Такая дурная сітуацыя здараецца ўжо тысячны раз. Ты ведаеш, што дзесьці далёка-далёка існуе нешта недасягальнае, але вельмі дарагое твайму сэрцу. Ты песціш гэта ўнутры сябе. Яно дапамагае табе біцца са штодзённасцю. І вось раптам ты набіраешся адвагі і кідаешся ў недасягальнасць, каб хаця б на секунду пабыць разам з ім. Праз вечнасць ты прыпаўзаеш да свайго ідэалу, разгублены, задыханы, не ў найлепшай кашулі, і ўсё псуеш. Абсалютна ўсё!
Знайсці новы «дом» не атрымалася. Увесь зваротны шлях мы праходзім за дзень. Раку фарсіруем уначы. На досвітку, напаўжывыя, даходзім да машыны. Па дарозе ў Энкарыдж выбухае трубка падачы вады ў радыятар задняй печкі. Сем гадзінаў на снезе пад машынай, і новая прабоіна ліквідаваная. Жавальная гумка і бляшанка з-пад кока-колы – вось яны, герметыкі новага пакалення!
Нарэшце марозным кастрычніцкім ранкам мы развітваемся з Генам і ягонай сям’ёй. Мне вельмі хочацца верыць, што праз пару-тройку гадоў мы сустрэнемся зноў і абавязкова знойдзем час, каб злавіць гусака на гарадскіх могілках. Але цяпер я заводжу матор, і нашы сябры павольна згасаюць у люстэрку задняга віду. Тым часам Сеня ўжо ляціць самалётам да Тэхаса. А мы бяром курс на Нью-Ёрк. Навігатар выдае крыху больш за восем тысяч кіламетраў.
Зіма – цяжкі час для валацуг. Я пішу гэты тэкст, седзячы ў Starbucks у горадзе Эдмантан – сталіцы канадскай Албэрты. На вуліцы ляжыць снег, і нават у выратавальнай кавярні пальцы дранцвеюць над клавіятурай. Я толькі што збегаў у машыну, каб па-хуткаму з’есці паўбанкі кансерваваных памідораў, і вярнуўся назад адаграваць далоні пад цёплай вадой у прыбіральні. У бензабаку – літраў дзесяць паліва, у руках – нябачны барабан, на шыі – гальштук. Зараз мы паедзем у які-небудзь прыватнік, парканемся і будзем грэцца пад кучай коўдраў да раніцы. Упэўненасць у заўтрашнім дні – доля слабакоў!
Глава 3. Рома ў Нью-Ёрку
У машыне падцякае радыятар печкі. Таму ў салоне холадна і смярдзіць антыфрызам. Мне ўдаецца здабыць малы керамічны награвальнік, які працуе ад акумулятара. Перад сном мы закідваем награвальнік пад спальнікі, каб хутчэй сагрэцца.
Раніцай усе вокны машыны пакрываюцца намараззю. З рота валіць пара. Звычайна Воля ўстае першай. Следам я. Мацюкаючыся, нацягваю прасякнутую потам тэрмабялізну і заводжу матор. Адкрываю капот і правяраю вадкасці. Як правіла, даліваю трохі астуджайкі. Воля тым часам робіць каву і залівае кіпнем які-небудзь хуткасуп. За сняданкам мы абмяркоўваем стратэгію жабрацтва на сённяшні дзень. У залежнасці ад сітуацыі мы або выкарыстоўваем таблічку-папрашайку, або просім бензін класічным спосабам – бегаючы ад машыны да машыны.
Мы так даўно не мыліся, што ўжо не заўважаем нясцерпнага паху ўласных целаў. У адзін момант робіцца настолькі ўсё роўна, што, здаецца, можна больш увогуле ніколі не мыцца. Музыка ў плэеры надакучвае настолькі, што мы гатовыя слухаць канадска-амерыканскія радыёстанцыі, якія, дарэчы, амаль нічым не адрозніваюцца ад беларускіх – у добраахвотным парадку ўсё тыя ж 70 % эфіру на іх складае нацыянальная творчасць.
Чым далей мы прасоўваемся на поўдзень, тым больш хочацца назад на поўнач. Для тутэйшай правінцыі характэрная адсутнасць характэрнага. Час запавольваецца, і канадскі кіламетр для нас доўжыцца, як пяць лос-анджэлескіх міль. З Энкарыджа да Нью-Ёрка мы дабіраемся цэлы месяц. Па дарозе завісаем у сяброў з Таронта, адмываемся і ад’ядаемся.
Да NYC мы дабіраемся позна ўвечары і адразу трапляем у страшэнны вячэрні корак на Манхэтане. За месяц блукання па канадскіх дарогах я так адвыкаю ад трафіку, што да нашага будучага дома ў габрэйскім раёне Брукліна мы дабіраемся ўзмакрэлымі і пасівелымі.
Недзе з дзясятак дзён мы з Воляй прыходзім у сябе пасля дарогі. Напэўна, толькі праз тыдзень я ўпершыню дазваляю сабе прайсціся на адлегласць дзвюх вуліц ад сваёй нары, каб размяць косткі. Я так стаміўся ад дарогі, што мне зусім не хочацца ні на Таймз-скўэр, ні ў Сэнтрал Парк, ні куды б там ні было ўвогуле. Я вандрую ад хаты да бліжэйшай крамы, а ўвесь астатні час праводжу ў абдымках з ноўтбукам.
Наш раён насяляюць пераважна габрэі-хасіды. У крамах прадаецца кашэрныя ежа, а на слупах вісяць рэкламкі танных парыкоў і афішкі будучых выступленняў вядомых рабінаў. Кожную пятніцу авіяцыйная сірэна аглушальна інфармуе нас пра пачатак шабата. З гэтага моманту і да вечара суботы ўвесь раён будзе абсалютна мёртвым. На ціхіх вуліцах не будуць працаваць крамы, цішыню не сапсуе рокат машыннага рухавіка, усе жыхары затояцца ў сваіх норках, здаецца, нават птушкі часова прыпыняць свае пералёты.