Выбрать главу

І калі ў 1940-1950-х гадах Антон Валынчык не меў дзяржаўнай службы і быў незапатрабаваны як спецыяліст, то ў 1960-х гадах ён даказаў апантанай працай свае адносіны да педагогікі і беларускай культуры, хаця яму ўжо было нямала гадоў. У 1966 годзе ўпершыню за ўсё ягонае жыццё ў актавай зале Гродзенскага педінстытута быў наладжаны творчы вечар кампазітара і дырыжора з нагоды 70-годдзя з дня нараджэння і 50-годдзя працоўнай дзейнасці. З юбілеем Антона Міхайлавіча павіншаваў і Рыгор Шырма тэлеграмай: “Шчыра віншую з днём 70-годдзя. Жадаю моцнага здароўя, асабістага шчасця і далейшых творчых поспехаў на карысць нашай Радзімы!”.

Звольніўся па-асабістаму жаданню з педінстытута Антон Валынчык ажно 1 сакавіка 1974 года ва ўзросце 78 гадоў. Праўда, зрэд часу яго клікалі на месяц-другі на працу ў інстытут і ён пагаджаўся.

Жыў Антон Міхайлавіч са сваёй жонкай Вольгай Данілаўнай і сынам Леанідам спачатку на Сацыялістычнай вуліцы, 66 у Гродне, а потым у сваёй невялікай дзвюхпакаёвай кватэры на першым паверсе ў доме № 33 на вуліцы Ажэшка. Пра кампазітара ўспамінае кіраўнік фальклорнага ансамбля “Гарадзенскія дударыкі” кампазітар і музыкант з Гродна Яўген Петрашэвіч:

“Першы раз з Антонам Міхайлавічам я сустрэўся ў Мінску тады, калі быў яшчэ студэнтам. На адным з канцэртаў спяваў хор Валынчыка з Маладзечна. Пасля яго выступлення падняўся старшыня журы і папрасіў, каб яго хор праспяваў яшчэ раз свае песні. Гэта быў даволі рэдкі выпадак, каб журы некага прасіла выступіць зноў. Там я пазнаёміўся з Антонам Валынчыкам.

Калі ў Гродне я вёў свой прафсаюзны хор, яго наведвала і жонка Валынчыка Вольга Данілаўна. Гэта была даволі сімпатычная жанчына, добрай душы чалавек, нядрэнная спявачка.

Антон Валынчык у вольны час вельмі любіў нешта майстраваць. У яго было шмат розных інтрументаў, запчастачак, шрубікаў, гаечак. Любіў рыбалку, марыў злавіць у Нёмане сома. Ён ведаў, што недзе насупраць Каложы ў Нёмане ёсць яма і там вядзецца сом. Ён рабіў вялікія кручкі і часта туды хадзіў. А ці злавіў ён сома — я не ведаю. Рыбалка для яго была не просто захапленне, а там, на прыродзе, ён думаў музыку.

Антон Валынчык быў высокага росту, твар меў яркі, які лёгка можна было намаляваць.

Я бываў у яго дзвюхпакаёвай кватэры, мы шмат гутарылі пра наша жыццё. Але, напрыклад, пра сваё маленства ён не любіў прыгадваць. Ён быў больш замкнуты чалавек, індывідуаліст.

Антон Міхайлавіч вельмі прафесійна рабіў аранжыроўкі песень. Ён у добрых адносінах быў з кампазітарам Аляксандрам Шыдлоўскім, рабіў да яго песень аранжыроўкі. Неяк мне Валынчык расказваў, што, калі ён працаваў у Навагрудскай польскай і беларускай гімназіях, дык напісаў музыку да санетаў. І ўсе выкладчыкі былі здзіўленыя гэтым, бо напісаць музыку да санетаў вельмі нялёгка.

У яго была вельмі вялікая калекцыя пласцінак і ён меў патэфон. На некалькіх пласцінках былі і яго песні ў выкананні капэлы Рыгора Шырмы. Але ён быў незадаволены самім выкананнем песень і якасцю запісаў. Чуў я, што гэтыя ўсе пласцінкі Антон Міхайлавіч перадаў Гродзенскаму праваслаўнаму сабору. Але потым адтуль іх забраў адзін чалавек. Прозвішча і адрас гэтага чалавека я не ведаю. Дарэчы, Антона Валынчыка не вельмі любілі праваслаўныя свяшчэннікі, бо яго царкоўныя хары заўсёды былі лепшымі, чым сама дзейнасць гэтых свяшчэннікаў.

Антон Валынчык быў моцны харавік акадэмічнага складу. Мы вучыліся ў яго гэтаму прафесійнаму майстэрству. Зніклі кудысь і яго царкоўныя музычныя творы. Калі памёр Валынчык, жонка пераехала да сына на Украіну. Пра дачку я нічога не чуў...”.

Антона Валынчыка не стала 13 лістапада 1985 года. У адным з пісем да аўтара гэтай кнігі заслужаны настаўнік Беларусі Апанас Цыхун (1910-2005) пры жыцці неяк згадаў, што з Антонам Валынчыкам ён шчыра сябраваў, часта сустракаўся, калі той ішоў са спінінгам ці з вудамі на Нёман. “Апошні раз быў у ягонай кватэры разам з гродзенскім кампазітарам Яўгенам Петрашэвічам. Валынчык тады ўжо цяжка хварэў — ён перанёс інсульт. Яго жонка Вольга Данілаўна выканала нам песню, якую даўней спявалі гімназісты Клецкай беларускай гімназіі кожны дзень перад пачаткам заняткаў і пасля іх: “Вучыся, нябожа, вучэнне — паможа”, здаецца на словы Янкі Купалы... Хаця гэты выдатны дырыжор і кампазітар стараўся прынесці як мага больш карысці роднай Бацькаўшчыне, але наменклатуршчыкі не любілі Антона Міхайлавіча. Так ён без усялякай прычыны быў адхілены ад кіраўніцтва ансамблем песні і танца “Нёман”. Прышывалі яму ярлыкі “неблагонадёжный”, “националист”. Пасля смерці Антона Валынчыка, яго жонка Вольга Данілаўна жыве на старым месцы на вуліцы Ажэшка. Яна і зараз спявае ў царкоўным хоры”, — пісаў Апанас Пятровіч Цыхун.