Мы паглынаем ночы ў касцёлах, паліцэйскіх пастарунках і пажарных станцыях. Як толькі нам выпадае магчымасць зашыцца ў зацішны куток, нямытыя ўжо тыдзень, стомленыя атракцыёнамі горных серпанцінаў, мы адразу хаваемся ад рэальнасці за кніжкамі, робім выгляд, быццам не заўважаем гэтага малога зябкага свету. Я злуюся на сябе за злосць на гэтых людзей, але нічога не магу з сабой зрабіць.
Праз дзесяць дзён бадзяння па горных дарогах мы раптоўна разумеем, што з такімі тэмпамі дабяромся да Куска толькі праз месяц. Насуперак жаданням даводзіцца вяртацца на Панамерыканскую шашу, што ідзе па ўзбярэжжы, і ехаць у Ліму. Рабіць гэтае кола вельмі не хочацца, але намотваць па сто кіламетраў на дзень больш няма сілы.
Ліма паўстае перад намі гіганцкай клаакай. Вялізны горад, патанулы ў смогу. Палова будынкаў пабудаваная з фанеры і кардону. Сталіца нагадвае адзін вялікі гараж, падлога ў якім па шчыкалатку залітая адпрацаваным алеем. Дзверы нашага аўтобуса расхінаюцца, і прама па курсе на тратуары ляжыць спарахнелы ад алкаголю мужык у балотцы ўласнай блявоціны. Едзем далей. Маршрут канчаецца каля нейкага гандлёвага цэнтра, і мы адразу хаваемся ўнутры будынка.
Як жа крута апынуцца сярод вітрын з кітайскімі шмоткамі! Падобна на тое, што мясцовыя людзі таксама ходзяць сюды, як на свята: усе назойліва прыадзетыя, часам нават расфуфыраныя, смакуюць марожка, прыцэньваюцца да новых тэлевізараў. Напэўна, калі будучы мэр вырашыць змяніць гэты горад да лепшага, яму прасцей будзе знесці ўсё нахер і пабудаваць нанова.
Мы выдатна разумеем, што выбрацца з Лімы аўтаспынам будзе немагчыма, таму трацім апошнія грошы на аўтобус да суседняга горада. Перу становіцца для нас сур’ёзным выпрабаваннем.
Па прыездзе ў Куска мы адразу ўладкоўваемся на працу ў хостэл. Гэта бадай што самая танная дзірка ў горадзе – усяго два з паловаю даляры за ноч. Бясплатны начлег і абед мы аплачваем тым, што шэсць гадзін на дзень сустракаем пастаяльцаў і ціснем сокі для наведнікаў кафэ. Здавалася б, нічога складанага, калі б не перуанскі падыход да вядзення бізнесу.
Першае правіла кафэ Let's go Bananas! з дэвізам «Найлепшыя фрэшы ў горадзе»: ніколі не кладзі дастаткова садавіны ў сокавыціскалку, ці, як фармулююць яго мясцовыя, «мала садавіны шмат не бывае». І вось, замест таго каб радаваць наведнікаў смачнымі напоямі, мы цягам двух тыдняў у прамысловых маштабах робім вадзяністую жыжку з лёгкім, а-ля дэжавю, прысмакам садавіны. Другое правіла хостэла: вырубі ў будынку на паўдня ваду і звалі ўсё на гарадскія службы. Дзякуючы гэтаму важнаму правілу талканы ў хостэле паўдня даверху забітыя дзярмом, але «жыровачка» ў канцы месяца важыць на пару капеек менш, чым у канкурэнтаў. Ну і, вядома, трэцяе правіла: самае важнае ў кавярні – гэта музыка, насраць на пастаяльцаў! Згодна з апошнім пункцікам бос здабыў на сметніку дзве важкія і афігіцельна рыпучыя калонкі, з якіх мы выціскаем максімум дні напралёт.
Словам, два тыдні ў Куска, самым турыстычным горадзе Перу, цяжка назваць вакацыямі ў Прастаквашыне. Мы так і не з’ездзілі на Мачу-Пікчу, бо квіткі туды каштуюць непамерна дорага. Мы не выправіліся на Інка-трэк з той жа прычыны. Калі шчыра, больш за ўсё цягам двух тыдняў нам хацелася хутчэй зваліць з гэтай памыйніцы. Але, перш як выпусціць нас за мяжу, Перу ўсё ж такі прынёс нам свае прабачэнні.
На цырымонію аяўаскі мы запісаліся ў адмысловым рэтрыт-цэнтры непадалёк ад Куска. Аяўаска – гэта натуральны напой, завараны на абрэзках Banisteriopsis caapi, або «лазы духаў», і Diplopterys cabrerana, або чаліпонга. Шаманы Паўднёвай Амерыкі спакон вякоў выкарыстоўваюць гэты брутальны эліксір для рытуальнага пашырэння свядомасці. Часам у сумесь дадаюць іншыя спецыфічныя расліны, але класічная «цёмная аяўаска» гатуецца менавіта з двух вышэйназваных інгрэдыентаў. Асноўным дзейным рэчывам напою выступае дыметылтрыптамін (ДМТ) – адзін з самых моцных вядомых псіхадэлікаў. Цырымонія праходзіць ноччу, бо яркае сонечнае святло проста немагчыма вытрываць падчас псіхадэлічнага трыпу.
Шаман раздае напой усім удзельнікам рытуалу – прыкладна па дзвесце міліграмаў кожнаму. На смак аяўаска нечым нагадвае брагу або квас. Псіхадэлічны спектакль пачынаецца прыкладна праз дваццаць хвілін і доўжыцца каля шасці гадзін. Праз некаторы час пачынаюцца прыступы млоснасці, але ў цэлым працэс пераносіцца лёгка.