У чэрвені 1988 года на Слонімшчыне пабываў беларускі пісьменнік Яраслаў Пархута. Мы сустрэліся, доўга гутарылі пра гісторыю і літаратуру, пра знакамітых людзей слонімскай зямлі. Гаварылі і пра Язэпа Стаброўскага. “Ці быў ты хоць раз у Орлавічах?”— запытаўся у мяне Яраслаў Сільвестравіч. “Не, не быў, — адказаў тады я, — але добра ведаю, што там, на могілках, пахаваны Язэп Стаброўскі, яго бацька, жонка і дзеці”.
На другі дзень Яраслаў Пархута папрасіў у мясцовых улад машыну і паехаў на Орлавіцкія могілкі. Вярнуўся без настрою: “Лепш бы я туды не ездзіў, толькі расхваляваўся”.
Больш падрабязна пра сваю паездку ён напісаў у кнізе падарожжаў ”Крыніца ёсць у родным краі...” (Мн., 1992 г.): “У дырэктара Слонімскага раённага краязнаўчага музея Ірыны Рыгораўны Шпырковай пытаюся пра Орлавічы, дзе пахаваны Стаброўскі, пра магілу, у якім яна стане. Шпыркова кажа: — Там усё як мае быць! Прыязджалі з Акадэміі навук, узвялі помнік — пазайздросціць можна!..
Назаўтра адшукаў Аркадзя Кашко, старшыню Азгінавіцкага сельсавета, на тэрыторыі якога знаходзяцца Орлавічы, і мы паехалі з ім туды. Толькі што прайшоў цёплы летні дождж. Хмара сплыла, выбліснула яркае сонца. Паабапал дарогі ляжалі палеткі амаль даспелай ярыны. За Орлавічамі раскінулася сухадольная лугавіна. Кашко прамовіў:
— Вось гэтую сенажаць некалі перадаў Стаброўскі сялянам.
Яшчэ мінут колькі язды, і спыняемся. Па правую руку бачым, як на бульбяным палетку завіхаецца кабета. Мы выйшлі з машыны.
— Кузьмінічна! — гукнуў старшыня. — Да вас едзем!..
Жанчына, пачуўшы гэта, пакінула свой клопат і напрасткі, картапленнем, накіравалася да нас. Калі выбралася на дарогу, Кашко сказаў ёй, паказваючы на мяне:
— Чалавек з Менска цікавіцца Стаброўскім, хоча ўведаць, як жыў, дзе пахаваны.
Спахмурнеў твар жанчыны. Зірнула на старшыню сельсавета, на мяне, быццам раздумваючы: усё казаць незнаёмаму ці не, і, нарэшце, загаварыла:
— Дзедушку нашага даўно ведаю. Працавіты быў, не зухаваты, для людзей харошы. Але пад канец яму плоха жылося. І я насіла яму ў Слонім то малака, то смятанкі, то мукі — што мела... Сама я з Браншчыны.У вайну немцы сюды вывезлі, у лагер “Грыбава”, што пад Слонімам. Сынка майго, Мішку, пад танк бросілі яшчэ там, ля нашай Скробаўкі. Дзевачку, Вальку, тут, у лагеры, смярцельнымі ўколамі закалолі... А я ўцякла з лагера і сюды прыбілася, на хутар. Потым замуж мяне ўзяў Хвіліп Курыловіч, што у Стаброўскіх гадаваўся. Ён, Хвіліп,у шэсць гадочкаў уцёк ад мачыхі і пайшоў, як тады казалі, да пана. І пан, гэта значыць Стаброўскі, прыняў яго, на ногі паставіў. Яны ўвесь час разам былі. І курганы раскопвалі, і камяні тачылі на помнік... Але я не туды забегла! Вам пра самаго Стаброўскага трэба... Так вот. Прыехала да яго аднойчы ў Слонім, а ён пры смерці, просіць: “Валюшка, перадай людзям, каб не мучыліся, не капалі глыбокую магілку. Зіма стаіць на двары!”. Ускорасці і памёр. На дзевяноста дзевятым годзе жызні. Да гэтага завейка круціла, снегу намяло, а харанілі — сонечны дзянёк выдаўся. Вот вам і прырода паспачувала. Ад гасцінца труну на плячах неслі... Нашага дзедушку, як звалі яго тут, людзі з усіх дзеравень праводзіць прыйшлі. Жалобны стол у нашай хаце правілі. Мы яе з Хвіліпам якраз там пастроілі, дзе хата Стаброўскага стаяла...
Кузьмінічна змоўкла. Твар яе па-ранейшаму быў хмуры. Счакала нейкую хвіліну і працягвала:
— А магіла яго з краю пагоста, — паказала рукою на зялёную купу дрэў пры ўзгорку.
І вось мы прадзіраемся густымі зарасцямі. Пагост незвычайны. Тут знаходзяцца ажно 52 курганы, якія ў свой час даследаваў Стаброўскі. Але цяпер нам трэба пабачыць яго магілу. Нарэшце Кузьмінічна спыняецца. Расхінае кусты і тлумачыць:
— Вот гэтыя дубовыя крыжы, — на магілах яго блізкіх: жаны Амеліі, сына Міраслава і дачкі Іры. А маленькі крыжык, што прыслонены да помніка, з магілы дзедушкі. Зусім згніў... І магілка з зямлёю зраўнялася...
Толькі цяпер я заўважаю высокі, з чорнага каменя, чатырохярусны помнік, і прыгадваю словы Шпырковай. Але Кузьмінічна пярэчыць:
— Мана усё гэта! Помнік стаўляў сваім родным Стаброўскі. З маім Хвіліпам. Яны і камяні з поля вазілі, і часалі... Гады са тры іх часалі-тачылі...
Яна памаўчала трошкі і дадала:
— А ён, Стаброўскі, чыста ведаў, што ніхто яму не паставіць помніка... То як бы і сабе паставіў тады яго...
Пакідаў Орлавіцкі пагост з цяжкім сэрцам. Адчуваў: камень лёг і на сэрца старшыні сельсавета.
Развітваючыся, Аркадзь Кашко мовіў:
— Сорамна. Усім нам. Трэба падказаць школьнікам, няхай возьмуць шэфства над магілай Стаброўскага. Чалавек заслужыў гэтага...”.
Так, Язэп Стаброўскі заслужыў шмат чаго, але толькі не людской памяці. Дык што ж змянілася на Орлавіцкіх могілках за гэты час?