Выбрать главу

Гэтая прапанова выбівае мяне з каляіны. З аднаго боку, тупа кідаць кругасветку цяпер, калі за плячыма ўжо два гады вандроўнага пылу, а да фінішу застаецца зусім нічога. З другога боку, я ўжо так укатаўся ў дарозе, што новыя краіны не прыносяць былога драйву, вочы заплюшчваюцца. Думка пра тое, што ўжо праз тыдзень я магу ўбачыць сваіх родных, падсаджвае мяне «на измену». Некалькі дзён я блукаю па беразе сам не свой. Рашэнне працягваць падарожжа даецца нялёгка.

Лупіць дождж. На вуліцы яшчэ цемрадзь. Я ляжу і гляджу ў столь. Усё ўнутры мяне дрыжыць. Я мог бы ўбачыць дарагіх мне людзей ужо заўтра, але ўбачу калі-небудзь, магчыма, праз год. Такое адчуванне, што ўсе яны існуюць толькі ў маёй галаве. Дом ужо перастаў мне сніцца – я забыў, як ён выглядае. Хочацца завыць ваўком. Стрэлы дажджу малоцяць па шыферы. Столь ледзь бачная праз слёзы.

Наступае той дзень, калі Лінда з сябрамі з’язджае па справах у горны гарадок Баннёс. Мы з Воляй напрошваемся ў заднік ейнага пікапа. Развітваемся назаўсёды з душэўнымі Шэрыл і Раві, ціснем лапы кожнаму сабаку. Гэты адрэзак жыцця таксама падышоў да канца. З гарачага ўзбярэжжа мы ляцім у халодныя горы.

Ужо ў Баннёс на рэсэпшне самага таннага гатэля ў горадзе мы знаёмімся з блатным рускім хлопцам Сярогам. Ён некалькі тыдняў падзарабляе тут швейцарам у начную змену. Як і большасць рускіх, Сярога нездарма асеў у Эквадоры – ад выплаты падаткаў або крымінальнага тэрміну тут хаваюцца злачынцы з усёй галактыкі. Эквадор – адна з шасці краін планеты, якая прымае пашпарт грамадзяніна свету як афіцыйнае пасведчанне асобы. Пашпарт гэты можна набыць у інтэрнэце за дзесяць хвілін і шэсць дзясяткаў баксаў. Сапраўднае імя называць не абавязкова.

За вуглом гатэля Сярога знаёміць нас з Галінай Іванаўнай, «сваёй жанчынай» з Мікалаева, якая гандлюе самаробнымі ўкраінскімі пяльмешкамі. Вось так нечакана, пасярод паўднёваамерыканскіх джунгляў, мы дакранаемся стомленымі языкамі да непаўторнага смаку родных краёў. Пасля гэтага на заробленыя ў Donkey Den грошы мы з Воляй арандуем квадрацыклы і нясёмся мясіць бруд па горных серпанцінах. Напэўна, упершыню за год мы дазваляем сабе проста так зліць грошы на забаўку.

Наступны дзень застае нас на шляху да перуанскай мяжы. Аўтаспын ідзе на рэдкасць удала, але на апошніх трыццаці кіламетрах мы трапляем у пастку – дарога да мяжы перакрытая. Наперадзе рэлігійнае шэсце, мэта якога – даставіць статую Найсвяцейшай Панны Марыі да мяжы з Перу. Гэтыя трыццаць кіламетраў мы вымушаныя плесціся пешшу ў хвасце бясконцай калоны пад рэлігійныя напевы з рупара.

Цяжка быць богам

Аўтаспын у Перу неяк не задаўся. Мабыць, гэта першая краіна ў свеце, дзе я адчуваю віну перад кожным кіроўцам за тое, што не магу даць яму грошай за праезд. Больш за тое, я нават адчуваю віну перад мясцовымі жыхарамі, што гэтак жа не магу падаць ім капейчыну на тое-сёе.

Кожны сустрэчны малец тыкае ў нас пальцам і з ваяўнічай грымасай крычыць на ўсю вуліцу: «Гры-ы-ынгас!» Мясцовыя вытрэшчваюцца на нас, як ведзьмы на інквізітараў. Нават усмешка не дапамагае. Нешта намёртва стала клінам у мазгах тутэйшага насельніцтва. Ад гэтага наша паўтаратыднёвае падарожжа па горных вёсачках поўніцца сярэдневяковаю халоднаю злосцю.

Усё навокал нібы пад уздзеяннем нейкай асаблівай сацыяльнай радыяцыі. Мы бачым толькі доўгую горную грунтоўку і непрыветлівых брудных людзей, якія рэдкімі зубамі жуюць жылістае мяса. Яны хрумсцяць храсткамі і глядзяць на мяне з пагардаю. Яны лічаць мяне вінаватым у тым, што іхныя адзенне, твар і будучыня брудныя. Ім здаецца, што горад іхны засраны таму, што ў мяне белы твар. У іх для мяне на ўсё падвойная цана, але ад гэтага іхныя халупы не становяцца зграбнейшымі. Уся краіна – суцэльная дэкарацыя да фільма «Цяжка быць богам».

Я не хачу бачыць гэтых людзей. Я абмінаю іх позіркам. Я раздражнёны да такой ступені, што гатовы даць па носе першаму сустрэчнаму, якога не задавальняе колер маёй скуры. Шкада, але нават ад удару пад дых ён не ўцяміць, што я на тым жа дне, што я прачнуся на гары і пайду сраць у кусты, а падатруся сурвэткай, якую ўзяў у крайняй забягалаўцы. Збольшага цяпер мы адрозніваемся толькі тым, што я прынамсі карыстаюся паперай.

Я не разумею, як можна ставіцца з павагай да чалавека, у якога прама на ўваходзе ў дом ужо тыдзень стыне велізарная куча сабачага гаўна. Як можна зразумець кіроўцу, што спыняецца пасярод вёскі, каб пасцаць на нечы плот, замест таго каб зрабіць гэта праз дзвесце метраў у лесе? Я двойчы ездзіў па мясцовых рэзервацыях на аўтобусах і з упэўненасцю кажу, што лепей буду плесціся пешшу пад праліўным дажджом, чым яшчэ раз залезу ў прапахлую мачой сталёвую скрынку на колах, з якой на поўнай гучнасці даносіцца здзеклівая песня пра «каразон».