Выбрать главу

З рухавіка аб’ёмам тры з чвэрцю літры б’е прыгожы бензінавы фантанчык. Бензін 87-ы. Яго нам заліў добры канадскі дзядуля, калі мы стаялі з таблічкай «Gas needed» на запраўцы ўсё ў тых жа гарах. Але што да цяперашняга моманту, то ехаць далей немагчыма – ёсць рызыка ператварыцца ў агнявую камету і спаліць нацпарк да д’ябла. Сітуацыя пагаршаецца тым, што навокал няма Wi-Fi і, баюся гэта агучваць, нават GSM-сеткі. З аўтаслясарным рамяством я на «вы», так што становішча паступова набліжаецца да катастрафічнага. З прыладаў я маю толькі малы развадны ключык і дзве адвёрткі. Яшчэ ёсць Воля, каб панікаваць.

Я цвёрда вырашаю адрамантаваць тачылу і ныраю з галавой пад капот. Тым часам мая партнёрка тармазіць рэдкія машыны ў надзеі нарвацца на механіка нашай мары. Спыняюцца 100 % аўто, але фізічна дапамагчы ніхто не можа.

Пакуль я трэці раз спрабую ліквідаваць фантан пад капотам, Воля нарэшце заарканьвае нейкага канадца нападпітку. Ён адважваецца пакалупаць наш матор – разбірае паводле майго метаду месца прабоіны, пранікнёна глядзіць у праапераванае сэрца аўтамабіля і прыкручвае ўсё назад. Сраная шчылінка працягвае пырскаць дарагім бензам. Канадзец дзіка просіць прабачэння і паспешна з’язджае.

Я разбіраю мацаванне чацвёрты раз, намотваю на месца прабоіны жавальную гумку і моцна закручваю ўсё, што можна закруціць. Фантанчыка больш няма.

Не паспяваем мы завесціся, як аднекуль з’яўляецца ўсё той жа п’янаваты канадзец і прэзентуе нам пакет з бутэрбродамі. Наступны раз мы сустракаем яго ў бліжэйшым горадзе. Мужык шалёна рады нас бачыць. Ажно дае сотку баксаў на рамонт.

Праз восем тысяч кіламетраў машына ўсё яшчэ едзе на жавальнай гумцы.

Гена

– Мяса ў іх тут гаўно! Не, нармальнае знайсці можна, але яго яшчэ пашукаць прыйдзецца. Я вось што прапаноўваю: уначы пойдзем на могілкі і на вуду гусака зловім. Іх там дахалеры ў сажалцы плавае. Галоўнае, каб ніхто нас не спаліў, бо за гусака табе тут такі тэрмін улепяць! Больш, чым за чалавека, – кажа Гена і ўпіваецца позіркам мне ў твар.

З Генам мы знаёмімся праз пару дзён пасля прыбыцця ў Энкарыдж. Амаль адразу ён селіць нашу брыгаду ў сваю хату і ставіць на поўнае ўтрыманне. Гене за пяцьдзясят. Ён прывёз сваю сям’ю на Аляску год таму дзякуючы латарэі Green Card. Па-англійску Гена амаль не размаўляе, таму пакутуе ад недахопу простых чалавечых стасункаў. Праз гэтую акалічнасць першыя пару дзён мы выходзім з-за стала далёка за поўнач.

Падчас сяброўства з Генам і ягонай сям’ёй мы некалькі разоў робім вылазкі: то па рыбу, ад якой мясцовыя рыбакі адразаюць два шматочкі філеечкі, а астатняе проста выкідаюць, то па яблыкі, якія амерыканцы ўвогуле лічаць неядомымі. Праз тое, што Гена дакладна ведае, дзе і што не так ляжыць, ягоная сям’я ніколі не галадае. Больш за тое – апошні раз я так смачна аб’ядаўся, мусіць, у Грузіі.

Я ведаю так шмат людзей, што жывуць па-за сістэмай. Хтосьці паліць паліцэйскія ўчасткі, хтосьці не ўжывае мяса, хтосьці засынае і прачынаецца ў закінутых будынках. Кожны носіцца са сваім пазасістэмным сцягам і крычыць на кожным куце аб прагнілым свеце. А Гена тым часам збірае ранеткі і робіць з іх варэнне.

Спонсар

Калі б не Гена, мы б ужо даўно елі кару з дрэваў і заварвалі чарназём замест кавы. Нашы з Воляй грошы скончыліся яшчэ пад Ванкувэрам, а дзе зарабіць новыя, мы пакуль не ведаем. Запас макароны відавочна вычарпаўся. Да таго ж за наш экстрэмальны аўтапрабег назбіраўся стос штрафных квітанцый за паркоўку.

Гена падабраў нас на ўзбочыне і выдзеліў пакой у сваім доме. Звычайна у гэтым пакоі жывуць дзве ягоныя дачкі, Паліна і Ксюша, але дзяўчынкі таксама не супраць нашага візіту. Нас, дарэчы, зноў трое – Сеня дабраўся да Энкарыджа па паветры хутчэй за нас і пару дзён перабіваўся па каўчы ў чаканні нашага прыезду.

Пакуль зусім не пахаладала, нашая тройка ў пошуках працы абыходзіць усе парты, да якіх толькі можна дабрацца. Але наступны рыбны сезон пачынаецца толькі ў студзені, таму больш-менш годных вакансій няма татальна. Адзіныя варыянты падпрацоўкі, якія могуць нам свяціць, – гэта мыццё посуду або пагрузка-разгрузка ўсялякага хлам’я, але пасля лос-анджэлескага экспірыенсу я цвёрда вырашаю гэтых памылак не паўтараць. Час цягнецца, і грашовае пытанне паўстае вельмі востра.

Можна, вядома, кінуць машыну ў якім-небудзь кювеце і рвануць спынам на ўсходняе ўзбярэжжа, але ўзнікае шэраг праблем:

1. Нельга проста ўзяць і кінуць машыну: за пакінуты без нагляду аўтамабіль у ЗША прадугледжаныя сур’ёзныя штрафы. Прадаць тачылу таксама вельмі складана, бо зімой на Алясцы ад «каравана» мала карысці, да таго ж ён зарэгістраваны ў Каліфорніі.