Хлестакоў. А, прашу ласкі! Сядайце, сядайце! Ці ня хочаце цыгарачку? (Падаець яму цыгару).
Лукаш Лукашовіч (сам сабе, у ненаважнасьці). Вось табе штука! Ужо на гэта ніяк не падумаў. Браць ці ня браць?
Хлестакоў. Вазьмеце, вазьмеце; гэта людзкая цыгарка! Пэўна-ж, ня тое, што ў Пецярбургу. Там, бацюхна, я папакурваў цыгаркі па дваццаць пяць рублёў сотачка, прост ручкі сабе пасьля пацалуеш, як выкурыш. Вось агонь, закурэце. (Падаець яму сьвечку).
Хлестакоў. Ды не з таго канца!
Лукаш Лукашовіч (ад сполаху ўпусьціў цыгару, плюнуў і махнуў рукою, сам сабе). Ліхенька з усім! загубіла праклятая боязь!
Хлестакоў. Самі, як бачу, не ахвотнік да цыгаркаў. А я прызнаюся, гэта мая слабасьць. Вось яшчэ наконт жаноцкае палавіны, дык не магу быць бязуважным. Як самі? Якія самім больш падабаюцца, брунэткі ці блёндынкі?
Хлестакоў. Не, скажэце шчыра, брунэткі ці блёндынкі?
Лукаш Лукашовіч. Ня важуся ведаць.
Хлестакоў. Не, не, ня выкручвайцеся! Мне хочацца ведаць канечна саміх густ.
Лукаш Лукашовіч. Адважуся далажыць… (Набок). І сам ня ведаю, што кажу; у галаве ўсё пайшло карагодам.
Хлестакоў. А! А! ня хочаце сказаць. Пэўна, ужо якая брунэтка зрабіла самім маленькую загваздачку! Прызнайцеся, зрабіла?
Хлестакоў. А! А! пачырванелі, бачыце, бачыце! Чаму-ж самі ня кажаце?
Лукаш Лукашовіч. Забаяўся, ваша чэ…. дастой… яск… (Набок). Прадаў, прокляты язычына, прадаў!
Хлестакоў. Забаяліся? А ў мяне ўваччу, праўда, ёсьць штосьці гэткае, што наганяе боязі. Прынамся я ведаю, што ніводная жанчына ня можа іх вытрымаць, ці ж ня так?
Лукаш Лукашовіч. Так чыста.
Хлестакоў. Вось са мною дзівосьнейшы выпадак — у дарозе зусім пратраціўся. Ці ня можаце самі пазычыць трыста рублёў?
Лукаш Лукашовіч (хапаючыся за кішаню. Сам сабе). Вось-жа штука, калі няма! Ёсьць, ёсьць! (Выймае й падае, калоцячыся, асыгнацыі).
Хлестакоў. Шчыра дзякую.
Лукаш Лукашовіч. Ня важуся больш турбаваць быцьцём.
Хлестакоў. Бывайце.
Лукаш Лукашовіч (ляціць вон блізу бегма й гаворыць набок). Ну, дзякуй Богу! ану-ж не зазірне ў клясы.
Зьява VI
Арцём Піліпавіч. Маю гонар рэкамэндавацца: апякун богугодных установаў, надворны раднік Земляніка.
Хлестакоў. Дабрыдзень, шчыра прашу сесьці.
Арцём Піліпавіч. Меў гонар таварышаваць самім і прыймаць асабіста ў давераных майму дагляданьню богугодных установах.
Хлестакоў. А, але, памятаю. Самі вельмі добра пачаставалі сьнеданьнем.
Арцём Піліпавіч. Рады старацца на службу бацькаўшчыне.
Хлестакоў. Я прызнаюся, гэта мая слабасьць — люблю добрую кухню. Скажэце, калі ласка, мне здаецца, як быццам-бы ўчора самі былі крышку ніжэйшага росту, ці-ж ня праўда?
Арцём Піліпавіч. Вельмі магчыма. (Памаўчаўшы). Магу сказаць, што не шкадую нічога й шчыра спраўляю службу. (Прысоўваецца бліжэй із сваім крэслам і гаворыць напаўголасу). Вось тутэйшы паштмайстар ані нічога ня робіць: усе справы ў вялікім запушчэньні, пасылкі затрымваюцца… на ласку, знарок дасьледуйце самі. Судзьдзя таксама, які кагадзе быў перад маім прыходам, езьдзіць толькі на зайцоў, у прысудзкіх установах трымае сабакаў, і захоўваньня, калі прызнацца перад самімі, — ведама, дзеля карысьці бацькаўшчыны, я мушу гэта зрабіць, хоць ён мне сваяк і прыяцель, — захоўваньня самазаганнага. Тутака ёсьць адзін дамаўласьнік Добчынскі, якога самі мелі ласку бачыць, і толькі як гэны Добчынскі выйдзе куды здому, дык ён тамака ўжо й сядзіць у жонкі ў ягонае, я прысягнуцца гатовы… І знарок прыгледзьцеся да дзяцей: ніводнае зь іх не падобнае да Добчынскага, а ўсе, навет дзяўчынка маленькая, як уліты судзьдзя.
Хлестакоў. Скажэце, на ласку! А я ані гэтага ня думаў.
Арцём Піліпавіч. Вось і інспэктар тутэйшае школы. Я ня ведаю, як магло начальства даверыць яму гэткую пасаду. Ён горшы за якабінца, і такія натхняе нядобрамысныя правілы, што нат выказаць цяжка. Ці не загадаеце, я ўсё гэта вылажу лепш на паперы?