А далей – дом, мамчыны слёзы, мой пакой, у якім пасля рамонту не засталося нічога, што магло б нагадаць пра мінулае жыццё. І я, разгублены, не знаходжу сабе месца ў горадзе, дзе пакуль што адчуваю сябе замежнікам.
Наступны месяц выдаецца занадта рэзкім. Унутры мяне нешта пераломліваецца. Маё ўспрыманне так моцна абвастраецца, што я літаральна прасвечваю сцены. Кожная дэталь навакольнага свету быццам бы набывае неверагодную важнасць. Я заліпаю на ўсім запар: на людзях, слупах, скрыжаваннях, адлюстраваннях і бліках.
Два тыдні я амаль не сплю. Мне складана даюцца размовы з малазнаёмымі людзьмі, а яшчэ складаней – з тымі, каго я ніколі не ведаў. Тоны ўвагі з боку мінакоў робяць з мяне параноіка. Мае паводзіны крыўдзяць сяброў і знаёмых, што толькі пагаршае сітуацыю. Я пачынаю баяцца, што ў мяне паедзе дах. Я падоўгу сачу за сваім дыханнем, каб не згубіць берагоў.
Падарожжа вакол свету навучыла мяне важнаму навыку – не песціць ілюзій пра тое, што недзе будзе лепей, чым там, дзе ты цяпер. Няма на планеце месца, дзе ўсё ідэальна. Ні ў Нью-Ёрку, ні ў Бангкоку, ні ў Тэгусігальпе табе не будзе выдатна, калі ўнутры гарыць склад боепрыпасаў. Гармонія пачынаецца з цябе самога. І калі ты ў парадку, то што б ні падала з неба – снег, ракеты або галубінае лайно, – ты будзеш у парадку.
Каб не перавярнуцца на акіянскіх хвалях, патрэбны важкі кіль. Калі цябе спрабуюць праткнуць нажом або загарнуць у дыван, або калі папросту едзе дах, не абысціся без таго, што верне табе рэзкасць думкі. Мой пункт апоры – дыханне. Яно ратавала мяне сотню разоў.
Упершыню я адкрыў дыханне як інструмент для здабыцця спакою і рэзкасці на дзесяцідзённай медытацыі ў гарах на востраве Пінанг. Звычайна мы не кантралюем дыханне. Гэта такі фонавы працэс, што адбываецца без нашага ўдзелу. Але дастаткова крыху паназіраць за рытмам сваіх лёгкіх, як зробіцца ясна, што дыханне цесна звязанае са свядомасцю. У моманты небяспекі паніка адключае розум, але варта збіць хуткі рытм удыхаў і выдыхаў, як яснасць вяртаецца.
Усё гэта здаецца малапрыдатным для горада, дзе мянтоў больш, чым людзей. Мы перасталі баяцца – нас пастаянна аберагаюць. Мы развучыліся абараняцца – манапалістам на права праявіць агрэсію выступае дзяржава. Мы забыліся, што такое голад і холад. Наша жыццё стабільнае, прадказальнае і распісанае на доўгія гады наперад. У нас усё добра, таму нам так складана адчуць смак жыцця. Мы паціху паўзём у несмяротнасць.
Я шчыра баюся зрабіцца неўміручым. Мая свядомасць аднойчы замкнула мяне ў пустаце і адкрыла мне месца, дзе няма часу. Там, у гэтым месцы, не існуе ніякага рытму. Нішто не прадугледжвае перамен. Усё стабільна настолькі, што ты не можаш зразумець, прайшла адна секунда ці дзесяць гадоў. Ты не можаш скеміць, жывы ты ці мёртвы. У цябе няма цела – ты ёсць увага, накіраваная ў пустэчу.
Вопыт абсалютнай нязменнасці, адсутнасці часу, вопыт вечнасці навучыў мяне цаніць жыццё. Маё жыццё – гэта хваля. Маё сэрца выстуквае мой час. Я добры і злы, шчаслівы і падаўлены – я жывы.
Праз чатыры месяцы я ўсё яшчэ сплю на падлозе і штодня хаджу каля трасы, што сыходзіць за горад, – той самай, з якой калісьці пачалося маё кругасветнае падарожжа. Мы з ёй часам глядзім адно на аднаго, усміхаемся, просім перадаць прывітанні знаёмым. Мяне часта цягне заначаваць на вуліцы, але я стараюся не трывожыць родных сваімі выхадкамі, таму сплю дома з адкрытымі вокнамі, каб чуць гукі дарогі і адчуваць халоднае паветра. Мне некамфортна без заплечніка, таму я ўсюды цягаю яго з сабой. Я дагэтуль адвыкаю ад слова «gracias».
Гэтая гісторыя падышла да канца. Я шчаслівы пісаць апошнія радкі – быццам здымаю груз з плячэй. Зіма дае мне час перазагрузіцца, але на ўсялякі выпадак я заўсёды нашу з сабой компас.
Ніколі не ведаеш, у якую хвіліну зноў падзьме спадарожны вецер.