Выбрать главу

Жыў ён у Маладзечна на вуліцы Вялікі Гасцінец у маленькім пакойчыку са сваёй мілай жонкай (Антон Валынчык быў жанаты двойчы — С.Ч.). Не так часта, але я там бываў. Потым, калі мы развіталіся, я шмат апрацовак ягоных песень выкарыстоўваў у сваёй “Спадчыне”. Яго песні “Сонейка зайшло”, “Як на свет радзіўся Янка” дваццаць гадоў былі ў рэпертуары ансамбля песні і танца “Спадчына”…

У маёй памяці Антон Міхайлавіч Валынчык застаўся шчырым і добрым чалавекам, вялікім майстрам харавога мастацтва” (Усе ўспаміны пра Антона Валынчыка запісаныя аўтарам гэтай кнігі восенню 2000 года).

З песняй праз жыццё

З 1961 года Антон Валынчык стала жыве ў Гродне. У горад над Нёманам яго запрасілі выкладаць музыку і спевы ў Гродзенскім педагагічным інстытуце імя Янкі Купалы (Загадам Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь № 474 ад 24 лістапада 2000 года Гродзенскі дзяржаўны універсітэт імя Янкі Купалы перайменаваны ў Гродзенскі дзяржаўны універсітэт імя Янкі Купалы. — С.Ч.).

У архіўнай даведцы Гродзенскага універсітэта так і запісана: “Загадам № 46 ад 25 красавіка Антон Міхайлавіч Валынчык прыняты на працу на пасаду выкладчыка кафедры музыкі і спеваў з 16 красавіка 1961 года. Загадам

№ 127 ад 13 верасня 1961 года залічаны старшым выкладчыкам і прызначаны загадчыкам кафедры музыкі і спеваў з 1 верасня 1961 года”.

У Гродне Антон Валынчык не толькі плённа працаваў загадчыкам кафедры музыкі і спеваў Гродзенскага педінстытута, але адначасова з’яўляўся хормайстрам гродзенскага народнага ансамбля песні і танца “Нёман”, быў мастацкім кіраўніком Гродзенскай народнай капэлы настаўнікаў. Прыгадвае беларускі кампазітар Віктар Войцік: “На жаль, я мала кантактаваў з шаноўным спадаром Антонам Валынчыкам. Я быў зусім юным, іграў у ансамблі “Нёман” на балалайцы. Толькі зрэдку мне прыходзілася назіраць за работай хору. Антон Міхайлавіч мне запомніўся высокім і хударлявым чалавекам. У яго постаці было нешта імклівае і артыстычнае. Памятаю, як ён карпатліва працаваў над сваім творам “Ліпы старыя”. Увесь час нервова штосьці падпраўляў і ў харавой партытуры і ў гучанні хору. Магу яшчэ адзначыць, што Антон Міхайлавіч дамагаўся ад харыстаў высокай харавой культуры. Трэба сказаць, што хор у ансамблі “Нёман” пад яго кіраўніцтвам быў даволі добрым, але са спевамі ў стылі “а капэла” выступаў рэдка”.

Незабыўныя тыя часы былі ў жыцці гродзенскіх калектываў, калі там за пультам стаяў Антон Валынчык. Высокая творчая патрабавальнасць хормайстра, уменне здабыць інтанацыйную чысціню спявання, дамагчыся сапраўднага гучання і ансамблевасці партый, глыбіня прачытання аўтарскай партытуры —усё гэта заўсёды вабіла тых, хто разумеў і любіў харавую музыку.

Багацце рэпертуару тых калектываў, якімі кіраваў Антон Валынчык — была адной з іх адметных рысаў. Каб упэўніцца ў гэтым, хочацца нагадаць хаця б рэпертуар той Гродзенскай капэлы настаўнікаў, якой паспяхова кіраваў слынны маэстра. Там былі і бахаўскі хор “Сэрца, маўчы”, і “Вячэрняя песня” Танеева, “Ухваленне прыроды” Бетховена, і “Что смолкнул веселия глас…” Чайкоўскага, цудоўныя творы Рымскага-Корсакава, Кюі, Шуберта, Манюшкі, Вебера, Расіні, не кажучы ўжо пра музыку Аляксандрава, Дунаеўскага, Хрэннікава, Фляркоўскага, іншых майстроў песні, а таксама шматзначны рэпертуар беларускіх аўтараў. Такому рэпертуару можа пазайздросціць і сёння не адзін прафесійны харавы калектыў. А песні Антона Валынчыка “Ліпы старыя” і “Касцы” на словы Якуба Коласа — гэта найярчэйшы ўзор харавой музыкі, у якой аўтар выступаў не толькі знаўцам сакрэтаў партытуры для ансамблевага спявання, але таксама тонкім мастаком, які выдатна пераўтвараў багацце народнай музычнай мовы ў строгі і дакладны па форме твор. Больш 100 хораў, песень, апрацовак музычнага фальклору напісана ім. Нават самыя патрабавальныя прыхільнікі харавой музыкі не змогуць знайсці ў гэтай творчасці адхіленняў ад прафесіянальных законаў і мастацкага густу. Натхнялі кампазітара цудоўныя радкі Янкі Купалы, Якуба Коласа, Пятруся Броўкі, Адама Русака і іншых беларускіх паэтаў, у творах якіх адлюстраваны прыгажосць роднага краю, самаадданая праца людзей, з якімі сутыкаў яго лёс. А колькі плёну было ад супрацоўніцтва Антона Валынчыка з самадзейнымі кампазітарамі, музыцы якіх ён першы даваў пуцёўкі на эстраду. Кампазітар шчыра і самааддана кансультаваў як хормайстар шматлікія харавыя калектывы Гродзеншчыны. Тым не менш, з-за незразумелай нячуласці да Антона Міхайлавіча некаторых работнікаў і адказных чыноўнікаў за культурнае жыццё Гродзеншчыны, ён рана пакінуў і Гродзенскую капэлу настаўнікаў, і народны ансамбль песні і танца “Нёман”. Капэле ён аддаў 6 гадоў сваёй творчасці, а “Нёману” — 4 гады. Прыгадвае былы дырэктар Гродзенскага абласнога Дома народнай творчасці Марк Коп: “Абласны Дом народнай творчасці ў Гродне я ўзначальваў 27 гадоў — з 1971-га да 1998-га. І музычнай творчасцю Гродзеншчыны я вельмі цікавіўся і добра яе ведаю. У пасляваенны час у Гродне была створана і актыўна працавала сапраўдная кампазітарская школа, праз якую прайшлі такія вядомыя кампазітары, як П.Радаліцкі, Л.Ляшэнка, С.Малчанаў, Л.Амелін, П.Шаўко, У.Шыркевіч, В.Нікіценка, Э.Казачкоў, М.Гарабец, І.Трухалёў, А.Аржаннікаў, А.Шыдлоўскі, Я.Петрашэвіч, В.Войцік і, вядома ж, Антон Міхайлавіч Валынчык. Антон Валынчык быў сапраўдным фанатыкам беларускай музыкі і песні. Ён, як і Цітовіч, як і Шырма хадзіў па вёсках і збіраў беларускія народныя песні. Пасля — іх апрацоўваў. У 1970-х гадах Антон Міхайлавіч стварыў адзіны ў вобласці Новагерніцкі мужчынскі хор у Шчучынскім раёне сумесна з гродзенскім заводам “Аўтапровад”. І мы Валынчыка пастаянна вазілі туды на рэпетыцыі. І ён вывеў гэты хор на рэспубліканскі ўзровень. Былі і да яго падобныя хары і пасля яго, але гэта было не тое. Ён валодаў выключным музычным слыхам. Валынчык даставаў сваю скрыпачку, настройку рабіў і хор з першых рэпетыцый спяваў трохгалоссе. Антон Валынчык быў спецыялістам ад Бога.