Хлестакоў. Як ён паважыцца ня даць? Во йшчэ дурніна!
Восіп. Яшчэ кажа: і да гараднічага пайду; трэйці тыдзень пан грошай ня плаціць. Вы, пыні, з панам, кажа, зладзюгі, і пан твой — чмут. Мы, пыні, кажа, гэткіх прайдзісьветаў і падлюгаў бачылі.
Хлестакоў. А ты ўжо і рады, скаціна, зараз-жа пераказваць мне ўсё гэта.
Восіп. Кажа: «Гэтак кажны прыедзе, абжывецца, запазычыцца, пасьля й вытурыць нельга». Я, кажа, «жартаў строіць ня буду, я проста з жальбаю, каб на зьежджую, ды ў турму».
Хлестакоў. Ну, ну, дурніла, годзе! Пайшоў, пайшоў, скажы яму! Такая грубіянская жывёліна!
Восіп. Ды лепш я самога гаспадара да саміх паклічу.
Хлестакоў. Навошта-ж гаспадара? Ты схадзі сам скажы.
Восіп. Ды праўда-ж, спадару…
Хлестакоў. Ну, пайшоў, ліха з табой! пакліч гаспадара.
Зьява ІІІ
Хлестакоў. Страшэнна як хочацца есьці! Гэтак крышку прайшоўся! думаў, ці ня сыйдзець апэтыт — не, на яго ліха, ня сыходзіць! Але-ж, каб у Пензе я не пагуляў, стала-б грошай даехаць дадому. Пяхотны капітан ёмка падчапіў мяне: штосы на дзіва, гадава пара, зразае. Усяго якую з чвэрць гадзінкі пасядзеў — і ўсё аблатошыў. А пры ўсім тым, страх хацелася-б зь ім яшчэ раз зрэзацца. Нагоды толькі не прывядзе. Які паганы гарадзец! У крамах анічога не даюць напавер. Гэта ўжо проста подласьць. (Высьвіствае спачатку з «Рабэрта», тады: «Ня шый ты мне, матухна», а нарэшце ні тое, ні сёе.) Ніхто ня хоча йсьці.
Зьява IV
Служка. Гаспадар загадалі спытацца, чаго саміх ласка.
Хлестакоў. Здароў, братка! Ну, што, ты здаровы?
Служка. Дзякуй Богу!
Хлестакоў. Ну што, як у вас у гасьціньніцы? ці добра ўсё йдзе?
Служка. Але-ж, дзякуй Богу, усё добра.
Хлестакоў. Шмат праежджых?
Служка. Але-ж, даволі.
Хлестакоў. Слухай адно, даражэнькі, там мне дасюль абеду не нясуць, дык, калі ласка, падгані, каб хутчэй… бачыш, мне зараз па абедзе трэба сім-тым заняцца.
Служка. Ды гаспадар сказаў, што ня будзе больш даваць. Ён, няйначай, хацеў ісьці сяньня-ж жаліцца гараднічаму.
Хлестакоў. Ды што-ж жаліцца? Памяркуй сам, даражэнькі, як жа? Мне ж трэба есьці. Гэтак я магу зусім зьнясілець. Мне вельмі есьці хочацца: я ня жартам гэта кажу.
Служка. Дык-жа так. Ён казаў: «Я яму абеду ня дам, пакулечы ён не заплаціць мне за ранейшае». Гэткі ўжо адказ ягоны быў.
Хлестакоў. Ды ты пераканай, угавары яго.
Служка. Ды што-ж яму такое гаварыць?
Хлестакоў. Ты растлумач яму паважна, што мне трэба есьці. Грошы самі сабою… Ён думае, што як яму, мужычылу, дарма, калі і не паесьці дзень, дык і іншым тое самае. Во навіна![2]
Зьява V
Хлестакоў. Гэта пагана, аднак-жа, калі ён зусім нічога ня дасьць есьці. Гэтак хочацца, як ніколі йшчэ не хацелася. Хіба з адзежы што пусьціць у рух? Порткі, ці што, прадаць? Не, ужо лепш пагаладаваць, ды прыехаць дадому ў пецярбурскім касьцюме. Шкада, што Ёхім не пазычыў карэты, а балазе-б, на яго ліха, прыехаць дадому ў карэце, падкаціць гэткім чартом да якога суседа-панка пад ганак, зь ліхтарамі, а Восіпа адзадзя, апрануць у лібрэю. Як-бы, я ўяўляю, усе перапудзіліся: «Хто такі, што такое?» А лёкай уваходзіць (выцягваючыся й паказваючы лёкая): «Іван Аляксандравіч Хлестакоў зь Пецярбургу, загадаеце прыняць?» Яны, капшукі, і ня ведаюць, што гэта значыць: «Загадаеце прыняць». Да іх калі прыедзець які гусь-панок, дык і прэцца, мядзьведзь, проста ў гасьціны пакой. Да дочачкі якое-небудзь харошанькае падыйдзеш: «Спадарыня, як я…» (Зацірае рукі й падшарквае ножкаю). Цьфу! (плюе), аж нудзіць, гэтак есьці хочацца.
Зьява VI
Хлестакоў. А што?
Восіп. Нясуць абед.
Хлестакоў (прыпляскваючы ў далоні й зьлёгку падскокваючы на крэсьле). Нясуць! Нясуць! Нясуць!
Служка (з талеркамі й сарвэткамі). Гаспадар апошні раз ужо даець.
Хлестакоў. Ну, гаспадар, гаспадар… Я плюваць на твайго гаспадара! Што там такое?
Служка. Першае й другое.
Хлестакоў. Як, толькі дзьве стравы?