Выбрать главу

Хлестакоў. Добра, хоць на паперы. Мне вельмі будзе прыемна. Я, ведаеце, гэтак люблю нудным часам прачытаць што-небудзь пацешнае… Як саміх прозьвішча? Усё я забываюся.

Арцём Піліпавіч. Земляніка.

Хлестакоў. А, так! Земляніка. І што-ж, скажэце на ласку, ёсьць у саміх дзеткі?

Арцём Піліпавіч. А як-жа-ж! пяцёра; двое ўжо вырослыя.

Хлестакоў. Скажэце, вырослыя! а як іхны… як яны гэтага?..

Арцём Піліпавіч. Гэта значыць, ці ня маеце ласкі пытацца, як яны завуцца?

Хлестакоў. Але, як яны завуцца?

Арцём Піліпавіч. Мікалай, Іван, Альжбэта, Мар’я й Перапятуя.

Хлестакоў. Гэта добра.

Арцём Піліпавіч. Ня важачыся турбаваць сваім быцьцём, адбіраць часу, вызначанага на сьвяцейшыя абавязкі… (Раскланьваецца, каб адыйсьці).

Хлестакоў (прапускаючы). Не, дарма. Гэта ўсё вельмі сьмяхотна, што самі казалі. Калі ласка, і іншым таксама часам… Я гэта вельмі люблю. (Вяртаецца і, адчыніўшы дзьверы, крычыць наўздагон яму). Гэй, самі! Як саміх? Я ўсё забываюся, як саміх імя й па бацьку.

Арцём Піліпавіч. Арцём Піліпавіч.

Хлестакоў. Зрабеце ласку, Арцёме Піліпавічу, са мною дзіўное здарэньне: у дарозе чыста пратраціўся. Ці няма ў саміх грошай пазычыць рублёў чатырыста?

Арцём Піліпавіч. Ёсьць.

Хлестакоў. Скажэце, як дарэчы! Шчыра самім удзячны.

Зьява VII

Хлестакоў, Бобчынскі й Добчынскі.

Бобчынскі. Маю гонар рэкамэндавацца: жыхар тутэйшага гораду, Пётра, Іванаў сын, Бобчынскі.

Добчынскі. Абываталь Пётра, Іванаў сын, Добчынскі.

Хлестакоў. Я, ды я ўжо саміх бачыў. Самі, здаецца, тады зваліліся? Што, як у саміх нос?

Бобчынскі. Дзякуй Богу! Будзьце ласкавы не турбавацца: прысох цяперака, зусім прысох.

Хлестакоў. Добра, што прысох. Я рады… (Раптам і адрывіста). Грошай няма ў саміх?

Бобчынскі. Грошай? як грошай?

Хлестакоў. Пазычыць рублёў тысячу.

Бобчынскі. Такіх грошай, дальбог, няма. А ці няма ў саміх, Пётра Іванавічу?

Добчынскі. Пры сабе дык-жа нямашака, бо грошы мае, калі маеце ласку ведаць, пакладзеныя ў урад грамадзкага дагляду.

Хлестакоў. Але, ну калі тысячы няма, дык рублёў сто.

Бобчынскі (мацаючы па кішэнях). У саміх, Пётра Іванавічу, няма сту рублёў? У мяне ўсяго сорак асыгнацыямі.

Добчынскі. Дваццаць пяць рублёў усяго.

Бобчынскі. Ды самі пашукайце адно лепш, Пётра Іванавічу! У саміх тамака, я ведаю, у кішані вунь із правага боку распорак, дык-жа ў распорак, пэўне, як-колечы закінуліся.

Добчынскі. Не, праўда-ж, і ў распорку няма.

Хлестакоў. Ну, усёдна. Я-ж толькі так. Добра, хай будзе і шэсьцьдзесят пяць рублёў… гэта ўсёдна. (Бярэ грошы).

Добчынскі. Я адважваюся папрасіць саміх датычна аднае вельмі тонкай акалічнасьці.

Хлестакоў. А што гэта?

Добчынскі. Справа вельмі-ж тонкага характару: дык-жа старэйшы сын мой, маеце ласку бачыць, народжаны мною йшчэ перад жанімствам…

Хлестакоў. Так?

Добчынскі. Ці бо, яно гэтак толькі кажацца, а ён народжаны мною чыста як-бы і ў жанімстве, і ўсё гэта, як належыцца, я завяршыў пасьля законнымі-ж вязямі сужэнства-ж. Дык я, маеце ласку бачыць, хочу, каб ён цяпер ужо быў зусім, гэта знацца, законным маім сынам і зваўся-б гэтак, як я, Добчынскі.

Хлестакоў. Добра, хай завецца, гэта можна.

Добчынскі. Я-б не турбаваў саміх, ды шкада з-боку здольнасьцяў. Дык жа хлапчына такі… вялікія надзеі падае: напамяць вершы розныя раскажа і, калі дзе падхопіць ножык, зараз зробіць маленькую каламажачку так па-мастацку, чыста штукар. Вось і Пётра Іванавіч ведаюць.

Бобчынскі. Але-ж, вялікія здольнасьці мае!

Хлестакоў. Добра, добра! Я пра гэта пастараюся, я буду гаварыць… я спадзяюся… усё гэта будзе зроблена, але, але… (Да Бобчынскага). Ці ня маеце й самі чаго сказаць мне?

Бобчынскі. Як-жа, маю вельмі ніжэйшую просьбу.

Хлестакоў. А што, аб чым?

Бобчынскі. Я прашу саміх шчыра-шчыра, як паедзеце ў Пецярбург, скажэце ўсім тамака вяльможам розным, сэнатарам і адміралам, што вось, ваша яснасьць, ці дастойнасьць, жывець у такім а такім горадзе Пётра Іванавіч Бобчынскі. Гэтак і скажэце: жывець Пётра Іванавіч Бобчынскі.