Ганна Андрэеўна. Дык самі й пішаце? Як гэта мусіць быць прыемна пісьменьніку! Самі, пэўна, і ў журналы зьмяшчаеце?
Хлестакоў. Але, і ў журналы зьмяшчаю. Маіх, зрэшты, багата ёсьць твораў: «Вясельле Фігаро», «Робэрт Д'ябал», «Норма». Ужо й назоваў навет не памятаю. І ўсё выпадкам: я не хацеў пісаць, ды тэатральная дырэкцыя кажа: «Калі ласка, братачка, напішы што-колечы». Думаю сабе: «Бадай, калі ласка, братка!» І тут-жа за адзін вечар, здаецца, усё напісаў[7]. У мяне лёгкасьць нязвычайная ў думках. Усё гэта, што было пад імём барона Брамбэуса, «Фрэгат Надзеі» й «Маскоўскі тэлеграф»… усё гэта я пісаў.
Ганна Андрэеўна. Скажэце, дык гэта самі былі Брамбэус?
Хлестакоў. Як-жа! Я ім усім папраўляю вершы[8]. Мне Сьмірдзін дае за гэта сорак тысячаў.
Ганна Андрэеўна. Дык, пэўна, і «Юры Міласлаўскі» саміх твор?
Хлестакоў. Але, гэта мой твор.
Ганна Андрэеўна. Я адразу здагадалася.
Мар’я Антонаўна. Ах, мамуленька, тамака напісана, што гэта Загоскінаў твор.
Ганна Андрэеўна. Ну, вось я й ведала, што навет і тут будзеш пярэчыць.
Хлестакоў. Ах, але, гэта праўда: гэты, якурат, Загоскінаў, а ёсьць другі «Юры Міласлаўскі», дык гэны ўжо мой.
Ганна Андрэеўна. Ну гэта, пэўна, я саміх чытала. Як хораша напісана!
Хлестакоў. Я, прызнаюся, літаратурай існую. У мяне дом першы ў Пецярбурзе. Гэтак ужо й знаны: дом Івана Аляксандравіча. (Зварачаючыся да ўсіх). Зрабеце ласку, спадары, калі будзеце ў Пецярбурзе, прашу, прашу да мяне. Я-ж таксама й баляваньні задаю.
Ганна Андрэеўна. Я думаю, зь якім там густам і пышнасьцяй задаюць баляваньні!
Хлестакоў. Проста не кажэце. На стале, прыкладам, кавун — на семсот рублёў кавун. Булён у гаршчэчку проста на параплаве прыплыў з Парыжу; адымуць вечка — пара, падобнае да якой нельга адшукаць у прыродзе. Я штодня на баляваньнях. Там у нас і віст свой злажыўся: міністар замежных справаў, францускі пасланьнік, нямецкі пасланьнік і я. І ўжо гэтак уходаешся, гуляючы, што, проста, нікуды ня варта. Як ускруцішся па сходах да сябе на чацьверты паверх — скажаш адно кухарцы: «Маеш, Маўруся, шынэль…» Што-ж гэта я хлушу — я й забыўся, што жыву ў бэльэтажы. У мяне адны сходы… А цікава зірнуць да мяне ў сходню, калі я йшчэ не прачнуўшыся: графы й князі таўкуцца й гудуць там, як чмялі, толькі й чуваць: ж… ж…. ж…. Іншым разам і міністар…
Мне навет на пакетах пішуць «ваша дастойнасьць». Аднойчы я навет кіраваў дэпартамэнт. І дзіва: дырэктар выехаў — куды выехаў, няма ведама. Ну, натуральна, пайшлі расправы: як, што, каму заняць месца? Шмат із гэнэралаў знаходзіліся ахвотнікаў, і браліся, але пойдуць, бывала, — не, мудравата! Здаецца, і лёгка на вока, а разгледзецца — проста ліха што! Бачаць, нічога не парадзіш — да мяне. І тае ж часіны па вуліцах — кур’еры, кур’еры, кур’еры… можаце ўявіць сабе, трыццаць пяць тысячаў адных кур’ераў! Якое палажэньне? — пытаюся. «Іване Аляксандравічу, ідзеце дэпартамэнт кіраваць!» Я, прызнаюся, крыху сумеўся, выйшаў у халаце, хацеў адмовіцца, але думаю: дойдзе да імпэратара, ну, ды й паслужны сьпіс таксама… «Калі ласка, спадары, я прыймаю становішча, я прыймаю, — кажу, — так і будзь, — кажу, — я прыймаю, толечкі ўжо ў мяне: ні, ні, ні! ужо ў мяне вуха найстрыць! ужо я…» І праўда, бывала, праходжу праз дэпартамэнт — проста землятрус, усё дрыжыць, калоціцца, як ліст.
О, я жарцікаў ня люблю: я ім усім задаў постраху! Мяне сама Дзяржаўная рада баіцца. Ды што запраўды? Я гэткі! я не паляджу на нікога… я кажу ўсім: «Я сам сябе ведаю, сам». Я ўсюды, усюды. У палацы штодня ежджу. Мяне заўтра-ж зробяць зараз фэльдмарш… (Пасьлізгоўваецца і ледзь-ледзь ня валіцца на падлогу, але з пашанаю падтрымваецца чыноўнікамі).
Гараднічы (падыходзячы й калоцячыся цэлым целам, намагаецца вымавіць). А ва-ва-ва… ва…
Хлестакоў (шпаркім адрывістым голасам). Што такое?
Гараднічы. А ва-ва-ва… ва…
Хлестакоў (такім самым голасам). Не рашчую нічога, усё дурное.
Гараднічы. Ва-ва-ва… шасьць, дастойнасьць, ці не загадаеце адпачыць… вось і пакой, і ўсё, што трэба.