Выбрать главу

Два гады працы ў Гродзенскім універсітэце для Антона Міхайлавіча не прайшлі марна. Загадам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 28 верасня 1963 года Антону Валынчыку было прысвоена ганаровае званне “Заслужаны дзеяч культуры Беларусі”. У архіве Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы захоўваецца некалькі характарыстык на Антона Міхайлавіча Валынчыка, падпісаныя былымі рэктарам педінстытута Маркоўскім Д.С, сакратаром парткама (Антон Валынчык членам кампартыі ніколі не быў — С.Ч.) Крэнем І.П. і старшынёй мясцкама Васільевым П.В. (Гродзенскі дзяржаўны універсітэт імя Янкі Купалы. Асабістыя справы звольненых выкладчыкаў, 1973-1975, А-К. Т.1. Л. 207-257).

Гэтыя характарыстыкі пісаліся на прысваення яму заслужанага дзеяча культуры Беларусі, на розныя ўзнагароджванні, на хадатайніцтва ў выканкам Гродзенскага гарадскога савета дэпутатаў працоўных аб прызначэнні Антону Валынчыку персанальнай пенсіі рэспубліканскага значэння. Праўда, персанальнай пенсіі рэспубліканскага значэння Антону Міхайлавічу так і не далі. Тым не менш, давайце пачытаем адну з характарыстык на нашага слыннага педагога і кампазітара: “Антон Міхайлавіч Валынчык з’яўляецца выдатным спецыялістам сваёй справы, дасканала валодае методыкай выкладання, аддае ўсе сілы і веды для павышэння музычнай адукаванасці і культуры студэнтаў. З’яўляючыся загадчыкам кафедры, ён правёў вялікую працу па паляпшэнню выкладання музычных прадметаў і па павышэнню якасці працы гурткоў мастацкай самадзейнасці. Інстытуцкі хор, які ўзначальваў Антон Міхайлавіч, штогод выступаў на гарадскіх аглядах мастацкай самадзейнасці. Вялікую дапамогу аказваў А.М.Валынчык настаўнікам школ г.Гродна і вобласці ў справе павышэння іх тэарэтычнага і метадычнага ўзроўню ў выкладанні музыкі і спеваў. Добры знаўца харавога мастацтва, Антон Міхайлавіч унёс вялікі ўклад у развіццё музычнай культуры Заходняй Беларусі. Больш 55 гадоў працоўнай дзейнасці ён прысвяціў служэнню свайму народу на ніве музычнай асветы.

Працуючы выкладчыкам музыкі ў настаўніцкай семінарыі, у сярэдніх школах, а потым у педінстытуце, з’яўляючыся мастацкім кіраўніком Беларускага дзяржаўнага міжабласнога ансамбля песні і танца, хармайстрам народнага ансамбля песні і танца “Нёман”, харавой капэлы настаўнікаў г.Гродна і шэрагу харавых калектываў Слоніма, Мінска, Маладзечна, Лунінца, Клецка, Мар’інай Горкі, Антон Міхайлавіч усе свае сілы і веды аддаў справе павышэння музычнай культуры беларускага народа. Многія калектывы вобласці, у тым ліку ансамбль песні і танца в.Збляны Лідскага раёна, народны хор вёскі Баранова Іўеўскага раёна, Дзяляціцкая народная харавая капэла сваімі поспехамі таксама абавязаны А.М.Валынчыку.

Антонам Міхайлавічам напісана каля ста музычных твораў. Гэта хары і песні на словы Янкі Купалы (“Зайшло ўжо сонейка”, “За праўду” і іншыя), Якуба Коласа (“Ліпы старыя”, “На сенажаці”, “Не бядуй”, “Устаньце, хлопцы” і іншыя), П.Броўкі і А.Русака (“Крочым наперад”, “Слаўся народ беларускі” і іншыя), шмат апрацовак народных песень (“Ці свет, ці світае”, “Купалінка” і іншыя). Многія з іх уваходзяць у рэпертуар лепшых харавых калектываў рэспублікі, у тым ліку Дзяржаўнага беларускага народнага хору пад кіраўніцтвам Г.Цітовіча, Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы БССР пад кіраўніцтвм Р.Шырмы. Два творы (“Ліпы старыя” і “На сенажаці”) у выкананні харавой капэлы выдадзены ў грамзапісе. Гэтыя музычныя творы і песня “А зязюлька кукавала” увайшлі ў “залаты фонд” нашай краіны…” (Гродзенскі дзяржаўны універсітэт імя Янкі Купалы. Асабістыя справы звольненых выкладчыкаў, 1973-1975, А-К. Т.1. Л. 207-257).