Выбрать главу

Бобчынскі (Добчынскаму). Справядліва, усё справядліва, Пётра Іванавічу! Заўвагі такія… відаць, што навукаў вучыўся.

Хлестакоў. Скажэце, на ласку, ці няма ў вас якіх забаваў, таварыстваў, дзе можна было-б, прыкладам, згуляць у карты?

Гараднічы (набок). Эгэ, ведаем, галубочку, у чый гародчык каменьчыкі шпурляюць! (Уголас). Крый Божа! Тутака й чуць не пачуеш пра такія кумпаніі. Я картаў і ў рукі ніколі ня браў; нат ня ведаю, як гуляць у карты. Глядзець на іх не магу спакойна, а калі здарыцца згледзець гэтак якога званковага караля ці што-небудзь іншае, дык гэткая агіда апануе, што, проста, плюнеш чалавек. Аднойчы нек здарылася, забаўляючы дзяцей, злажыў будку з картаў, дык пасьля гэтага цалюткую ноч сьніліся, праклятыя! Бог ізь імі! Як можна, каб такі дарагі час марнаваць на іх.

Лукаш Лукашовіч (набок). А ў мяне, падлюга, выпантаваў учора сто рублёў.

Гараднічы. Балазей-жа я ўжыву гэты час на карысьць дзяржаўную.

Хлестакоў. Ну, не, самі дарэмна, аднак-жа… Усё залежыць ад таго, зь якога боку хто глядзіць на рэч. Калі, прыкладам, забастуеш, тымчасам як трэба гнуць ад трох рагоў… ну тады, ведама!.. Не, не кажэце, часам вельмі прынадна згуляць.

Зьява VI

Тыя самыя, Ганна Андрэеўна й Мар’я Антонаўна.

Гараднічы. Адважуся пазнаёміць сямейку маю: жонка й дачка.

Хлестакоў (раскланьваючыся). Які я шчасьлівы, спадарыня, што маю ў сваім сэньсе прыемнасьць саміх бачыць.

Ганна Андрэеўна. Нам яшчэ больш прыемна бачыць такую асобу.

Хлестакоў (рысуючыся). Дайце рады, спадарыня, зусім наадварот: мне йшчэ прыямней.

Ганна Андрэеўна. Як-жа можна! Самі гэта так маеце ласку казаць, дзеля камплімэнту. Прашу шчыра, сядайце.

Хлестакоў. Каля саміх стаяць ёсьць ужо шчасьце; зрэшты, калі самі так канечна жадаеце, я сяду. Які я шчасьлівы, што, нарэшце, сяджу каля саміх.

Ганна Андрэеўна. Дайце рады, я ніяк ня важуся прыняць на сябе. Я думаю, самім пасьля сталіцы ваяжаваньне выдалася вельмі прыкрым.

Хлестакоў. Надзвычай прыкрым. Звыкшы жыць, comprenez vous, у сьвеце, і раптам апыніцца ў дарозе — брудныя корчмы, цемра невуцтва… Калі-б, прызнаюся, не такая нагода, якая мяне… (паглядае на Ганну Андрэеўну й рысуецца перад ёй) гэтак узнагародзіла за ўсё…

Ганна Андрэеўна. Запраўды, як самім мусіць быць няпрыемна!

Хлестакоў. Зрэшты, спадарыня, гэтае часіны мне вельмі прыемна.

Ганна Андрэеўна. Як-жа можна! Самі робіце багата гонару. Я на гэта не заслугоўваю.

Хлестакоў. Чаму-ж не заслугоўваеце? Самі, спадарыня, заслугоўваеце.

Ганна Андрэеўна. Я жыву на вёсцы…

Хлестакоў. Але, вёска, зрэшты, таксама мае свае ўзгоркі, ручайкі… Ну, пэўна-ж, хто параўнае да Пецярбургу! Гэх, Пецярбург! Што за жыцьцё, праўда-ж! Вы, можа, думаеце, што я толькі перапісваю; не, начальнік аддзяленьня са мной у сябрах. Гэтак стукне па плячы: «Прыходзь, братка, на абед!» Я толькі на дзьве часінкі заходжуся ў дэпартамэнт, толькі каб сказаць, гэта вось гэтак, гэта вунь гэнак. А там ужо чыноўнік для пісьма, гэнтакі пацучына, пяром толькі — тртр… пайшоў пісаць! Хацелі былі навет мяне на калескага асэсара зрабіць, ды, думаю, навошта. І стораж ляціць яшчэ на сходах за мною із шчоткаю: «Дазвольце, Іване Аляксандравічу, я самім, — кажа, — боты выляксую». (Да гараднічага). Што вы, спадары, стаіце? Калі ласка, сядайце!

Разам:

Гараднічы. Чын такі, што йшчэ можна пастаяць.

Арцём Піліпавіч. Мы пастаімо.

Лукаш Лукашовіч. Будзьце ласкавенькі, ня турбуйцеся!

Хлестакоў. Бяз чыноў, прашу сядаць.

Гараднічы і ўсе сядаюць.

Наадварот, я навет стараюся заўсёды прасьлізнуць няўзнак[6]. Ды ніяк нельга схавацца, ніяк нельга! Толькі выйду куды, ужо й кажуць: «Вунь, — кажуць, — Іван Аляксандравіч ідзе!» А аднойчы на мяне падумалі, што галоўнакамандуючы, салдаты выскачылі з гаўптвахты й зрабілі стрэльбаю. Пасьля афіцэр, які мне вельмі знаёмы, кажа мне: «Ну, братка, мы цябе зусім узялі за галоўнакамандуючага».

Ганна Андрэеўна. Скажэце, як!

Хлестакоў. З прыгожанькамі артысткамі знаёмы. Я-ж таксама розныя вадэвільчыкі… літаратараў часта бачу. Із Пушкіным у сябрах. Бывала, часта кажу яму: «Ну, што, браце Пушкін?» — «Ды так, браце, — адказваў бывала, — там неяк усё…» Вялікі арыгінал.

вернуться

6

Перад гэтым сказам «Я не люблю церемонии» — не перакладзеная фраза.