Выбрать главу

Гараднічы. Але-ж, такі ўжо незьясьнёны закон лёсу: разумны чалавек — або п’яніца, альбо крывелю такую строіць, што хоць абразы вынось.

Лукаш Лукашовіч. Ня дай Божачка служыць у вучонай галіне, усяго-ўсенькага чалавека баішся! Кажны мяшаецца, кажнаму хочацца паказаць, што ён таксама разумны чалавек.

Гараднічы. Гэта-б яшчэ дарма — інконгіта проклятае! Раптам зазірне: «Га, вы тутака, галубочкі! А хто, — скажа, — тут за судзьдзю?» — «Ляпкін-Цяпкін!» — «А давайце сюды Ляпкіна-Цяпкіна! А хто за апякуна богугодных установаў?» — «Земляніка». — «А давайце сюды Земляніку!» — Вось што пагана.

Зьява ІІ

Тыя самыя й паштмайстар.

Паштмайстар. Растлумачце, спадары, што, які чыноўнік едзе?

Гараднічы. А самі хіба ня чулі?

Паштмайстар. Чуў ад Пётры Іванавіча Бобчынскага. Ён кагадзе быў у мяне ў паштовай канторы.

Гараднічы. Ну, што? Як самі думаеце на гэта?

Паштмайстар. А што думаю? Вайна з туркамі будзе.

Амос Хведаравіч. У вадно слоўца! Я сам тое самае думаў.

Гараднічы. Але-ж, абодва пальцам у неба поркнулі.

Паштмайстар. Праўда-ж, із туркамі. Гэта ўсё француз паскудзіць.

Гараднічы. Якая вайна з туркамі! Проста нам блага будзе, а ня туркам. Гэта ўжо ведама: у мяне ліст.

Паштмайстар. А, калі гэтак, дык ня будзе вайны з туркамі.

Гараднічы. Ну, што-ж, як самі, Іване Кузьмовічу?

Паштмайстар. Ды што я? Як самі, Антоне Антонавічу?

Гараднічы. Ды што я! Дык-жа страху няма, а так, крышачку. Купецтва ды грамадзянства мяне сумяціць. Кажуць, што я ім салона даўся; а я, вось далібог, калі і ўзяў з каго, дык, праўда-ж, без усялякае нянавісьці. Я навет думаю (бярэць яго пад руку і адводзіць набок). Я навет думаю, ці ня было на мяне якога даносу. Навошта-ж, запраўды, да нас рэвізор? Слухайце адно, Іване Кузьмовічу, ці нельга самім, дзеля агульнае нашае карысьці, кажны ліст, што прыбывае да саміх у паштовую кантору, уваходны ці выходны, ведаеце, гэтак крышку расьпячатваць і прачытаць, ці нямашака ў ім якога данашэньня ці проста ліставаньня? Калі-ж няма, дык можна зноў запячатваць; зрэшты, можна й так аддаць ліст, расьпячатваны.

Паштмайстар. Ведаю, ведаю… Гэтага ня вучэце, гэта я раблю ня тое каб дзеля перасьцярогі, а больш дзеля цікаўнасьці, — да сьмерці люблю даведацца, што ёсьць новага на сьвеце. Я самім скажу, што гэта страх як цікавае чытаньне! Іншы ліст з асалодаю прачытае чалавек, гэтак апісваюцца розныя пасажы… а паўчальнасьць такая… лепш, чымся ў «Маскоўскіх ведамасьцях»!

Гараднічы. Ну, што-ж, скажэце, нічога ня вычытвалі пра якога чыноўніка зь Пецярбургу?

Паштмайстар. Не, пра пецярбурскага нічагуткі няма, а пра кастрамскіх ды саратаўскіх шмат гаворыцца. Шкада, аднак-жа, што самі ня чытаеце лістоў. Ёсьць дасканалыя мясьціны. Вось нядаўна адзін паручнік піша да прыяцеля й апісаў баляваньне ў самагульлівым… вельмі, вельмі добра. «Жыцьё маё, любы сябру, плыве, — кажа, — у эмпірэях: паненкаў шмат, музыка грае, штандарт скача…» — зь вялікім, зь вялікім пачуцьцём апісаў. Я знарок пакінуў яго ў сябе. Хочаце, прачытаю?

Гараднічы. Не, цяперака не да таго. Дык зрабеце ласку, Іване Кузьмовічу: калі выпадкам трапіцца жальба ці данашэньне, дык бяз усякага разважаньня запыняйце.

Паштмайстар. Ізь вялікай прыемнасьцяй.

Амос Хведаравіч. Глядзеце, будзе вам калі за гэта.

Паштмайстар. Ах, Божухна!

Гараднічы. Дарма, дарма. Што іншае, калі-б самі з гэтага публічнае што зрабілі, але-ж гэта справа сямейная.

Амос Хведаравіч. Але-ж, нядобрая справа заварылася! А я, прызнаюся, ішоў быў да саміх, Антоне Антонавічу, каб пачаставаць саміх сабачанёткам. Родная сястра таго кяжучка, што самі знаеце. Самі-ж чулі, што Чаптовіч із Вархавінскім завяліся судзіцца, і цяперака мне раскоша: ганяю зайцоў на землях і ў гэтага, і ў гэнага.

Гараднічы. Бацюхна, няўлюб мне цяпер саміх зайцы: у мяне інкогніта проклятае сядзіць у галаве! Гэтак і чакаеш чалавек, што вось адчыняцца дзьверы — і шась…

Зьява ІІІ

Тыя самыя, Бобчынскі й Добчынскі, абодва ўваходзяць засопшыся.

Бобчынскі. Надзвычайная праява!

Добчынскі. Неспадзяваная справа!