Спадары акторы асабліва павінны ўзяць увагу на апошнюю сцэну. Апошняе праказанае слова павінна зрабіць электрычны ўскалот на ўсіх — адразу, раптам. Уся група павінна зьмяніць палажэньне за адно вокамгненьне. Гук зьдзіўленьня павінен вырвацца ўва ўсіх жанок разам, як быццам із адных грудзей. Ад незахаваньня гэтых заўвагаў можа зьнікнуць увесь эфэкт.
Дзея першая
Зьява І
Гараднічы. Я запрасіў вас, спадары, каб паведаміць вам вельмі паганую навіну: да нас едзе рэвізор.
Амос Хведаравіч. Як, рэвізор?
Арцём Піліпавіч. Як, рэвізор?
Гараднічы. Рэвізор ізь Пецярбургу, інкогніта. І яшчэ з сакрэтнай інструкцыяй.
Амос Хведаравіч. Вось табе маеш!
Арцём Піліпавіч. Вось ня мелі клопату, дык давай!
Лукаш Лукашовіч. Божухна-Бацюхна! Яшчэ й з сакрэтнай інструкцыяй.
Гараднічы. Я быццам прачуваў: сяньня мне цалюткую ноч сьніліся нейкія два нязвычайныя пацукі. Праўда-ж, гэткіх я ніколі ня бачыў: чорныя, нясусьветнае велічыні! Прыйшлі, панюхалі — і пайшлі прэч. Вось я вам прачытаю ліст, што меў я ад Андрэя Іванавіча Чмыхава, якога самі, Арцёме Піліпавічу, знаеце. Вось што ён піша: «Даражэнькі сябру, куме й дабрадзею (мармыча напаўголасу, прачытваючы хутка вачыма) — і паведаміць цябе…» Ага, вось: «Сьпяшаюся, між іншага, паведаміць цябе, што прыехаў чыноўнік з інструкцыяй агледзець усю губэрню й асабліва наш павет (мнагазначна ўздымае палец угару). Я даведаўся гэта ад самаверыгодных людзей, хоць ён удае зь сябе прыватную асобу. Ведаючы, што за табою, як за кажным, вядуцца грашкі, бо чалавек ты разумны й ня любіш цадзіць праз пальцы, што плыве само ў рукі…» (спыніўшыся). Ну, тутака свае. — «…дык раю табе ўзяць перасьцярогу, бо ён можа наехаць кажнае гадзіны, калі толькі ўжо ня прыехаў і ня жыве дзе інкогніта… Учарайшага дня…» Ну, гэттака ўжо пайшлі справы сямейныя: «Сястра Ганна Кірылаўна прыехаўшы да нас із сваім мужам; Іван Кірылавіч вельмі рассыцеў і ўсё грае на скрыпцы» і іншае, і іншае. Дык вось якая акалічнасьць.
Амос Хведаравіч. Але-ж, акалічнасьць такая нязвычайная, проста нязвычайная. Нештачка нездарма.
Лукаш Лукашовіч. Навошта-ж, Антоне Антонавічу, із чаго гэта? Навошта да нас рэвізор?
Гараднічы. Навошта! Гэтак ужо, мабыць, доля. (Уздыхнуўшы). Дасюль, дзякаваць Богу, падкочваліся да іншых гарадоў, цяпер падыйшоў чарод да нашага.
Амос Хведаравіч. Я думаю, Антоне Антонавічу, што тутака тонкая й больш палітычная прычына. Гэта значыць вось што: Расея… але-ж… хоча ваяваць, дык-жа міністэрыя, во бачыце, і падаслала чыноўніка, каб даведацца, ці няма дзе здрады.
Гараднічы. Гэнь, куды маханулі! Яшчэ разумны чалавек! У паветавым горадзе здрада! Што ён, на ўзьмежку, ці што? Ды адсюль, хоць тры гады гані, да ніякае дзяржавы не даедзеш.
Амос Хведаравіч. Не, я самім скажу… самі ня гэта… самі ня… Начальства мае тонкія мэты: дарма, што далёка, а яно накручвае на вус.
Гараднічы. Накручвае ці не накручвае, а я вас, спадары, перасьцярог. Глядзеце! У сваёй галіне я сякія-такія распараджэньні зрабіў, раю й вам. Асабліва самім, Арцёме Піліпавічу! І ня думаць, праежджы чыноўнік захоча насамперш агледзець падначаленыя самім богугодныя ўстановы — і таму зрабеце так, каб усё было гожа: каптуры каб былі чыстыя, і хворыя не выглядалі-б на кавалёў, як зазвычай яны ходзяць па-свойску.
Арцём Піліпавіч. Ну, гэта йшчэ дарма. Каптуры, бадай, можна надзець і чыстыя.
Гараднічы. Але. І таксама над кажным ложкам надпісаць палаціне ці іншай якой моваю… гэта ўжо саміх частка, Хрысьціяне Іванавічу, — кажную хваробу, калі хто захварэўшы, каторага дня й даты… Нядобра, што ў вас хворыя такі сіберны тытун кураць, што заўсёды разачхаешся чалавек, увайшоўшы. Дый лепш, каб іх было меней: адразу запішуць на благі догляд ці на лекарава няўмельства.
Арцём Піліпавіч. О! Што да лекарства, мы з Хрысьціянам Іванавічам ужылі свае захады: чым бліжэй да натуры, тым лепш, — лекаў дарагіх мы ня ўжываем. Чалавек просты: калі памрэ, дык і так памрэ; калі ачуняе, дык і так ачуняе. Дый Хрысьціяну Іванавічу цяжкавата было-б зь імі паразумецца — ён па-нашаму ані слоўца ня ўмее.