Выбрать главу

За некалькі дзён мы зарабляем чатырыста даляраў, рассылаючы платныя паштоўкі з панамскімі краявідамі сваім сябрам і проста неабыякавым людзям. Потым шчыра праходзім праз усю папяровую валакіту і плацім за візы. Але, калі мы нарэшце атрымліваем пашпарты, нас чакае новае расчараванне – візы разлічаныя роўна на даты броні гатэля, то бок на чатырнаццаць дзён. Акрамя таго, тэрмін іх дзеяння пачынаецца заўтра, а гэта значыць, што ў нас проста няма часу на пошукі таннай яхты – мы вымушаныя купляць квіткі на самалёт.

Некалькі дзён мы праседжваем у гатэлі ў пошуках самага таннага спосабу абмінуць чортаў Дар’енскі прабел, за якім ляжыць Калумбія. Знайсці спадарожную лодку праз інтэрнэт вельмі складана, у асноўным лодкі прыватныя і ніякага раскладу плавання не маюць. Акрамя таго, каштуюць яны не танней за пералёт.

Пастаяльцы хостэла раяць нам купіць білет Панама–Маямі, які каштуе дзвесце дзевяноста даляраў. Фішка ў тым, што гэта рэйс з перасадкай у Багаце – сталіцы Калумбіі, дзе можна проста выскачыць з самалёта. Улічваючы, што віза пачала сваё дзеянне ўжо ўчора, выбару ў нас не застаецца. Мы купляем квіткі на самалёт, які вылятае праз пару гадзін.

Зноў на дне

Сказаць, што мы разбітыя – не сказаць нічога. Апошнія некалькі тыдняў нашага падарожжа былі сур’ёзным выпрабаваннем на трываласць. Наперадзе Калумбія – адна з самых небяспечных краін Паўднёвай Амерыкі, якую мы вымушаныя будзем праехаць менш як за два тыдні. Да таго ж Дар’ен высмактаў усе нашы грашовыя ашчаджэнні, і мы зноў вымушаныя перайсці на падножны корм.

Мы дабіраемся да аэрапорта. Паміж рашэннем ляцець, пакупкай білетаў і рэйсам праходзіць усяго пара гадзін. Мы паказваем дакументы на стойцы рэгістрацыі. Працаўнік кампаніі доўга і ўдумліва праглядае нашы пашпарты і кажа, што, на вялікі жаль, мы не можам быць зарэгістраваныя на гэты рэйс, бо не маем дзейнай візы ЗША. Мы распавядаем яму пра тое, што не збіраемся ляцець у Штаты, а саскочым у Багаце. Працаўнік кампаніі ўпіраецца, як баран, спрэчка расцягваецца, і самалёт адлятае без нас.

Гэта фінальны ўдар па яйках ад цэнтральнаамерыканскага перашыйка. Наступныя тры дні мы правядзём у аэрапорце, седзячы ў фае з шыльдамі: «Дайце зляцець у Багату». Нарэшце ўдаецца наскрэбці неабходную суму і купіць квіткі да месца прызначэння.

Мы сядзім у бізнес-класе самалёта, які ляціць у калумбійскую сталіцу, – на гэты рэйс былі самыя танныя з даступных білетаў. У драных майках і абрэзаных джынсах мы п’ём шампанскае, якое разносяць выдрачаныя сцюардэсы. Панама застаецца недзе ўнізе – я шчыра не буду сумаваць. Мы развальваемся на скураных фатэлях і засяроджваемся на праёме ілюмінатара.

Расслабляцца рана. Наперадзе яшчэ адзін няпросты рэгіён. Я прашу прынесці мне келіх чырвонага і яшчэ шампанскага для Волі. У нас свята – мы зноў на дне.

Глава 6. Рома ў Калумбіі, Эквадоры і Перу

Наркакартэль

Хай лепш на тратуары валяюцца паўразумныя брудныя людзі і кожны квадратны метр гарадскіх фасадаў будзе ўшчэнт спісаны графіці. Хай лепш мяне абрабуюць ноччу ў падваротні і дадуць бутэлькай па галаве. Гэта сапраўды лепш, чым жыць у стэрыльным акварыуме з кормам для рыбак. Можа, таму, што тут ты павінен пастаянна глядзець пільна, мясцовыя людзі і не баяцца паказваць свае вочы?

У аўтобус заскокваюць двое няголеных мужыкоў з гітарамі і напаўняюць салон гучным: «Buenas tardes!» Дзіўна, але пасажыры поўным складам адказваюць: «Buenas tardes, señores!» Мужыкі расчахляюць інструменты і пачынаюць лабаць свае хіты, народ бадзёранька патупвае ў рытм і падпявае. Бабуля гадоў сямідзесяці ў смарагдавай сукенцы ўсміхаецца рэшткамі зубоў і выграбае са сваіх кішэняў усю дробязь. Я тайком дастаю камеру, але мужык з гітарай крычыць мне: «Не саромейся, сынок, фатаграфуй!»

З першай хвіліны ў Багаце я заўважаю, наколькі адкрытыя адзін да аднаго мясцовыя людзі. Варта табе ўсміхнуцца, і ў адказ умомант ляціць светлая шчырая ўсмешка. Гэта так падкупляе, што мімаволі забываеш пра ўсе тыя страшылкі, што некалі чуў або чытаў пра гэты горад. Праз пару прыпынкаў у аўтобус забіраецца малады пацан і пачынае бубніць у мікрафон свае рэп-куплеты. Бабуля ў смарагдавай сукенцы працягвае давіць лыбу.

Калумбія – лідар у вытворчасці і збыце какаіну. Усё дзякуючы групоўцы ФАРК, якая калісьці была ўсяго толькі ваенізаваным крылом камуністычнай партыі. Вытворчасць наркаты спачатку была спосабам сабраць касу на барацьбу з капіталістычным драконам, але паступова і незаўважна выцесніла начыста саму палітычную ідэю. ФАРК зрабіўся адной з самых уплывовых бандыцкіх груповак за ўсю гісторыю чалавецтва. Бабла ў банды было столькі, што яна магла дазволіць сабе любую зброю. Кажуць, што картэль меў нават уласны парк падводных лодак, на якіх перапраўляў какаін у Штаты.