Выбрать главу

У 1938 годзе віленскі часопіс “Шлях моладзі” упершыню змясціў яго верш “Я бачыў”. А праз год той жа часопіс друкуе новыя вершы Алеся Сучка “Зіма”, “Мне ахвота”, “Вясна, вясна, прыйдзі хутчэй”. У простай і непасрэднай форме, выкарыстоўваючы традыцыйныя вобразы вясны, сонца, вольнай птушкі, паэт услаўляў свабоду. Ён пісаў пра жыццё вясковага бедняка, пра сялянскага хлопца-бунтара, які сядзіць у турме. Герой твораў заходнебеларускага паэта быў моцны і рашучы чалавек, які верыў у сілы народа:

Мы здабудзем перамогу, Бо за намі ўвесь народ. Падымайма ўжо трывогу, Смела пойдзем у паход.

Сёння вершы Алеся Сучка, напісаныя ў 1930-х гадах, маюць перш за ўсё літаратурна-гістарычную цікавасць. Іх агульны пафас — стваральны, сугучны нашым пераўтварэнням. Гэта вершы-заклікі, вершы-лозунгі. Паэт-змагар вучыўся майстэрству ў Валянціна Таўлая, Міхася Васілька, Максіма Танка, Анатоля Іверса і ў іншых паэтаў Заходняй Беларусі.

Перад Другой сусветнай вайной Пятро Дабрыян працаваў літработнікам слонімскай раённай газеты “Вольная праца”. З рэдакцыі яго прызвалі ў армію. Вайна захапіла юнака каля Гродна. Адтуль ён прабраўся на акупіраваную немцамі Слонімшчыну. Былыя падпольшчыкі і равеснікі Заходняй Беларусі шукалі адзін аднаго. Пятро Дабрыян скантактаваўся з сакратаром Слонімскага раённага падпольнага антыфашысцкага камітэта Феакцістам Міско. Ён, асуджаны на 12 гадоў судом Польшчы, уцёк з турмы горада Грудзёндза, калі гітлераўцы напалі на Савецкі Саюз. Гэта быў сапраўдны старэйшы сябра і дарадца.

У лютым 1942 года Пётр Дабрыян быў выбраны сакратаром моладзевай падпольнай антыфашысцкай арганізацыі Какошчыцкага падраёна. Але з адступленнем немцаў, яго забралі на фронт, давялося служыць у кавалерыйскім палку, дывізіёне баявога забяспячэння кавалерыйскай школы…

Дамоў Пятро Дабрыян вярнуўся вясной 1946 года. Працаваў на гаспадарцы, потым загадчыкам вясковага клуба, старшынёй сельскага савета, стрэлачнікам на станцыі Азярніца. Калі быў вольны час — пісаў вершы, дасылаў допісы пра вясковае жыццё ў мясцовы друк. Уладзімір Калеснік у кнізе “Сцягі і паходні” (Мн., 1965) адзначыў: “Мастацкая вартасць прыкметна паблекла ў смузе часу, але для гісторыі літаратуры такія рэчы, як, напрыклад, вершы Алеся Сучка (Пятра Навумавіча Дабрыяна), маюць сваё значэнне, іх нельга выкінуць, як слова з песні”.

Пятро Навумавіч Дабрыян быў вельмі актыўным чалавекам, ён паспяваў усюды: на пасяджэнне раённага літаб’яднання, на сустрэчы з вучнямі і настаўнікамі, да сяброў у госці, заўсёды шчыра адгукаўся на бяду, дапамагаў і справай, і словам. Ён прымаў актыўны ўдзел у рабоце раённага хору ветэранаў вайны і працы “Памяць”. А як ён хораша, цудоўна спяваў! Спяваў “Зорку Венеру” Максіма Багдановіча, “Цячэ і стогне Днепр шырокі…”, беларускія народныя песні. Я яго заўсёды прасіў, што-небудзь праспяваць. І ён спяваў з радасцю. Ён умеў чытаць свае вершы, чытаў, як артыст. Ён жыў музыкай, паэзіяй, у вершах была і засталася яго біяграфія, яго хваляванні, радасці і трывога:

Прайшоў я з мовай праз пакуты, Праз дзікі здзек былых паноў. Не раз кайданамі быў скуты, Не раз цярпеў боль бізуноў. Але ад мовы не адрокся: Я з ёю сеяў і касіў… Сваю любоў да роднай мовы Заўжды у сэрцы я насіў.

Алесь Сучок ніколі не меціў у вялікія паэты, ды й пра гэта не думаў. Жывучы ў вёсцы, ён дасылаў свае творы ў раённы і абласны друк. І радаваўся кожнай публікацыі. Вершы яго друкаваліся таксама ў зборніках “Сцягі і паходні” (Мн., 1965), “Ростані волі” (Мн., 1990), “Золак над Шчарай” (Слонім, 1994). Яго бясхітрасныя радкі напоўнены шчырасцю, адкрытасцю і даверлівасцю:

Як жаўрука пачую спеў, У захапленні стану: Так прывітацца б з ім хацеў — Рукою не дастану.

Калі мне бывала сумна і надакучвала гарадская мітусня, я ехаў да яго ў Азярніцу. Ён радаваўся сустрэчы. Ён любіў людзей і любіў жыць, яму заўсёды хацелася шчасця. Памятаю, у 1990-х гадах, калі быў дэфіцыт мэблі, ён, як ветэран вайны, купіў у вясковай краме для мяне кніжную шафу. Потым мы дваіх яе з крамы ледзьве прывалаклі дахаты Пятра Навумавіча. А калі прынеслі, то ён мне пажадаў, каб я напісаў і выдаў столькі добрых кніг, каб былі запоўненыя ўсе паліцы гэтай шафы. Тая азярніцкая мэбля і цяпер стаіць у маім пакоі гарадской кватэры. На яе паліцах месцяцца не толькі мае кнігі, але і кнігі іншых беларускіх пісьменнікаў і гісторыкаў.