Арцём Піліпавіч (расставіўшы рукі). Ужо як гэта здарылася, хоць забі, не магу вытлумачыць. Быццам туман якісь ашаламаніў, нячысьцік аблытаў.
Амос Хведаравіч. Ды хто выпусьціў, — вунь хто выпусьціў: гэтыя малойчыкі! (Паказвае на Добчынскага й Бобчынскага).
Бобчынскі. Дальбожачкі, ня я! і ня думаў…
Добчынскі. Я нічагуткі, ані нічагуткі…
Арцём Піліпавіч. Пэўна-ж, вы!
Лукаш Лукашовіч. Ведама. Прыбеглі, як шалёныя, з заезду: «Прыехаў, прыехаў і грошай ня плаціць…» Знайшлі важную птушку!
Гараднічы. Натуральна, вы! плеткары гарадзкія, хлусы праклятыя!
Арцём Піліпавіч. Каб вас ліха ўзяло із вашым рэвізорам і расказамі.
Гараднічы. Толькі нікаеце па горадзе ды бянтэжыце ўсіх, ляшчоткі праклятыя, плёткі сееце, сарокі кароткахвостыя!
Амос Хведаравіч. Пэцкалі праклятыя!
Лукаш Лукашовіч. Каптуры![23]
Арцём Піліпавіч. Смаршкі кароткапузыя!
Бобчынскі. Дальбог, гэта ня я, гэта Пётра Іванавіч.
Добчынскі. Гэ, не, Пётра Іванавічу, самі-ж першыя гэтага…
Бобчынскі. А вось-жа й не, першыя былі самі.
Зьява апошняя
Жандар. Прыбылы на йменны загад зь Пецярбургу чыноўнік патрабуе вас зараз-жа да сябе. Ён спыніўся ў гасьціньніцы.
Гараднічы пасярэдзіне ў выглядзе слупа з растапыранымі рукамі й закінутаю назад галавою. З правага боку ягоная жонка й дачка, памкнуўшыся да яго рухам усяго цела; за імі паштмайстар, абярнуўшыся ў пытальнік, завернуты да глядачоў; за ім Лукаш Лукашовіч, зьбянтэжаны саманявінным парадкам; за ім, ля самага ўскрайку сцэны, тры дамы, госьці, прыхінуўшыся адна да аднае з сама сатырычным выразам твараў, што датычыць проста да сямейкі гараднічага. Зь левага боку ад гараднічага: Земляніка, нахінуўшы галаву крыху набок, як быццам да чаго прыслухоўваючыся; за ім судзьдзя з растапыранымі рукамі, прысеўшы мала не да зямлі, зрабіўшы рух губамі, як-бы хацеў прасьвістаць ці праказаць: «Вось табе, бабуля, і Дзяды!» За ім Каробкін, завярнуўшыся да глядачоў з прыплюшчаным вокам і едкім напамінкам на гараднічага; за ім, ля самага ўскрайку сцэны, Добчынскі й Бобчынскі, памкнуўшыся адзін да аднаго рухам рук, разьзяўленымі ратамі й вырачанымі адзін на аднаго вачыма. Рэшта гасьцей застаюцца проста слупамі. Блізу паўтары часіны закамянелая група захоўвае такое палажэньне. Заслона апушчаецца.