Выбрать главу

Неяк разам з рэжысёрам Беларускага тэлебачання Аляксандрам Сухоцкім, які здымаў дакументальны фільм пра Стаброўскага, я наведаў Орлавіцкі пагост. Апісаць убачанае было проста немагчыма. Здаецца, мы трапілі ў трапічны непраходны хмызняк, дзе сотні гадоў не ступала нага чалавека. Магілы Стаброўскіх зраўняліся з зямлёй, крыжы пагнілі і валяліся пад сухім, чорным лісцем, Мы ледзь-ледзь адшукалі і вялікі каменны чатырохярусны помнік, які рабіў і ставіў Язэп Стаброўскі разам з Піліпам Курыловічам. Орлавіцкія “джунглі” за сялом Аляксандр Сухоцкі зняў на відэастужку.

Набліжаліся Дзяды — памінальны абрад нашых продкаў. І каб неяк выратаваць ад поўнага знішчэння магілы знакамітых Стаброўскіх, невялікая група слонімскіх энтузіястаў завітала ў Орлавічы. Дзякаваць Богу, жыла яшчэ і Кузьмінічна, якая нам падказала, дзе хто ляжыць са Стаброўскіх, дзе які крыж трэба ставіць, расказала нам і пра Язэпа Стаброўскага, які ў свой час перадаў орлавіцкім сялянам у вечнае карыстанне 65 гектараў зямлі...Але ці ў гэтым справа? Ці толькі гэтага заслугоўвае наш знакаміты зямляк?

Тым не менш, у верасні 2002 года, калі Слонім адзначаў сваё 750-годдзе, на будынку музея была ўстаноўлена мемарыяльная дошка (аўтар Леанід Богдан), прысвечаная Язэпу Стаброўскаму — заснавальніку музея.

АНТОН ВАЛЫНЧЫК

(1896-1985)

З Мяльканавіч да Лунінца

На Беларусі няма ніводнага такога кутка, які б не меў сваіх слаўных сыноў ці дачок, імёны якіх навечна звязаны са сваёй маленькай радзімай. Сярод іх пачэснае месца на Слонімшчыне займае беларускі кампазітар, музыкант, харавы дырыжор, педагог, заслужаны работнік культуры Беларусі Антон Валынчык (1896-1985), які нарадзіўся ў вёсцы Мяльканавічы. Сама вёска знаходзіцца недалёка ад Слоніма. Упершыню яна ўпамінаецца ў XVI стагоддзі як сяло, цэнтр Мяльканавіцкага войтаўства, дзяржаўная ўласнасць у Слонімскім старостве Вялікага Княства Літоўскага.

У 1852 годзе ў Мяльканавічах было адкрыта народнае вучылішча, якое скончыў бацька Антона Міхась Валынчык. У сям’і Валынчыкаў было некалькі сыноў. Адзін з іх у 1920-1930-х гадах займаўся палітыкай. Польскія ўлады яго арыштавалі і трымалі за кратамі. А калі юнак моцна захварэў на сухоты, выпусцілі на волю, дзе праз некалькі месяцаў ён памёр. Аб гэтым казаў на мітынгу ў Мяльканавіч у верасні 1939 года сам Міхась Валынчык. “Мне было 9 гадоў. Але я памятаю той мітынг і бацьку Антона Валынчыка — высокага, худога. І памятаю таксама ягоныя словы пра сына”, — сказаў неяк пры сустрэчы мне кандыдат філалагічных навук, перакладчык Уладзімір Сакалоўскі, які таксама родам з Мяльканавіч.

Другі сын Міхася Валынчыка Антон нарадзіўся 23 ліпеня 1896 года ў Мяльканавічах. У 1910 годзе хлопчык скончыў Жыровіцкае духоўнае вучылішча. Гэта вучылішча рыхтавала хлопцаў на дзякаў, кіраўнікоў царкоўных хораў і настаўнікаў парафіяльных школ. Спевы і ігра на музычных інструментах былі там на першым месцы. Менавіта ў вучылішчы Антон Валынчык навучыўся добра іграць на скрыпцы.

Пасля заканчэння вучылішча, займаўся на двухгадовых настаўніцкіх курсах у Гродне. Там, у горадзе над Нёмнам, ён таксама браў урокі музыкі ў кампазітара Банькоўскага.

Калі пачалася Першая сусветная вайна, Антон Валынчык быў мабілізаваны на вайну. У вольны ад баёў час, малады салдат улаткаваўся яшчэ рэгентам вялікага салдацкага хору рускай арміі.

Калі сын знаходзіўся на фронце, ягоныя бацькі з роднай вёскі Мяльканавічы былі эвакуіраваныя ў Курскую вобласць Расіі. Пасля вайны Антон паехаў да іх, але там яму не спадабалася, і ён хутка вярнуўся на Бацькаўшчыну. З цягам часу дамоў прыехалі і яго бацькі.

Па дарозе на Беларусь, Антон спыніўся ў Ветцы і знайшоў працу на будоўлі ў аднаго багатага чалавека. Калі дом пабудавалі, ён вырашыў завітаць у Гомель. Вельмі хацелася хлопцу спяваць. Ідзе па Гомелі і бачыць цэркаўку. Зайшоў туды. Чуе — там спяваюць, але тэнары вельмі слабыя. Вырашыў ім дапамагчы. Непрыкметна зайшоў на клірас. Пасля будоўлі сам — брудны, замучаны. Усе ў царкве сталі на яго пазіраць. А ён, як заспяваў!..

Пасля службы да Антона Валынчыка падыйшлі некалькі святароў і пытаюцца: “Хто ты такі?”. “Проста рабочы”, — адказвае Антон. Святары не вераць. “Вось мае рабочыя рукі”, — паказвае ім юнак (З аўтабіяграфіі Антона Валынчыка, якая захоўваецца ў музеі гісторыі Клеччыны).

Яшчэ некалькі хвілін з ім гутарылі святары, але канкрэтных прапаноў ад іх Антону так і не паступіла. Ён зноў вярнуўся ў Ветку. Працаваў там да зімы. А ў адзін з марозных дзён у горад на санях прыехаў святар і забраў Валынчыка ў Гомель. Яго прывязлі ў вялікі горад, напаілі гарбаткай і паклалі спаць. На другі дзень гаспадар кватэры, дзе начаваў Антон, апрануў яго ў свой касцюм і павёў у галоўнае ўпраўленне таварыства Чырвогага Крыжа. Там хлопец сустракае начальніка цягніка Чырвонага Крыжа, які яго нядаўна вёз са Смаленска ў Гомель. Гэты начальнік запрашае слонімскага юнака на працу статыстам ва ўпраўленне Чырвонага Крыжа. І Антон Валынчык з радасцю пагаджаецца.