Выбрать главу

Тут ён з цягам часу знаёміцца з харавым дырыжорам Аляксандрам Ягоравым, які пазней стане прафесарам Ленінградскай кансерваторыі. Гэта знаёмства перарасло ў асабістае сяброўства, а работа ў хоры пад кіраўніцтвам Ягорава вельмі шмат дала Валынчыку як музыканту. Цікавыя сустрэчы ў Гомелі адбываюцца ў Валынчыка з кампазітарамі Туранковым, Аляксандравым і іншымі. У іх малады Валынчык вучыцца дырыжыраванню і музыцы ў цэлым.

У 1919 годзе Антон Валынчык вырашыў вярнуцца на родную Слонімшчыну. Але ў раёне Лунінца ён трапляе ў паласу ваенных дзеянняў, якія распачаліся паміж польскімі войскамі і савецкімі. А 10 ліпеня 1919 года Лунінец поўнасцю занялі палякі і юнак нечакана становіцца грамадзянінам іншай дзяржавы.

Там, у Лунінцы, Валынчык хутка атрымлівае дыплом настаўніка народных вучылішчаў і да 1924 года працуе ў прыватным рускім рэальным вучылішчы настаўнікам.

Лунінецкае прыватнае рускае рэальнае вучылішча да 1917 года было чыгуначнай школай. Але палякі яе зачынілі. Тым не менш, на той час у Лунінцы было шмат рускіх, якія стварылі рускае дабрачыннае таварыства. Гэтае таварыства было даволі актыўным. Яно мела ў Лунінцы сваю бібліятэку, выпісвала рускія газеты і часопісы з іншых краін, актыўна патрымлівала сувязі з рускімі арганізацямі ў многіх гарадах Польшчы. Але польскія ўлады перашкаджалі прарускай дзейнасці. І ўсё ж актывісты рускага дабрачыннага таварыства намаганнямі фундатараў ствараюць у Лунінцы рускае прыватнае рэальнае вучылішча, якое польскія ўлады называлі “гняздом бальшавізму”. У гэтае “гняздо бальшавізму” трапіў і Антон Валынчык. Ён выкладаў там спевы і адначасова быў рэгентам у мясцовай царкве. Менавіта ў Лунінцы Антон Валынчык пачаў больш сур’ёзна разважаць пра жыццё, Бацькаўшчыну, і пра родную мову і культуру. Ён палічыў сваім абавязкам дапамагаць менавіта беларусам, а не рускім, і перш за ўсё беларускай моладзі, актыўна далучацца на свету нацыянальнай музыкі. І што рабіць гэта трэба на кожным уроку спеваў, на кожнай рэпетыцыі харавых гурткоў для дарослых. Рабіць цярпліва, настойліва і апантана. І ён старанна рабіў, працаваў, шукаў. З Лунінца пачаліся самыя актыўныя гады яго музычна-асветніцкай дзейнасці. Пра яго прафесійную педагагічную і музычную дзейнасць ведалі ўжо многія настаўнікі Заходняй Беларусі. А ў 1924 годзе дырэкцыя Клецкай беларускай гімназіі запрасіла Антона Валынчыка да сябе на працу. І ён пагадзіўся.

У Клецкай беларускай гімназіі

Клецкая беларуская гімназія была арганізавана і пачала сваю працу ў 1923 годзе ў Нясвіжы. Напачатку былі адчынены 4 класы. Гімназія знаходзілася на Альбянскай вуліцы ў доме Дылеўскіх. Першымі настаўнікамі гімназіі былі Рыгор Якубёнак, Франц Шнаркевіч, Вячаслаў Арэнь, Ганна Малойла.

Але ў Нясвіжы гімназія праіснавала толькі адзін год. У 1924 годзе яна перабралася ў Клецк. Спачатку гімназія знаходзілася ў доме Паповічаў у канцы Нясвіжскай вуліцы. Было адчынена пяць класаў. Дырэктарам гімназіі быў Рыгор Якубёнак. І тыя настаўнікі, якія працавалі ў Нясвіжы, таксама пераехалі ў Клецк, акрамя Шнаркевіча, які падаўся ў Вільню.

У 1926 годзе Рыгору Якубёнку ўдалося наняць памяшканне на Татарскай вуліцы, куды і пераехала гімназія. У ёй пераважна вучылася сялянская моладзь з ваколіцаў Клецка, а таксама вучні з Нясвіжскага, Баранавіцкага, Лунінецкага і Слонімскага паветаў. Невялікую колькасць вучняў складалі дзеці святароў і дзякаў.

Аплата за вучобу ў гімназіі была невялікая. Ды і то аплочвалася вучнямі не вельмі рэгулярна, бо вучылася там сялянская бедната. Таму дырэкцыя гімназіі мела вялікія матэрыяльныя клопаты, а настаўнікі-беларусы працавалі ахвярна, зарабляючы часам толькі па 50 злотых у месяц, а гэтых фінансаў хапала толькі на харчаванне і аплату за жыллё. Ахвярна працаваў і дырэктар гімназіі Рыгор Якубёнак. Ён выкладаў у старэйшых класах матэматыку, роднае слова і гімнастыку. Акрамя гэтага знаходзіў час на працу ў сталярцы, дзе сам асабіста рамантаваў вокны, дзверы, парты.

Адносіны паміж вучнямі і настаўнікамі былі ў гімназіі вельмі шчырымі. Гэта была адна сям’я. Вучні вельмі добра разумелі ахвярную працу настаўнікаў. Клецкая беларуская гімназія тады была сапраўднай кузняй беларускага нацыянальнага выхавання.