Выбрать главу

Сцены траскаталі і абвальваліся патроху. Бура прайшла. Дзікі віхор змяніўся ціхенькім прыяйным ветрыкам. Зашамацеў па лісці дожджык. Далёка за панскім лесам бліскала заціхаючая малання.

— Ну, скажы ты! Бог ведае, к чаму й што? I гэта здарэнне: пярун ударыў, людзі жывы асталіся, a хата згарэла. Мабыць, і стары Лінкевіч не будзе надта клапаціцца па ёй: згары лепей яна, чымся цярпець y ёй гэткае страхаццё. Злыдні ў ёй былі-ткі.

— Ай, не гавары ты, кум; можа, тое праўда, a можа, батрак набрахаў, што яго з печы скінуў нехта. Хвароба яго ведаіць.

— A сам Нупрэй Лінкевіч? Ён жа сам казаў, што заснець на зэдліку, a прачхнецца пад зэдлікам.

— A мала што бываіць. Зэдлік вузкі, нізкі, вось і зваліўся стары.

— Ну, браце, тут не так… Пачуў бы ён.

— Што? Ці ж я не казаў? Як вільчылі гэту хату, дык ішоў нейкі старац. Ну, ладна; майстрам давалі гарэлку — трэба, калі па-гаспадарску, і старцу б даць, пачаставаць. Не далі. Пэўне, і падчараваў. У яго вочы такія чырвоныя, чараўніцкія, кроўю паналіваліся. Я так і падумаў, што ён вядзьмак, што не падаруе.

— A дось табе, дзед, лухту пароць. Падчараваў, падчараваў… Яшчэ што выдумай.

— Думай як сабе хочаш, дзіцятка, a я добра ведаю, што яно так.

— Дык жа вот, гадоў дваццаць назад, як асінавым калом прабівалі, не тут будзь казана, што выходзіў з мaгілы кроў ссаць, нябожчыка, дык гэта…

— Не гавары… Ноч цяпер, бура, гай-магільнік недалёчка, дось… не гожа, не варта. Як слова, не ведаеш?

— Пойдзем, браткі, спаць.

VI

Ужо з паўмесяца пражыў Архіп y двары сваім, y роднай старой хаце бацькаўскай.

Грошы-страхоўку выдалі за хату, што згарэла, але каб лес купляць, і не гаварылі пакуль што: задумалі сяляне на хутары выйсці.

Людзей прадпрыімных, рухавых і здольных душыла жыццё абчэственскае. Ані паляпшэнне якое ў полі зрабіць, ані лепшага сорту жыта пасеяць, ані дабрэйшую жывёлу прыдбаць. Трэба было б з аборкаў ваду спусціць y парыні: сяляне рупныя згодзіліся, a гультаі і тыя, што на сваёй зямельцы не жывуць, a пастухамі, батракамі, леснікамі ў паноў ды жыдоў жывуць, упнуліся, не далі праз свае шнуры канаў капаць. Што ты з імі, мала ўчонымі, рабіць будзеш? «Возьмем уругу ў пана, братцы, — казалі добрыя гаспадары, — жывёла на парыні, як на бубачках, як на таку, ходзіць, што яна з'есць там, якую трасцу?..» — «A на якое ліха мне твая ўруга, калі ў мяне адна карова? Дзень як-небудзь і на парыні прашлындаіць без пашы твае, a к вечару жонка мех травы з панскага лесу прынясе ды накорміць, і ўсё тут», — разбіваюць увесь саглас вузкашнуровыя, адходжыя ды рохлі-гультаевічы. A за кожную драбніцу брэшуцца, за шкоду няўмысную і незаметную лаюцца, як агалцелыя.

Эх, бяднота, бяднота, бяднота!

Да чаго ж ты даводзіш чалавека! I жалка, горка, і крыўдна…

З лепшых людзей робіць цар голад звяроў, сумлення не маючых.

Пачалі сяляне варушыцца, аб хутарах зюкаць.

Архіп нічога пра тое з сялянамі не гаварыў, баяўся: пачнуць апосля дапякаць бацьку: «A-a, твой сын падбіў на хутары, панам зрабіўся, па-панску жыць захацеў; будзе доктарам, накалупае грошай і скупіць хутары гаспадароў бедных, заняпаўшых, будзе маёнтшчыкам, жывадзёрам».

Як агню, баяўся такіх гутарак Архіп і жыў y бацькоў ціха, смірна, y гаворкі вялікія не лезучы.

Радавалася сэрца старога бацькі яго, як пойдуць на сенакос яны: хлапец-работнік Восіп, сын і сам стары Нупрэй.

Сала возьмуць, бліноў матка напячэ, вады ў біклажцы набяруць, выйдуць утрох на дзесяціну ў Дуброўках, y паноў дзе сенакос купілі.

Восіп уперадзе, a студэнт ззаду, не паддаецца, гонар мае. Толькі й чутно: ўжык-ўжык-ўжык…

Скіне студэнт і брыль з галавы, і расшпіліцца, і распяражацца, хоча плячо ў плячо з работнікам харошым ісці.

Вясёла! Вецер сарочку паддувае, халадзіць. Скакунцы — стрык-стрык-цырр… — песеньку пяюць. Пад кустом жупаны ляжаць, і пясчанка з бруском стаіць, і Разбой іх сцеражэ, звіўся там. Бяроза сцень кідае, халадок дае. Пакошанай травою прыемна пахне, a наўкола красачак прыгожых і стаіць і ў пакосах ляжыць многа-многа!

Стары Нупрэй сядзіць сабе на пні ды — кляп-клёп, кляп-клёп — касу клепіць і радасна на сына пазірае: малады, вучоны, прыгожы і добры такі. Сам земскі, сам к яму з рукою здароўкацца першы падыходзіць. I мужыкоў, сваіх людзей, сынок не цураецца, земляка, калі трэба, усюды абароніць і чужога не скрыўдзіць…

Добра і студэнту забыцца на думы гарадскія сівыя, паэзіяй народа роднага пачаставацца, душу засмучоную ажывіць.

I толькі зданні гэтыя… Пытанні дрэнныя… Туга тая… A што! Нічога, нічога… До. Ці не дапытацца Восіпа, хто кідаў яго? Ці не пайсці на могілкі са стрэльбаю начаваць?