Выбрать главу

Некалькі дзён Андрэй Пракапчук літаральна не адыходзіў ад паэта, і, нарэшце, лячэнне дало свае вынікі. Янка Купала выздаравеў, павесялеў. Ад сэрца ў доктара адлягло. З таго часу Андрэй Якаўлевіч даволі часта бываў у доме песняра, там заўсёды было людна, збіралася літаратурная моладзь, гарачая, цікавая і разумная. І з Якубам Коласам ён пазнаёміўся ў Купалы, у яго гасцінным доме, дзе такой шчырай і ветлівай гаспадыняй была цётка Уладзя.

Збярогся да сёняшніх дзён чацвёрты том збору твораў Янкі Купалы, выдадзены ў 1940 годзе. На ім дарчы надпіс: "Дарагому прафесару, акадэміку А. Я. Пракапчуку на добрую памяць. Шчыра адданы Янка Купала. 21.04.1940 г., г. Мінск.".[7]

У кастрычніку 1940 года Янка Купала і Андрэй Пракапчук наведалі Гродна. Гэта, відаць, была іх апошняя сумесная паездка па роднай Беларусі. У 1942 годзе Янкі Купалы не стала. Гартаючы старыя падшыўкі газеты “Савецкая Беларусь”, я нечакана спыніўся на № 61 ад 2 ліпеня 1942 года. Стала неяк горка ад прачытаных радкоў: “Акадэмія навук Беларускай ССР страціла свайго старэйшага акадэміка, члена Прэзідыума Акадэміі, вялікага песняра беларускага народа, выдатнага беларускага асветніка Янку Купалу…”. А ўнізе подпісы — Якуб Колас, Кісялёў К.В., Пракапчук А.Я. і г.д. Так доктар са Слонімшчыны развітаўся са сваім дарагім сябрам Янкам Купалам.

Доктарам быў і родны брат Андрэя Пракапчука — Ілля Пракапчук (1905 — 1973). Нарадзіўся ён у Чамярах. Скончыў медыцынскі факультэт Другога Маскоўскага універсітэта і двухгадовыя курсы Чырвонай прафесуры. Працаваў ардынатарам клінікі нервовых хвароб медыцынскага факультэта Белдзяржуніверсітэта, асістэнтам кафедры нервовых хвароб Беларускага медыцынскага інстытута. Адначасова быў навуковым супрацоўнікам і вучоным сакратаром, пасля навуковым супрацоўнікам і намеснікам дырэктара Інстытута псіханеўралогіі АН БССР. У 1936 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю.

Калі пачалася вайна, наш зямляк быў прызначаны начальнікам вайсковага шпіталя, а потым — намеснікам начальніка ўпраўлення палявога эвакуацыйнага пункта савецкай арміі на Другім Беларускім фронце.

Пасля вайны Ілля Пракапчук працаваў галоўным лекарам Менскай другой гарадской клінічнай больніцы. Ён загадваў кафедрай нервовых хвароб Менскага медінстытута, вывучаў рэгулятарныя ўласцівасці гематаэнцэфалічнага бар’еру.

ЯЗЭП СТАБРОЎСКІ

(1870-1968)

Археолаг. Краязнавец. Гісторык. Філосаф. Вынаходнік. Заснавальнік аднаго са старэйшых у Беларусі Слонімскага раённага краязнаўчага музея. Гэта наш зямляк Язэп Стаброўскі, які заслугоўвае на зямлі слонімскай шчырай павагі і памяці. Памятаць жа пра тых, хто шмат добрага і карыснага зарабіў для сваіх людзей, сёння мы развучыліся. А Язэп Стаброўскі варты, каб пра яго ведалі нашчадкі і ў першую чаргу яго землякі.

Язэп Стаброўскі нарадзіўся 2 лістапада 1870 года ў Слоніме. У сямейным альбоме, які захоўваецца ў дачкі Іосіфа Стаброўскага — Дзіляры Стаброўскай, ёсць цікавы і каштоўны здымак яго дзеда. Пад фатаграфіяй у альбоме напісана: "Вікенці сын Мацея Стаброўскі, рэгент земскі, гаспадар маёнтка "Кулікі". Памёр у 1868 годзе. Пахаваны ў пабудаванай за яго сродкі ўніяцкай царкве ў Мілавідах.

Бацька Язэпа Стаброўскага — Іосіф удзельнічаў у венгерскай, турэцкай і севастопальскай войнах. Штабс-капітан Мурамскага палка Іосіф Вікенцьевіч Стаброўскі быў паранены падчас бітвы пад Севастопалем і звольнены са службы па раненні ў 1859 годзе. Пахаваны ў вёсцы Орлавічы на Слонімшчыне.

Маці Язэпа Стаброўскага — Людвіка была родам з князёў Масальскіх. Памерла ў 1902 годзе, пахавана побач з мужам у Орлавічах. Дарэчы, бацька Людвікі Стаброўскай — Адольф Масальскі прымаў актыўны ўдзел у паўстанні 1863 года. За гэта Мураўёў-вешальнік саслаў яго ў Нерчынскія руднікі. І родны брат маці — Карл Масальскі таксама ўдзельнічаў у гэтым паўстанні. Ён быў камандзірам аднаго з атрадаў Кастуся Каліноўскага.

У 1888 годзе Язэп Стаброўскі стаў курсантам Аляксандраўскага ваеннага вучылішча. Тут ён пазнаёміўся з будучым вядомым рускім пісьменнікам Аляксандрам Купрыным. Яны шчыра пасябравалі. А потым, калі Стаброўскі жыў на Слонімшчыне, доўга перапісваліся. Наш зямляк запрашаў яго ў госці ў вёску Орлавічы. Але, на жаль, Купрын на Слонімшчыне так і не пабываў. Адзначу, што Язэп Стаброўскі перапісваўся і з Львом Талстым. А ў час ганення Льва Талстога расійскім урадам ён напісаў яму шчырае пісьмо ў знак падтрымкі пісьменніка. У палку, дзе служыў Стаброўскі, гэтым учынкам былі ўсе здзіўлены.

вернуться

7

Літаратурны музей Янкі Купалы. Ф.1, воп. 3, адз.зах. 8