Выбрать главу

Натхнёныя, збіраемся адразу рваць у Мэхіка-Сіці, каб збегчы далей ад паўночных рэгіёнаў. Да таго ж у Волі нейкім цудам знаходзяцца знаёмыя ў сталіцы. З Мантэрэя наіўна вырашаем выбірацца пешшу – гэты працэс адбірае ў нас чатыры гадзіны. Мы трапляем у бясконцую пыльную будоўлю. Увесь прыгарад жыве пад гудзенне перфаратараў і цыркулярак ды рык бензінавых генератараў. Будуецца і дабудоўваецца ўсё – нават, здавалася б, скончаныя дамкі маюць на даху шчацінне арматуры, якое пакідаюць на той выпадак, калі ў сям’і раптам з’явяцца грошы, каб узвесці яшчэ адзін паверх.

За дзень дарогі мы адужваем палову адлегласці да сталіцы і ўвечары дабіраемся да нейкага мексіканскага гарадка. Мы брыдзём па начных вуліцах, каб адшукаць хоць якое-небудзь жытло. Хутка робіцца ясна, што напрасіцца ў госці ў вялікую мексіканскую сям’ю наўрад ці атрымаецца – усе дамы абгароджаныя высачэзным плотам, а з надыходам цемры прыстойныя гараджане адразу хаваюцца па хатах, зачыняюць дзверы, завешваюць вокны. «Ноч апускаецца на горад – мафія прачынаецца!»

Рабіць няма чаго, мы на дыбачках прабіраемся на страху нейкага адміністрацыйнага будынка, раскідваем спальнікі і рыхтуемся да адпачынку. Толькі я скідваю красоўкі, як ад ценю прыбудовы аддзяляецца прывідная постаць. Глыбокім басам чалавек просіць мяне падысці бліжэй, і я няўпэўнена падыходжу. Высвятляецца, што гэта мясцовы ахоўнік – вусаты мексіканец гадоў пяцідзесяці-шасцідзесяці. Як толькі ён упэўніваецца, што мы не рабаўнікі, адразу цяплее і расплываецца ва ўсмешцы. Мы з Воляй на пальцах тлумачым яму, што нам няма куды падзецца, і ахоўнік без лішніх словаў дазваляе нам застацца на начоўку. Праз нейкі час нават прыносіць коўдры.

Першыя словы, якія нам удаецца вывучыць у Мексіцы, – muy peligroso («вельмі небяспечна»). Іх як мантру паўтараюць усе і з любой нагоды. Peligroso тут літаральна ўсюды – і ў самым прыстойным раёне горада, і ў пастарунку паліцыі. Падобна на тое, што нават думаць пра Мексіку – peligroso. Вось і цяпер нас падкідвае дальнабой, які ад душы жадае вывезці парачку грынга з небяспечнага раёна. Наступную ноч мы правядзём у кабіне цягача на вузкай спальнай паліцы ў гарачых мексіканскіх абдымках з потным кіроўцам.

Наперадзе нас чакае тыдзень жыцця ў сталіцы. Мы кідаем косці ва ўкраінскай пенсіянеркі Таццяны, якая імігравала ў Мексіку ўслед за дочкамі, што выйшлі замуж за мясцовых мача. Ад футурыстычнага Мэхіка ў нас начыста зносіць дах. Метрапалітэн горада нагадвае савецкія фільмы пра піянераў космасу. Цягнікі – касмічныя караблі, мексіканцы – іншапланецяне. За адну паездку ў метро мы двойчы бачым, як дзяўчаты падкручваюць сабе вейкі сталовай лыжкай. Дарэчы, усе станцыі метро тут маюць свой унікальны лагатып. Гэта зроблена спецыяльна, каб прасцей было патлумачыць кірунак неадукаваным індзейцам.

Праз пару дзён мы пакідаем Мэхіка і перасяляемся ў горную вёску Сан-Хасэ-дэль-Пасіфіка. Гэтае невялічкае паселішча знакамітае ледзь не на ўвесь свет дзякуючы галюцынагенным грыбам (іх тут як на радзіме дзьмухаўца вясною). Дзякуючы гэтай фічы вёска амаль круглы год пад дышаль забітая валацугамі ўсіх масцяў.

Мы селімся ў хіпарскай камуне Casa de Catalina, і нас адразу ж частуюць адварам з канабісу. Пакуль мы з кожным глытком апускаемся ўсё глыбей у незапланаваны трып, суседзі разводзяць агонь у каміне і падаюць вячэру. Суп вельмі смачны, але есці замінаюць назойлівыя зорачкі, якія лётаюць вакол. Я адганяю іх рукамі і азвярэла наярваю лыжкай. Недарэчы ў поле майго зроку трапляе агонь з каміна, і я ўмомант забываю пра ежу. Як начны матылёк, загіпнатызаваны вулічным ліхтаром, заліпаю на языках полымя. Воля з націскам апускае маю руку з напоўненай лыжкай назад у талерку, і мы абое губляемся з жыцця на цэлую гадзіну.

Чорнае

Мексіка – гэта зона ачышчэння ад матэрыялізму. Тут ужо няважна, у што ты апрануты і колькі бабла ў тваіх кішэнях. Ты можаш праліць сабе на пуза кубак кавы і ўсё астатняе жыццё хадзіць у гэтай майцы. Цябе сустракаюць не па адзежцы, а па вачох.

Мы ўпісваемся на човен да гватэмальскага Лівінгстана – у гэты калісьці буйны партовы горад можна трапіць толькі па вадзе. За гадзіну марской гонкі на спід-лодцы я да сіні адбіваю сабе яйкі аб лаўку і высаджваюся на сушу пры дапамозе ўсіх чатырох канцавін. Два чорныя амбалы дапамагаюць мне выцягнуць на бераг заплечнік і тут жа прапаноўваюць купіць травы. Я адмаўляюся, бо ў нас з Воляй ужо запланаваная культурная праграма.

Мы селімся ў хостэл на ўскрайку горада, затарваемся салодкім і прымаем беражліва схаваныя ад усіх памежнікаў маркі ЛСД. У акне без аконнай рамы разлітае мора, над якім вісяць хмары колеру сырой зямлі. Цямнее. Густая чарната міксуецца са шчыльным святлом вулічных ліхтароў. Нас выносіць вонкі і цягне па вузкіх вулачках гарадка. Крамы пакрытыя цвіллю, чорныя людзі замерлі ў чорных падваротнях, паветра можна катаць у чорныя снежкі. Мы запавольваемся, каб лепей разгледзець брук, упіцца вачыма ў твар чарговага мінака, урубіцца ў трапяткое святло, якое ледзь прабіваецца праз вершаліны дрэваў. Мясцовая футбольная пляцоўка набітая бліскучымі чорнымі целамі, што перапасоўваюць адно аднаму мяч-ядро. Мы заліпаем на гэтую шаманскую карцінку, і, здаецца, нас ужо нішто не зможа ссунуць з месца. Уся рэчаіснасць – выразна вывераны кадр.