...Гітлераўскі афіцэр зайшоў у музей у той самы момант, калі Язэп Язэпавіч здымаў са сцяны адну з рэдкіх карцін Верашчагіна. Фашыст насмешліва тыцнуў пальцам у жывот сівому чалавеку і на дрэннай беларускай мове сказаў:
— Рус гэта не разумель... Верашчагін месца ў Дрэздан...
Стаброўскі паказаў фашысту фігуру з трох пальцаў...
Пасля гэтага толькі праз два дні Язэп Язэпавіч ачуняў. Цудам ён пазбегнуў смерці.
Другім прыкладам смеласці нашага земляка могуць служыць радкі з газеты "Советская Белоруссия" за 1944 год (№ 141): "Калі ў горад уварваліся гітлераўцы, перад Язэпам Іосіфавічам паўстала пытанне — што рабіць з экспанатамі? Варвары ж могуць знішчыць усё, чаму аддадзена столькі гадоў жыцця... Трэба схаваць экспанаты. Але куды? Закапаць у зямлю — сапсуюцца... І ўсё найбольш дарагое было схавана ў закрытыя шафы... Шафы Іосіф Іосіфавіч засунуў у далёкі кут пакоя і закідаў рыззём. Аднойчы ён выйшаў на гарадскую плошчу. У гэты час гітлераўцы прывезлі на грузавіках і скінулі на брук тысячы кніг. "Спаліць!", — загадаў камендант. Уначы, не адчуваючы стомы, Стаброўскі цягаў мяшкамі кнігі дадому. Тады яму ўдалося схаваць у надзейным месцы тысячы тамоў, якія пазней былі перададзены раённай бібліятэцы".
На жаль, большая палова каштоўных экспанатаў, якія сабраў Стаброўскі, да сёняшняга дня бясследна знікла са Слонімскага музея.
Пасля вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Язэп Стаброўскі зноў пачаў збіраць калекцыі, прыводзіць у належны стан рукапісы, кнігі, фатаграфіі і займацца абсталяваннем музейных пакояў... І кожны, хто яго ведаў, здзіўляўся працаздольнасці і настойлівасці гэтага чалавека, якому ўжо тады ішоў восьмы дзесятак гадоў.
Язэп Стаброўскі быў не толькі выдатным археолагам і краязнаўцам, але і таленавітым гісторыкам і вынаходнікам. Ім даследавана больш за 150 курганоў на Гродзеншчыне, напісаны і надрукаваны дзесяткі артыкулаў па краязнаўству і гісторыі. Дарэчы, першы артыкул быў надрукаваны аж у 1899 годзе ў сакавіцкім нумары часопіса "Исторический вестник". Ён меў назву "К вопросу об ископаемых стеклянных шарах".
Спадаром Стаброўскім былі напісаны дзесяткі навуковых прац. Адны назвы гавораць самі за сябе. Гэта "Састаў і абсягі Сусвету", "Сутнасць жыцця і яго з'яўленне на Зямлі", "Праваслаўе, каталіцызм і унія. Іх узаемаадносіны на Слонімшчыне", "Каменны век (неаліт) на Слонімшчыне і ў суседніх рэгіёнах", "Норавы і звычаі ў Заходняй Беларусі ў XVI і XVII стагоддзях", "Сіметрыя і хараство ў прыродзе", "Крывывм следам", успаміны з вайны 1914 года, альбом з 300 здымкамі і мемуары і многія іншыя.
Што датычыць вынаходлівасці, то трэба адзначыць, што і яна была ў Стаброўскага. Асабліва знайшлі ў свой час прымяненне шрампель удасканаленага ўзору (зацверджаны ў 1907 годзе Галоўным артылерыйскім упраўленнем) і тэлефон-прыёмнік удасканаленай канструкцыі (польскі патэнт № 18728).
Шмат перажыў на сваім вяку гэты мужны, шчыры і здольны чалавек. Але самыя страшныя абразы і здзекі яго чакалі ў пасляваенныя гады. Справа ў тым, што ў самым канцы саракавых гадоў на афармленне музейнага аддзела Вялікай Айчыннай вайны было выдаткавана 225 тысяч рублёў. На вялікі жаль, гэтыя грошы так Стаброўскі і не выкарыстаў, бо знайшліся ў раёне людзі, якія іх паклалі ў свае кішэні, а вінаватым у страце грошай зрабілі Стаброўскага. У сваёй кароценькай аўтабіяграфіі ён так і напісаў: "37 снежня 1948 года вызвалены ад працы ў музеі "як неадпавядаючы свайму ідэалагічнаму светапогляду" — у адказ на ўзбуджэнне справы аб злоўжываннях, дапушчаных пры выкарыстанні 225 тысяч рублёў, прызначаных на афармленне аддзела Вялікай Айчыннай вайны".
Пра грошы, відаць, у Слоніме ўсе добра ведалі, што гэта не яго віна. Але справа тады была не ў грошах, а, сапраўды, у "ідэалагічным светапоглядзе". А ён цікавіў і быў пад пільнай увагай органаў НКУС горада Слоніма. Прыкладам могуць служыць заявы спадара Стаброўскага ў мясцовы раённы камітэт партыі і начальніку канцылярыі Старшыні Савета Міністраў СССР (другія экзэмпляры і паштовыя квітанцыі, датаваныя 1951 і 1952 годам, знаходзяцца ў аўтара гэтай кнігі). У прыватнасці, ён пісаў: "Начальнику Канцелярии Председателя Совета Министров СССР. Стабровского Иосифа Иосифовича, проживающего в г. Слониме Барановичской обл. по ул. Комсомольской, д. № 36. Основатель Слонимского музея и бывший его старший сотрудник за вмешательство в дело о расхищении 225 тысяч рублей, отпущенных на оформление Отдела Отечественной войны в этом Музее, подвергшийся жесточайшему преследованию и отрешению от должности со сторон группы лиц, расхищавших суммы и содействующих такому расхищению, не имея решительно никакой возможности передать дело для разбора судом, встречая всяческие к этому препятствия со стороны заинтересованных лиц, — я осмелюсь обратиться как к последнему источнику справедливости И.В.Сталину, а потому покорнейше прошу Вас по ознакомлении с делом на основании прилагаемых документов, проверенных со всей строгостью, сделать Ему соответственный доклад.