Выбрать главу

Становішча навучальнай установы пагоршылася тады, калі старшыня папячыцельскага савета прафесар К.А.Андрэеў быў пераведзены на службу з Харкава ў Маскву. З ад’ездам прафесара на вучылішча пачалі менш выдаткоўваць сродкаў. Тады Кандрат Лейка вырашыў прыдбаць свой агарод. Выхаванцы самі саджалі градкі, а восенню збіралі ураджай бульбы, морквы, капусты, буракоў, цыбулі, якіх хапала на ўсю зіму.

У 1897 годзе вучылішча выпусціла 6 першых вучняў. Але ўсе яны паехалі да сваіх бацькоў, і далей вучыцца ніхто з іх не пайшоў, а дома былыя вучні займаліся пляценнем карзін. Усё гэта бачыў іх начальнік і вельмі перажываў. Ён пачынае выношваць новыя планы падрыхтоўкі сваіх выхаванцаў і рыхтуе іх да паступлення ў гімназіі і ва універсітэты. Вучылішча пачынае працаваць па праграме пачатковых класаў гімназіі.

Працуючы ў Харкаўскім вучылішчы для сляпых дзяцей, Кандрат Лейка прайшоў спецыяльныя курсы ў Пецярбургу, а таксама слухаў лекцыі ў Харкаўскім універсітэце. Ён вельмі часта выступаў у друку з артыкуламі на розныя педагагічныя тэмы. Друкаваўся ў пецярбургскіх часопісе “Слепец” і газеце “Южный край”, а таксама ў харкаўскай перыёдыцы — газеце “Губернские ведомости” і “Южный край”. Некаторыя свае артыкулы падпісваў псеўданімам Мрачный.

У 1893 годзе ў Харкаве Кандрат Лейка выдае сваю першую кнігу “Русская азбука. Учебник родной грамоты для классного и домашнего употребления”. Сярод педагагічных матэрыялаў на сённяшні дзень удалося адшукаць яго артыкулы “Экскурсия воспитанников и воспитанниц Харьковского училища слепых в Киев”, “Подвижник народной школы”, “Основа”, Письмо в редакцию”, “О правовом положении слепых в России”. Дарэчы, апошняя праца нашага земляка выдавалася асобнаю кнігаю ў бібліятэчцы часопіса “Слепец” у Пецярбургу ў 1906 годзе. Нядаўна яе ўдалося мне адшукаць і набыць на Украіне.

У Харкаве Кандрат Лейка не забываў і пра родную мову. У гэты час ён піша шмат паэтычных твораў, прысвечаных птушкам, хатнім жывёлам, а таксама сатырычныя вершы. Верш пра сабаку Рабко паэт напісаў у 1886 годзе:

Рабко верна у нас служыць, І жыве сабе, не тужыць: Удзень грэецца на сонцы, Ноччу дрыхне на саломцы. Пільнуе ён гумно, садок, З двара не ступіць ні на крок. Але тады толькі брахне, Як хто ў бок нагой штурхне.

Ішоў студзень 1905 года, і ў вучылішча для сляпых дзяцей уварваўся вецер рэвалюцыі ў Расіі. Вучні і настаўнікі абмяркоўвалі падзеі ў сваім горадзе, цікавіліся навінамі і нелегальнай літаратурай. Кандрат Фёдаравіч патураў ім. Аб гэтым даведаліся мясцовыя ўлады і звольнілі яго з пасады за “опасное вольнодумство в вопросах воспитания слепых детей”. На яго месца прыйшоў нехта Захараў — чалавек далёкі ад педагогікі і выхавання. Пры ім усе новаўвядзенні , якімі ганарыўся Лейка, хутка зніклі, а вучылішча ператварылася ў “богоугодный приют”. Аднойчы нават каля кабінета новага начальніка адбыўся пратэст. Хлопчыкі і дзяўчынкі патрабавалі, каб у вучылішчы было ўсё, як пры Кандрату Фёдаравічу Лейку, найперш — прагулкі па горадзе, спартыўныя мерапрыемствы, экскурсіі. Цяжка сёння адказаць: ці дабіліся былыя гадаванцы нашага земляка сваіх патрабаванняў, але Кандрат Лейка ў вучылішча больш не вярнуўся.

Гэтая навучальная ўстанова для сляпых дзяцей існуе ў Харкаве і сёння. Але называецца яна інакш. Цяпер гэта абласная спецыяльная гімназія-інтэрнат для сляпых дзяцей імя У.Г.Караленкі. У архіве вучылішча ўдалося нядаўна адшукаць кароткую характарыстыку Кандрата Лейкі на ўкраінскай мове: “Лейко Кіндрат Фёдорович керував училищем з 1892 по 1907 р. Прекрасний педагог, організатор. Разробив методику навчання для сліпих. Програми навчальних предметив наблизив до програм гімназіі, в ремісних класах ввів нові спеціальності: в’язання, виготовлення щіток, настроювання роялей. Було організовано хор, музичні гуртки. Велика увага приділялась розвитку у сліпих почуття оріентаціі у малому і великому просторі. Лейко К.Ф. висунув програму покращення становища сліпых у краіні, пропонуючи визнати за сліпими громадянські права, а саме: одержання безкоштовноі освіти, працевлаштування та гарантія пенсіі. Про своі вимоги Лейко К.Ф. писав до інстанцій, виступав зі статтями в журналі “Сліпець”. По суті Лейко К.Ф. — один із перших творців тифлопедагогіки”.