— A хто ж гэта чуў? — запытаўся студэнт.
— Усе. Як гэта — хто? Каму траплялася познай парой бываць тут, апынуцца… Бывае так яшчэ, кажуць: агонь нейкі над балотам бегае. Ты за ім — ён ад цябе, ты бліжэй — ён уцякае. Сіненькі такі, невялічкі аганёк. Кажуць, грошай схавана тут багата пад нейкім вялікім закляццем.
Не дакончыў балагольшчык свае гутаркі, як далёка на полі паказалася на самай зямлі полымя… Гарыць нешта… То шугае ўверх яно, убок, то без сілы збягае ўніз.
Чорная сцень, як чалавецкая фігура, прабегла па ім раз-другі.
Праз некалькі часу полымя ўспыхнула ў другім, y трэцім месцы…
Балагольшчык змоўк ад страху. Коні вышэй паднялі галовы і закруцілі вушамі. Сам Архіп пачуў, як закалацілася ў яго сэрца і прыліплі на лбе валасы.
Што за глупства? — уголас загаманіў ён, каб разумна абмеркаваць, адкуль жа тут агонь y столькіх месцах: начлежнікаў на парыні быць не можа, a яшчэ што ж?
Балагольшчык ціха зацмокаў на коней, дыргануў вожкі і нешта ціха шапнуў коням, a тыя пабеглі шпарчэй.
Архіп здзіўлена глядзеў y поле, y цямноту.
«Ось так чартаўня. Ну й уцям тут, што за справа. I калі мне робіцца неяк нядобра, то што б было з нашым батраком? I чэрці здаліся б», — раздумляў студэнт, каб неяк выбачыць сабе сваё спужанне.
Ён яшчэ доўга-доўга ўглядаўся на полымя, a яно было ўжо цішэй, не шугала так угару і патроху знікла саўсім.
Балагольшчык маўчаў, пакуль не пад'ехалі к самай хаце Лінкевічаў. Там ён, узяўшы грошы і пажадаўшы спакойнае ночкі, дабавіў неяк недаўменна:
— Ды й зданнё ж! — і паехаў начаваць к Міхалю ў карчму.
III
Архіп спаў доўга і смачна. Ноччу сніў нешта, хто яго знае, якое, але, прачнуўшыся, нічагусенька не помніў. У хаце нікога не было, толькі чутна — y прысценку за дзвярмі матка ляпала ў качарэжніку вілкамі. Блінамі пахла… Сонейка гуляла снапамі святла па настольніку і па старэнькіх абразах. У куце гарэла лампадка. На вуліцы, чутна, гаманілі, седзячы на бярвенні, старыя і хлопцы.
«Ага, сягоння ж свята», — успомніў Архіп, пацягнуўся і сеў.
— Ці ўжо прачхнуўся? Паспаў бы ты, сынок, болей: з дарогі замарыўся, — гаварыла маці за сцяною.
— I так выспаўся, як пяньку прадаўшы, — вясёла адгукнуўся Архіп і пачаў адзявацца.
У галаве таўпесіліся думкі аб горадзе, таварышах, уроках, к ім падбаўлялася дзіваванне, што за зданнё ўчора было і якая чартаўня завялася ў новай хаце. На сэрцы было ўсё ж такі радасна і спакойна ад цёплае вясковае абставы.
— Ну і сібірнікі, расколы!.. На галаве пачынаюць хадзіць, — голасна і сурова загаманіў нехта на вуліцы, падышоўшы да кучы мужчын.
Архіп прыслухаўся.
— A што? Чаго ты? — запыталіся ў сердзюка.
— A што ж? Ну ці можа гэта быць? Семдзесят гадоў на свеце пражыў, a гэтакае пракуднае дый, папраўдзе, паскуднае з'явы не бачыў. Вы тут во седзіцё і нічога не ведаеце, a ў полі ноччу немаведама што парабілі арыштанты нейкія. Янка! Схадзі ў поле, пашукай барон сваіх… I ты, Самусь, і ты, Гаўрыла…
— A што? Якое там ліха шчэ з баронамі?
— A такое, што нейкія шэльмы іх ноччу спалілі. На вуліцы падняўся тлум, крык, гоман.
Архіп уцяміў.
«Дык вунь там якое полымя шугала? Добрае зданнё!»
Тым часам матка накрыла ўжо стол, палажыла бліны, паставіла скавараду з яечняю.
Прынёс бацька паўбутэлечку, і хоць не хацелася грашыцца старым (абедня яшчэ не адышла), але дзеля дарагога, любага сына і яны селі снедаць.
Пацякла бясконцая, прыемная гутарка аб тым, аб сім і аба ўсім.
IV
Доўгі дзень прайшоў — і не ўгледзіць калі. Схадзіў Архіп y поле, пабыў y лесе, даведаўся дзе-каго з бліжэйшай радні, абгледзеў сад.
Увечары ён захацеў беспрыменна ісці начаваць y новую хату. Узяў кажух, табаку, падушку. Бацьку таксама пажадалася пайсці з сынам: пайшоў і ён.
Новая хата была ў канцы саду, недалёчка ад шляху і блізка к рэчцы. Пабудавана была добра; Архіп ладна зарабляў леташні год урокамі, y сябе грошы меў і яшчэ сабраў бацькам на хату.
Пайшлі, агледзеліся. Бацька паклаўся на халодненькай грубцы, a студэнт лёг на лаўцы каля акна. Дзверы ён запёр, a акно, дзе ляжаў, адчыніў для свежага паветра.
Пад акном шамацела лісце на яблыньках і дулях. На небе збіраліся хмары, недзе далёка-далёка бліскала малання.
Архіп закурыў, расшліпіў гузікі і адвярнуў каўнер кашулі, каб не было так душна.
— Архіп, не забудзься ж акенца зачыніць.
— Добра, тата.
Бацька прывык уставаць рана, звечара хутка заснуць мог.