Выбрать главу
Заслона[11].

Дзея чацьвертая

Той самы пакой у доме гараднічага

Зьява І

Выходзяць асьцярожна, мала не на пальчыках: Амос Хведаравіч, Арцём Піліпавіч, паштмайстар, Лукаш Лукашовіч, Добчынскі, Бобчынскі, усе ў поўным парадзе і ў мундзерах. Уся сцэна адбываецца напаўголасу.

Амос Хведаравіч (шыхтуе ўсіх паўколам). Дзеля Бога, спадары, хутчэй у гурток, ды як больш парадку. Бог і зь ім: і ў палацы езьдзіць, і дзяржаўную раду расьпякае. Стройцеся на вайсковую нагу, канечна на вайсковую нагу! Самі, Пётра Іванавічу, станьце вось гэттака[12].

Абодва Пятры Іванавічы забягаюць на пальчыках.

Арцём Піліпавіч. Як сабе хочаце, Амосе Хведаравічу, нам трэ было-б сёе-тое наладзіць.

Амос Хведаравіч. А што-ж-бы гэткае?

Арцём Піліпавіч. Ну, ведама што.

Амос Хведаравіч. Падсунуць?

Арцём Піліпавіч. Ну але, хоць і падсунуць.

Амос Хведаравіч. Небясьпечна, разгамоніцца: дзяржаўны чалавек. Хіба ў выглядзе падношаньня з боку дваранства — якую-небудзь памятку.

Паштмайстар. Або: вось, бач, прыйшлі поштаю грошы, няма ведама чые прыналежнасьці.

Арцём Піліпавіч. Глядзеце, каб ён саміх поштаю не патурыў куды за сьвет. Слухайце, гэтыя рэчы ня так робяцца ў упарадкаванай дзяржаве. Навошта нас гэттака цэлы эскадрон? Рэкамэндавацца трэба па адным ды сам-на-сам і гэнага… як там трэба; дык каб і вушы ня чулі! Вось як у грамадзянстве ўпарадкаваным робіцца. Ну, вось самі, Амосе Хведаравічу, першыя пачнеце.

Амос Хведаравіч. Дык лепш-жа самі: у саміх у ўстанове высокі госьць хлеба ўкаштаваў.

Арцём Піліпавіч. Дык ужо лепш Лукашу Лукашовічу, як прасьветніку моладзі.

Лукаш Лукашовіч. Не магу, не магу, спадары! Я, прызнаюся, гэтак узгадаваны, што, як загаворыць да мяне на адзін чын вышэйшы, у мяне прост і душы нямаш, і язык, як у балота, загруз. Не, спадары, аслабанеце, праўда-ж, аслабанеце!

Арцём Піліпавіч. Але-ж, Амосе Хведаравічу, апрача саміх няма каму. У саміх што ні слоўца, дык Цыцэрон зь языка зьляцеў.

Амос Хведаравіч. Што гэта! Што гэта! Цыцэрон! гляньце, што выдумалі! Што іншым разам захопішся чалавек, калі пра сабачую ганьню ці пра ганчака…

Усе (чапляюцца да яго). Не, самі-ж ня толькі пра сабакаў, самі й пра стаўпатварэньне… Не, Амосе Хведаравічу, не пакідайце нас, будзьце бацькам нашым!.. Не, Амосе Хведаравічу!

Амос Хведаравіч. Адкасьнецеся, спадары!

Тымчасам чуваць хада й адкашляваньне ў пакоі Хлестакова. Усе сьпяшаюцца на прамілы Бог да дзьвярэй, ціснуцца й намагаюцца выйсьці, што адбываецца не без таго, каб ня прыціснулі сяго-таго. Чуваць напаўголасу воклічы.

Голас Бобчынскага. Вой! Пётра Іванавічу, Пётра Іванавічу, нагу адціснулі!

Голас Землянікі. Пусьцеце, пусьцеце, пусьцеце хоць із душою — зусім прыцісьлі.

Вымыкаюцца колькі воклічаў: «ай! вой!» Нарэшце, усе выбіраюцца, й пакой застаецца пусты.

Зьява ІІ

Хлестакоў адзін, выходзіць із заспанымі вачамі.

Хлестакоў. Я, здаецца, нішто сабе храпануў. Адкуль яны набралі такіх пехцяроў і пярынаў? аж учаўрэў. Здаецца, яны ўчора мне падсунулі чагосьці на сьнеданьні: у галаве дасюль стукаціць. Тутака, я бачу, можна з прыемнасьцяй праганяць час. Я люблю ветласьць, і мне, прызнаюся, больш падабаецца, калі мне дагаджаюць ад шчырага сэрца, а ня тое, каб дзеля інтарэсу… А дачка гараднічага вельмі нішто сабе, дый матуля такая, што йшчэ можна-б… Не, я ня ведаю, а мне, праўда-ж, падабаецца такое жыцьцё.

Зьява ІІІ

Хлестакоў і судзьдзя[13].

Судзьдзя (уваходзячы й спыняючыся, сам сабе). Божа, Божа! вынясі шчасьліва; гэтак во каленцы й ломіць. (Уголас, выцягнуўшыся й прытрымваючы рукою шпагу). Маю гонар рэкамэндавацца: судзьдзя тутэйшага акруговага суда, калескі асэсар Ляпкін-Цяпкін.

Хлестакоў. Прашу сядаць. Дык самі тутака за судзьдзю?

Судзьдзя. Ад 816-га быў абраны на трохгодьдзе з волі дваранства й спраўляю службу да сяе пары.

вернуться

11

У арыгінале гэтага слова няма.

вернуться

12

У арыгінале: «Вы, Пётр Иванович, забегите с этой стороны, а вы, Пётр Иванович, станьте вот тут».

вернуться

13

У арыгінале тут і паўсюль далей да канца гэтай з’явы замест «Судья» — «Аммос Фёдорович».