І ўсё было б добра, калі б у сярэдзіне двухтысячных Калумбія не атрымала неверагодных памераў куш на барацьбу з наркатрафікам. Штаты перакінулі ў краіну столькі зброі, колькі змаглі сабе дазволіць. Некалькі гадоў улады паспяхова ціснулі ФАРК. Здавалася, перамога ўжо блізкая, але ў адзін момант супрацьстаянне спынілася.
Такім чынам, сумнеўная арганізацыя існуе дагэтуль. Вядома, групоўка страціла былую ўладу, але какаін усё яшчэ прэ з паўднёвай часткі краіны, як з жэрла вулкана. Унутры самой Калумбіі дзяржорганы ўжо даўно не змагаюцца са спажыўцамі стафу – турмы і без таго пад завязку забітыя наркаманамі. Існуе сакрэтная норма: калі ў тваёй кішэні знойдуць да грама рэчыва, цябе нават у пастарунак не забяруць. Дарэчы, парашок тут прадаецца літаральна на кожным рагу.
Праз увесь горад мы едзем у госці да Сары, з якой я пазнаёміўся яшчэ ў Менску. Яна тады была валанцёркай у адной моладзевай арганізацыі, і часам мы працавалі над агульнымі праектамі. Сара нарадзілася пад Венай у аўстрыйска-алжырскай сям’і і да сваіх дваццаці з капейкамі ўжо добра размаўляе на пяці мовах. Цяпер дзяўчына праходзіць універсітэцкую практыку ў мясцовым турыстычным агенцтве.
Сара ўладкоўвае нас у агульным пакоі, насупраць прыстаўкі Sony PlayStation. Як нішто іншае, гарачы душ пераўтварае валацугу ў чалавека. Мы гатуем духмяны абед – спагеці з тушанай гароднінай. Пасля трох начэй у аэрапорце, пражытых дзякуючы чыпсам Lay's, талерка гарачай ежы падобная да эндарфіну ў чыстым выглядзе.
Наступныя пяць дзён мы будзем швэндацца па цэнтры горада. Багата – велізарны гучны мегаполіс, і тут ёсць некалькі пацанскіх раёнаў, куды лепей не совацца нават удзень. Але ў астатнім гэта сапраўды ўтульнае месца, з вялікай колькасцю паркаў і веладарожак ды развітой сістэмай грамадскага транспарту. Тут проста прыемна быць, таму мы цэлымі днямі блукаем па брукаваных вулачках і асфальтаваных сцежках.
Неяк увечары мы выпадкова натыкаемся на літаратурнае кафэ недзе зусім у нетрах сталіцы. Там мы і асядаем на наступныя тры дні, каб скончыць тэкст пра Цэнтральную Амерыку. Наведнікі кафэ – спрэс мясцовая інтэлігенцыя. Як бы пахабна гэта ні гучала, але я проста лаўлю кайф ад таго, што я ў атачэнні прыгожых адукаваных людзей. І падоўгу любуюся імі, седзячы пад прыкрыццем кутняга століка.
Праз некалькі дзён мы выпаўзаем на трасу ў бок эквадорскай мяжы. Напачатку аўтаспын даецца даволі лёгка, але чым далей мы рухаемся на поўдзень, тым складаней спыніць наступную машыну. Увечары нашая каманда намёртва заліпае ля паліцэйскага пастарунка непадалёк горада Калі. Транспарт увогуле не спыняецца. Палісмены кажуць, што мы можам прастаяць тут тыдзень – шанцы спыніць машыну ў гэтым рэгіёне проста адсутнічаюць.
Вырашаем прайсціся да дома добрага чалавека, які падкінуў нас у гэты штыль. Дзверы адчыняе жанчына гадоў сарака, з целам, сабраным паводле калумбійскіх стандартаў. Яна адразу пагаджаецца прытуліць нас на ноч. Мы атрымліваем прасторны пакой з гарачым душам і шчодры паёк.
Наступнай раніцай, ступіўшы на трасу, мы спыняем першую ж машыну. Палісмены проста не вераць сваім вачам. Мы робім ім ручкай і зрываемся з месца ў кірунку мяжы.
Калумбія пакідае пасля сябе прыемныя ўспаміны.
Увечары мы перасякаем эквадорскую мяжу. Градус напружання адразу падае.
На поўначы Эквадора большая частка насельніцтва мае індзейскі выгляд. Мужчыны носяць косы, гавораць размерана і спакойна. Мы едзем спынам да бліжэйшага горада, Сан-Габрыеля, і засяляемся ў гатэль усяго за чатыры даляры на дзень. Увогуле, з перасячэннем мяжы цэны на ўсе прадукты абвальваюцца амаль удвая. Бензін тут каштуе каля даляра за галон.
Спакойны ўклад мясцовага жыцця ўсыпляе нашу пільнасць, і калі ноччу мы выходзім у гарадок, каб ляснуць па кубачку гарачай кавы, то ледзьве не нарываемся на бойку з бухімі малойчыкамі.
Дарэчы, кожны лацінаамерыканскі горад з надыходам змроку пераўтвараецца ў небяспечную клааку, якая кішыць усялякай нечысцю. Сонца хаваецца за гару, і вуліцы адразу напаўняюцца оркамі і ваўкалакамі. Мы хутка шлёпаем ножкамі па дварах і падваротнях падалей ад непрыемнасцяў і прасочваемся ў гатэль літаральна пад носам у банды бамбізаў, якія для разагрэву б’юць бутэлькі ля ўваходных дзвярэй нашага прытулку.