлестакоў. Гэта праўда. Я, прызнаюся, люблю таксама часам загаловіцца: іншым разам прозаю, а іншым і вершык выкінецца.