У сваёй аўтабіяграфіі Язэп Стаброўскі пісаў: "У бытнасць на вайсковай службе ў 81 пяхотным Апшэронскім палку з 1891 да 1895 года загадваў палкавой швальняй. З'яўляўся палкавым інструктарам па сапёрнай справе. Па даручэнні шэфа Апшэронскага палка вялікага князя Георгія Міхайлавіча рабіў фатаграфічныя здымкі месц Дагестана, дзе Апшэронскі полк вёў баі з Шамілём, — для гісторыі палка. За гэтую працу атрымаў ад князя падарунак: гісторыю палка з уласнаручным подпісам. Пераведзены ў артылерыю з 1895 года. Шмат гадоў з'яўляўся справаводам, а пасля загадчыкам гаспадаркі батарэі і палка. Загадваў афіцэрскім сходам і бібліятэкай. З'яўляўся сябрам, а затым старшынёй брыгаднага суда і сябрам суда таварыства афіцэраў. Удзельнічаў у дзвюх палявых паездках 1910 года, якія мелі задачай рэкагнасцыроўку ўчасткаў рэк віслы і Варты з мэтай знішчэння крэпасцей Варшавы і Брэста, неабходнасць чаго пацвердзілася ў вайне 1914 года — абедзве гэтыя крэпасці былі здадзены без бою...".
Дзякуючы сваім здольнасцям Язэп Стаброўскі атрымаў магчымасць яшчэ закончыць Полацкі кадэцкі корпус, Маскоўскі археалагічны інстытут і Вышэйшыя археалагічныя курсы пры Самарскім універсітэце. Быў членам-карэспандэнтам Віленскага аддзялення Маскоўскага археалагічнага таварыства і сябрам Яраслаўскага археалагічнага таварыства.
Першую сусветную вайну Язэп Стаброўскі закончыў у чыне палкоўніка. Пасля кастрычніцкага перавароту ў Расіі служыў у Чырвонай Арміі. Але з цягам часу навуковыя інтарэсы ўзялі верх над прафесіянальна-ваеннымі, хоць Язэп Язэпавіч, да канца сваіх дзён не здымаў шыняля. А ў "Паслужным спісе" палкоўніка Я. Стаброўскага значыліся ордэны і знакі ўзнагарод: св. Станіслава 2-й і 3-й ст., св. Ганны 3-й ст., св. Ганны 2-й ст. з мячамі, св. Кн. Уладзіміра 4-й ст. і іншыя.
У 1921 годзе Язэп Стаброўскі вяртаецца на родную Слонімшчыну і ўсе свае сілы і веды аддае даследаванню роднага краю. Ён збірае ўсё, што, на яго погляд, уяўляла гістарычную каштоўнасць. У калекцыі Язэпа Стаброўскага былі такія экспанаты, якія маглі б упрыгожыць стэнды і залы найлепшых музеяў Еўропы: багатая калекцыя крамянёвых і каменных вырабаў часоў мезаліту і неаліту, галава старажытна-славянскага ідала, аўтографы Карамзіна, Дзяржавіна, Льва Талстога, два пісьмы Пушкіна да яго жонкі Наталлі Ганчаровай, гістарычныя рукапісы XVI-XII стагоддзяў і сногія-многія іншыя рэчы. А што датычыць, напрыклад, каменнага ідала, дык пра яго Язэп Стаброўскі напісаў нават даследчы артыкул і змясціў у красавіцкім нумары часопіса "Беларусь" за 1946 год. Ён пісаў: "У ваколіцах Слоніма, на выгане, дзе ніколі не было ніякіх будынкаў, у 1934 годзе пракладвалі новую Альбярцінскую вуліцу. У час выкапкі катлавана пад будову фундамента для жыллёвага дома на глыбіні каля паўметра была знойдзена каменная галава, якая цяпер знаходзіцца ў Слонімскім гісторыка-краязнаўчым музеі.
Знойдзены аб'ект, высечаны з ракавістага вапняка, уяўляе сабою мужчынскую галаву з плоскім тварам, шырокім носам, без вусоў і з завостранай бародкай. Памеры яго невялікія — 46 см у вышыню, даўжыня 22 см, шырыня — 15 см. Шыя гэтай галавы мае выгляд кліна для ўстаноўкі ў пні дрэў ці, можа, у спецыяльна выраблены каменны пастамент. Нельга меркаваць, што галава адбіта ад якой-небудзь статуі, бо няма ніякага злому, а клін выраблены вельмі выразна.
Параўнанне знойдзенай галавы з фігурамі святых у суседніх касцёлах сведчыць, што паміж імі няма ніякага падабенства. Іншыя веравызнанні, як праваслаўнае, масульманскае і яўрэйскае, зусім забараняюць ужыванне якіх бы то ні было фігур у мэтах рэлігійных. Такім чынам гэтая галава з'яўляецца помнікам дахрысціянскай пары...".
Нават сёння слонімцы сталага ўзросту расказваюць, што аднойчы, вяртаючыся дамоў, Стаброўскі стаў сведкам падзення метэарыта, які ўпаў непадалёку ад вёскі Азярніца. Пошукі працягваліся амаль паўстагоддзя, але метэарыт усё ж быў знойдзены і дастаўлены нашым земляком у музей.
Восенню 1924 года Язэп Стаброўскі арганізаваў у Слоніме выставу старадаўніх дакументаў і кніг, якія збіраў шмат гадоў. Выстава выклікала вялікую цікавасць у наведвальнікаў, асабліва сярод моладзі. Пасля яе закрыцца ўвесь сабраны археалагічны матэрыял і каштоўную калекцыю вырабаў каменнага веку Стаброўскі паклаў у аснову гісторыка-краязнаўчага музея, які расчыніў дзверы перад наведвальнікамі ў верасні 1929 года.
Сапраўдны росквіт музей Стаброўскага набыў у канцы 1939 года і на пачатку 1940-х гадоў. Жыхары горада і раёна ахвотна наведвалі музей. Дзякуючы нашаму гісторыку і краязнаўцу ён узбагаціўся дарагімі калекцыямі — мінералагічнай і палеанталагічнай, выставамі па гісторыі і рэлігіі, карцінамі, нумізматыкай, этнаграфічным матэрыялам. Усё складалася даволі добра, але раптам — вайна. У чэрвені 1941 года гаспадарамі ў Слоніме ўжо былі немцы. І ўсё ж 2 кастрычніка 1942 года на Паркавай вуліцы, 42 у старажытным горадзе над Шчарай музей зноў адчыніў свае дзверы. Давайце, напрыклад, паспрабуем уявіць гэты музей у кастрычніку 1943 года.