Выбрать главу

Маё «я» тым часам губляе межы. Я расплываюся ў прасторы тонкай празрыстай коўдрай. Я захутваю свет сабой. Я раблюся чыстай увагай – трэскам струн, хрусткімі стрэлкамі гадзінніка, густой ватай неба. Інтэрпрэтацыя губляе сэнс, словы разбураюцца ў літары, знакі не маюць значэння. Свядомасць, вострая як брытва, знаходзіць прыгажосць ува ўсім. Маштаб увагі няважны – мімалётнае адлюстроўваецца ў вечным, і разам яны аднолькава ідэальныя.

Мы выходзім на прычал. Чорныя хвалі б’юцца аб бетон. Нібы голыя, мы ляжым на мокрым халодным асфальце. Здаецца, ідзе дождж. Мы ловім кроплі вуснамі і плачам ад убачанага. Мы перажываем экзістэнцыйнае паражэнне.

Спакой

Рэспубліку Гандурас мы бяром прыступам на машыне нейкага дзяржаўнага клерка, які шалёна рады магчымасці папрактыкаваць сваю англійскую. Малы шчуплы мужычок у пенжыку доўга фармулюе свае пытанні і некалькі разоў паўтарае нашы адказы. У фінале ён запрашае спадарожнікаў у кафэ на вячэру, дзе мы – упершыню за месяц бананавай дыеты – да адвалу наядаемся мясам.

На каўчсёрфінг мне прыходзіць запрашэнне ад шыракаскулага гандурасца Хорхэ. На выгляд яму каля пяцідзесяці. А яшчэ ён валодае досыць вялікім гатэлем у надта малым мястэчку Замбрана непадалёк ад сталіцы. Мы вырашаем, што гэта нядрэнная магчымасць перадыхнуць ад стамляльнай вулічнай сумятні, і бяром курс на гатэль.

Хорхэ паўстае перад намі неверагодна ветлівым чалавекам. Ён адзін жыве ў сваім вялікім гатэлі, які перажывае не самыя лепшыя часы. Будынак больш нагадвае старую еўрапейскую сядзібу і рэзка вылучаецца сярод тыповага гандураскага гаўнабуду. Мы раскладваем рэчы на апошнім паверсе, у пакоі з малым балконам і панарамным відам на пышныя клёны.

Мы планавалі правесці тут тры дні, але яны павольна расцягнуліся на тры тыдні. Штодня Хорхэ гатуе для нас неверагодныя абеды, ад якіх мы нават трохі назапашваем тлушчыку. Воля бярэ на сябе абавязкі домработніцы і дапамагае Хорхэ на кухні. Я выпраўляю дробныя бытавыя касякі: рамантую машыну, лакірую аблупленыя дзверы і аконныя рамы, перакладаю чарапічны дах.

За першыя два тыдні нашага пастою ў гатэль не завітаў ніводзін бяздомны сабака, я не кажу ўжо пра кагосьці больш плацежаздольнага. Мы з Воляй вырашаем зрабіць Хорхэ новы сайт і тыдзень распрацоўваем лагістыку і дызайн. Калі дэманструем гаспадару канчатковы варыянт, добры самотны Хорхэ расплываецца ва ўсмешцы і некалькі наступных дзён кожную гадзіну дзякуе нам за тое, што мы ёсць на свеце.

Час, праведзены у ціхім утульным гатэлі, я назваў бы самым улагоджаным адрэзкам свайго падарожжа. Цёплымі вечарамі мы з кубкамі гарбаты доўга сядзім на балконе і разглядаем кароны дрэваў. Часам Воля сядае ўдасканальваць сваю іспанскую, а я раблю замалёўкі ў нататнік. Нам добра і спакойна. Так спакойна, што хочацца проста заплюшчыць вочы і замаўчаць.

Дух гэтага месца нагадвае мне доўгія летнія вечары на вёсцы ў маіх старых. Я, зусім яшчэ маленькі, сяджу пад ліхтаром на лавачцы ля хаты і разглядаю жмені зорак. Гудзе малаказавод. Недзе ўдалечыні брэшуць сабакі. Бабуля нясе з хлява сырадой. Я сяджу і гляджу ўверх. І няма нічога цяплейшага за гэты просты вясковы ўклад.

Глава 5. Рома ў Нікарагуа, Коста-Рыцы і Панаме

Дэпартацыя

Праз месяц рэлаксу ў Гандурасе мы нарэшце дабіраемся да мяжы з Нікарагуа. Памежны пост размешчаны ў смярдзючай п’янай вёсцы на беразе бруднай ракі. Без праблем праходзім гандураскую мяжу, але на нікарагуанскай нас чакае ліхі замес.

За шклом сядзіць мардаты няголены мужык у некалі белай кашулі і, нават не зірнуўшы ў нашы пашпарты, патрабуе з кожнага дванаццаць даляраў. Вопыт перасячэння межаў падказвае, што гэта развод. Да таго ж мы як след прачасалі інтэрнэт на тэму памежных збораў у Цэнтральнай Амерыцы і не сустрэлі ніводнага слова пра грашовыя выдаткі на нікарагуанскай мяжы. Я патрабую ад памежніка паперу, дзе распісаныя візавыя зборы за ўезд у краіну, але ён проста смяецца мне ў твар: