Выбрать главу

У пачатку 1990-х гадоў неяк пры сустрэчы запытаўся ў слонімскага паэта Анатоля Іверс (Івана Дарафеевіча Міско) пра Антона Валынчыка. Тым больш, што паэт ў канцы 1920-х гадоў вучыўся ў Клецкай беларускай гімназіі. Іван Дарафеевіч, падумаўшы, пагадзіўся мне расказаць пра свае сустрэчы з Антонам Міхайлавічам. “Зіма 1929 года была снежная і марозная, — пачаў успамінаць Анатоль Іверс. — Я паехаў на вучобу ў Клецк. Выйшлі мы з цягніка на станцыі Ляхавічы і, узяўшы з сабой чамаданы, пайшлі шукаць падводу, каб даехаць да Клецка. Селі мы, двое выгнаннікаў з Віленскай беларускай гімназіі (Паэт Анатоль Іверс (1912-1999) летам 1926 года паступіў у Віленскую беларускую гімназію, але ў 1928 годзе ён быў выключаны з гімназіі за актыўную камсамольскую падпольную дзейнасць. Вучобу працягваў у Клецкай і Навагрудскай беларускіх гімназіях, але закончыць поўны курс навучання польскія ўлады так і не далі — С.Ч.), у буду, наставілі каўняры і рушылі ў дарогу. У галаву лезлі невясёлыя думкі: як там сустрэнуць, ці прымуць? “Ідзіце на Слабадскую вуліцу, — адказаў дзядзька, — знойдзеце хату Івана Нікановіча, там будзе інтэрнат”. Мы трапілі, як кажуць, з карабля на баль. Гімназісты вельмі ветліва сустрэлі нас, не далі нават як след абагрэцца і павялі на ёлку. У зале пачаўся канцэрт мастацкай самадзейнасці. Хор пад кіраўніцтвам настаўніка спеваў Антона Міхайлавіча Валынчыка выконваў цудоўныя, дагэтуль не чутыя беларускія песні “За праўду, за шчасце”, “Як на свет радзіўся Янка” Янкі Купалы, “Ліпы старыя” на словы Якуба Коласа, “Я люблю густыя шумы”, “Вечарам” на словы Уладзіміра Жылкі і іншыя. Гэтыя песні мяне тады заваражылі. Колькі ў іх было душэўнай прыгажосці! Але тады я яшчэ не ведаў, што музыку да вершаў беларускіх паэтаў напісаў Антон Міхайлавіч. І не ведаў таго, што ён быў маім земляком з вёскі Мяльканавічы Слонімскага павета.

Другая сустрэча з Антонам Валынчыкам адбылася ў мяне ў Гродне. Будучы аднойчы там, захацелася мне наведаць земляка. Пастукаў у дзверы Гродзенскага педінстытута, на якіх красавалася дошчачка з надпісам “Кафедра музыкі і спеваў”.

—Заходзь, заходзь! — пачуўся знаёмы голас.

Прывітаўшыся, я пажартаваў:

—Хачу ўзяць інтэрв’ю.

—Можна, можна. — І Антон Міхайлавіч расказаў аб сваёй працы…

З яго слоў я даведаўся, што кампазітар напісаў музыку да многіх вершаў беларускіх паэтаў і найбольш — на тэксты Янкі Купалы і Якуба Коласа. Сабраў і апрацаваў тады каля пяцідзесяці беларускіх народных песень. А Ленінградскі завод запісаў на пласцінкі ў выкананні беларускай Дзяржаўнай капэлы яго песні “Ліпы старыя” і “Ідуць касцы”.

Трэцяя сустрэча з маім земляком адбылася ў Мінску, дзе праходзілі дні Гродзенскай вобласці. Ішоў заключны канцэрт. Выступалі ўсё новыя і новыя мастацкія калектывы. І вось на сцэне пачаў выступаць хор гродзенскіх настаўнікаў на чале са сваім кіраўніком. І паліліся песні “Люблю наш край” і “Як на свет радзіўся Янка”. Тыя самыя песні, што давялося чуць у дзяцінстве. Было столькі ў зале апладысментаў, што я ніколі больш у сваім жыцці не чуў, каб каму так апладзіравалі…”.

Цёпла і шчыра пра Антона Валынчыка прыгадваў і былы выкладчык беларускай мовы ў малодшых класах Клецкай беларускай гімназіі Аляксей Кішкель. Аб гэтым згадваў у сваіх успамінанах заслужаны настаўнік Беларусі Апанас Цыхун: “Амаль кожны дзень мы (маецца на ўвазе Апанас Цыхун і Аляксей Кішкель — С.Ч.) сустракаліся. Кішкель мне вечарамі расказваў пра Клецкую гімназію. Успамінаў настаўнікаў, у тым ліку і Антона Міхайлавіча Валынчыка. Згадваў, у прыватнасці, як кіраваў той вучнёўскім хорам, якім вялікім аўтарытэтам карыстаўся Валынчык сярод беларускага насельніцтва” (Цыхун Апанас. Выкладчыкі Клецкай беларускай гімназіі // Наша слова, 1994, № 26).

У 1929 годзе Антон Валынчык развітаўся з калектывам Клецкай беларускай гімназіі і пераехаў у Навагрудак.

Праца ў дзвюх гімназіях

Навагрудская беларуская гімназія, куды пасля Клецка прыехаў працаваць Антон Валынчык, існавала з 1919 да 1934 года. Тэрмін навучання ў гімназіі быў 8 гадоў. У ёй выкладаліся беларуская, польская, французская, лацінская, нямецкая мовы, Закон Божы, гісторыя і геаграфія Беларусі і Польшчы, сусветная гісторыя і геаграфія, матэматыка, фізіка, хімія, прыродазнаўства, маляванне, спевы, ручная праца, фізкультура і іншыя прадметы. У сярэдзіне 1920-х гадоў у гімназіі навучалася каля 250 вучняў. Гімназія існавала на сродкі бацькоў, на ахвяраванні грамадскіх арганізацый, на адлічэнні з заробкаў беларускіх паслоў, за кошт вулічных збораў і г.д.