Як падае часопіс "Новы шлях" у нумары дзевятнаццатым за той жа год, у першай і другой залах была змешчана багатая калекцыя каменных прыладаў першабытнага чалавека эпохі неаліту на Слонімшчыне: каменныя малаткі, скрэблы, нажы, пілкі, свярдзёлкі, шылы, сякеры, наканечнікі стрэлаў. У асобных вітрынах месціліся калекцыі мінералаў і метэарытаў, пясчанікаў Юрскага перыяду са слядамі марскіх хваляў, якія сведчылі аб тым, што Слонімшчына была калісьці залітая вадою.
На сценах першых дзвюх залаў віселі карціны, якія адлюстроўвалі жыццё старажытных людзей ад незапомных часоў да навейшых. Былі ў экспазіцыі прадметы рэлігійных культаў розных народаў, напрыклад, "Свяшчэнны сікль" — срэбная манета 138 года нараджэння Хрыста і бронзавы знак з яго выявай, які служыў пропускам у катакомбы першых хрысціян.
У трэцяй зале — этнаграфічныя і гістарычныя экспанаты, многа рукапісных матэрыялаў, дакументаў з аўтографамі каралёў. Сярод іх — складзеныя па-беларуску і з "Пагоняй" на пячатках, з якіх найстарэйшы датуецца 1506 годам. Тут жа — папскія булы і аўтографы выдатнейшых гістарычных асобаў, рэдкія кнігі: Статут Вялікага Княства Літоўскага, Энцыклапедыя часоў Пятра І, Вексельнае права Кацярыны ІІ ды іншыя. З ваенных экспанатаў захаваліся шлемы, панцыры, кальчугі XVI-XVII стагоддзяў, "гізарма" (сякач XIII-VIV ст.), крамянёвая стрэльба, гарматныя ядры, турэцкія барабаны-літаўры ад 1683 года. Асобная вітрына была прысвечана беларускаму першадрукару Францішку Скарыне. Сярод выданняў пра яго жыццё і дзейнасць — партрэт вялікага асветніка, выкананы слонімскай мастачкай Р. Бялецкай.
Быў у музеі і гістарычны партрэт беларускага дзяржаўнага мужа, слонімскага старосты Льва Сапегі. У экспазіцыі, яму прысвечанай, — шахматная дошка князя, віды яго палацаў у Дзярэчыне і Ружанах, Статут, рэдактарам якога быў сам Сапега. У гонар заслугі Вялікага князя Слонім у 1591 годзе атрымаў Магдэбургскае права і герб — залаты леў з каронай на сінім полі, які стаіць на задніх лапах, а ў пярэдняй трымае срэбную стралу з падвойным крыжам.
Далей у музеі Стаброўскага мы маглі б убачыць куток, прысвечаны Міхалу Агінскаму, вялікі партрэт, напісаны алеем, — "Кастусь Каліноўскі заклікае сялян да паўстання". Апошні — копія з арыгінала П. Сергіевіча, выкананая Р. Бялецкай. Другі вялікі партрэт — "Абаронцы Св. Тройца-Сергіевай Лаўры ў 1608 годзе", работы В. П. Верашчагіна. Была і карціна "Лірнік" мастака Якуба Кучара.
Не апошняе вартасці арыгінальныя вышыўкі жаночых блузак, мужчынскіх кашуляў, ручнікоў былі ахвяраваны музею мастаком Алесем Асіпчыкам. Ён вышываў нацыянальныя строі для Слонімскага гуртка пры Беларускім Народным Доме, які існаваў пад акупацыяй. Быў у музеі пояс далікатнейшай работы, скіданы з афарбаванага ў розныя колеры конскага валосся. Яго аўтар — Міхал Галоўка, родам з Мацкалеўшчыны Слонімскага павета, які адсядзеў адзінаццаць гадоў у польскім астрозе, дзе, дарэчы, і вырабіў сваю цудоўную рэч.
Чацвёртая зала была прысвечана адраджэнню Беларусі. Упрыгожвалі экспазіцыю партрэты К. Каліноўскага, Ф. Багушэвіча, М. Багдановіча, маляваныя Р. Бялецкай, а таксама гістарычныя абразы В. Дуніна-Марцінкевіча і Цёткі, выкананыя слонімскай мастачкай Клаўдзіяй Хруцкай.
Пад знакам "Пагоні" у прыгожай раме — Акт абвяшчэння незалежнасці 25 сакавіка 1918 года ў Менску, ніжэй, таксама ў прыгожай рамцы, — Беларускі нацыянальны гімн. Гэтыя дарагія рэліквіі дбайна аформлены былі мастаком Антонам Карніцкім. Тут жа фотаздымкі Ігната Грынявіцкага, Адама Гурыновіча, Івана Луцкевіча, Вацлава Ластоўскага, групавы здымак пасяджэння Вялікай Беларускай Рады 15 кастрычніка 1917 года, на якім было вырашана склікаць Усебеларускі Кангрэс і, які потым, быў разагнаны бальшавікамі.
Шмат чаго маглі б мы ўбачыць у Слонімскім музеі Стаброўскага ў ваеннае ліхалецце. Але вайна ёсць вайна, а акупанты заўсёды застаюцца акупантамі. Многае з музейнай маёмасці стала ахвярай грабежнікаў-фашыстаў і іх прыслужнікаў. Аднак Язэпу Стаброўскаму ўдалося частку экспанатаў схаваць, хаця былі моманты, якія ледзь не каштавалі яму жыцця.