У гімназіі існавалі літаратурны і драматычны гурткі, хор і аркестр. Тут вельмі часта ладзіліся розныя мерапрыемствы. Асабліва ўрачыста адзначаліся святкаванні 25 Сакавіка — Дзень Беларускай Народнай Рэспублікі. Вось я згадвае пра свята нехта В.К. у газеце “Беларус” за 1964 год: “25-га сакавіка 1929 года. Прыгожае сонечнае надвор’е. У Клецкай беларускай гімназіі вольны дзень ад навукі, але ў пакоі чацвёртага класа кіпіць гарачая праца. Вучні старэйшых класаў прыйшлі ўпрыгожыць залу да ўрачыстай акадэміі. На фронце залы крывіцкая Пагоня заняла сваё пачэснае месца. Паабапал яе два бел-чырвона-белыя сцягі. Пад Пагоняй вялі надпіс: “Няхай жыве Беларуская Народная Рэспубліка!”. Вакол на сценах прыбраныя партрэты беларускіх паэтаў і пісьменнікаў: Купалы, Коласа, Багдановіча, Гаруна, Бядулі і іншых.
Угодкі незалежнасці Беларусі ўрачыста святкаваліся гімназіяй штогод. Ад пачатку яе заснавання. Але 1929 год адзначаўся асабліва ўрачыста па дзвюх прычынах. Першая, у гэтым годзе рыхтаваўся выпуск 16 васьмікласнікаў, у тым ліку і аўтар гэтых успамінаў. Другая, у той час Клецкая беларуская гімназія мела добры струнны аркестр і надзвычайна моцны і прыгожы хор пад кіраўніцтвам вядомага беларускага дырыгента-кампазітара Антона Валынчыка.
У дзве гадзіны дня пачалася акадэмія. Паміж грамады 180 вучняў прайшоў педагагічны персанал, які заняў месца ў прэзідыуме… Акадэмію адкрыў дырэктар гімназіі Рыгор Якубёнак, які коратка праінфармаваў ўсіх аб беларускім свяце незалежнасці. Магутны і прыгожы хор выканаў нацыянальны гімн “Не пагаснуць зоркі ў небе…”. Глыбока запалі ў душу моладзі словы “Не загіне край забраны, пакуль будуць людзі”. Пасля гімна дырэктар расказаў аб гістарычных падзеях і Акце 25 Сакавіка.
Пасля ўрачыстай часткі пачаўся канцэрт. Моцна гучаць песні Антона Валынчыка, напісаныя ім у Клецку. Гэта такія песні, як “За праўду”, “Устаньце, хлопцы”, “Не бядуй”, чароўная сваім выкананнем песня “Ліпы старыя” і іншыя. Песні перапляталіся дэкламацыямі патрыятычных вершаў беларускіх паэтаў. Акадэмія скончылася кароткім словам дырэктара…”(Беларус, 1964. № 84).
У Клецкай беларускай гімназіі Антон Валынчык першым чынам узяўся за арганізацыю хору. І яму гэта ўдалося. Хор налічваў 60 вучняў (Віці, 1957. № 1/10. С.14).
За тры месяцы працы Валынчыку ўдалося наладзіць у гімназіі першае выступленне хору. Дасканала выкананыя беларускія песні, пераважна самога кампазітара і дырыжора, мелі вялікі поспех. Пры дапамозе хору гімназія праводзіла шырокую нацыянальна-культурную працу як у самім Клецку, так і ў навакольных вёсках. А ў 1928 годзе Антон Валынчык арганізаваў у гімназіі яшчэ і струнны аркестр, які налічваў 50 чалавек. Часта наладжваліся канцэрты, выступленні, гастролі, а грошы папаўнялі пустую касу гімназіі.
Пяцігадовая праца ў Клецкай беларускай гімназіі для Антона Валынчыка была самым шчаслівым перыядам яго жыцця. ”У мяне назаўжды ў памяці Клецкая гімназія. Там неяк усё было па-асабліваму, там выкладчыкі і навучэнцы жылі адной сям’ёй — душа ў душу. Якубёнак… гэта быў цудоўны, рэдкі, дзівосны, непараўнаны чалавек, папраўдзе родны бацька дзецям. Ён аддаў ім душу, час, сродкі, усе свае здольнасці, думкі і мары. Я з дзецьмі займаўся хорам, мы ставілі драмы, у гімназіі быў аркестр. Валодзя Гуль — кантрабасіст, актывісты хору — Мароз, Шыдлоўскі… Арэнь Барыс — цудоўны бас, Валя Тычына — альт… Але ў гімназію пастаянна прысылалі паганых інспектараў. Мэтай было закрыццё гімназіі. Памятаю, у 1929 годзе прыслалі паганых інспектараў. Мэтай было закрыццё гімназіі. Памятаю, у 1929 годзе прыслалі з Віленскага кураторыума інспектара Мяноўскага — вельмі гадкага чалавека. Хадзіў на ўрокі, прыдзіраўся да дробязей, даводзіў выкладчыкаў да непрытомнасці. А я даведаўся, што ён украінец… І вечарам мы як далі яму канцэрт на паўгадзіны! Праспявалі і знакамітую “Кобзу” Давыдоўскага, і “Відзьма”. Ну, і беларускія таксама: “Ліпы старыя”, “Касцы” (Гэту песню на словы Якуба Коласа называлі па-рознаму: “Касцы”, “Ідуць касцы”, “На сенажаці”) (гэта мае), народных вельмі многа. Ведаеце, “Ліпы старыя” я пісаў у 1927 годзе, калі быў страшна хворы, з высокай тэмпературай, у стане трызнення. Лепшая мая рэч… А наконт Мяноўскага… Мабыць, здолелі мы яго праняць да душы. Ён нават расчуліўся і доўга дзякаваў. І галоўнае — ніякіх дрэнных наступстваў візіту! А наогул у гімназіі спявалі многа, ахвотна. Спявалі і мае: “Як на свет нарадзіўся Янка”, “Зайшло ўжо сонейка”, “За праўду”, “Устаньце, хлопцы”… Усё ж такі гэта быў цудоўны час…”, — прыгадваў у сваіх успамінах Антон Валынчык (Памяць. Клецкі раён: Гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. Мн., 1999. С.205-206).