Уся чалавечая надбудова з правілаў, законаў і звычаяў у большай ступені трымаецца на абсалютызацыі каштоўнасці чалавечага жыцця. Выконваючы правілы, мы становімся на бок дабра. Парушаючы правілы, мы ствараем зло.
Быць добрым – значыць прызнаваць перамогу страху смерці над уласнай свядомасцю. Быць добрым – значыць запісацца ў шэрагі сцыкуноў.
Я стаміўся ад дарогі. Змена рэльефу больш не прыносіць радасці. Рэчы, якія вабілі ў шляху, ператварыліся ў руціну. Мне вельмі хочацца дадому, да сябе, у Менск на станцыю метро «Аўтазаводская». Мне хочацца выгуляць свайго сабаку і абняць бацькоў. Я так хацеў бы напіцца са сваімі сябрамі. Але ёсць адна рэч, якая мяне палохае і спыняе. Я ведаю, што ў мяне не атрымаецца жыць на першай паніжанай. Я не змагу мірыцца з тыраніяй кіраўнікоў, законаў і традыцый. Я шалёна хачу пазбавіцца ўласнага імя і любога пашпарта. Я хачу быць простым чалавекам безадносна любога дзяржаўнага ладу і статусу.
Некалькі разоў на тыдзень, увечары, нашая тройка выбіраецца ў горад, каб пралезці па смеццевых кантэйнерах каля вялікіх супермаркетаў на Манхэтане. Звычайна нам дастаткова паўгадзіны, каб пад завязку набіць прадуктамі заплечнікі і торбы. Мы ў прамым сэнсе бяром роўна столькі, колькі можам несці. Нам не даводзіцца шмат хадзіць, ля першай жа крамы мы дастаём са смеццевых пакетаў усё неабходнае. Кожны раз, калі мы, набітыя пад завязку, цягнемся да метро, Сеня ўспамінае сваю гадавую макаронную дыету ў Лос-Анджэлесе.
– Не магу паверыць! – узбуджаецца ён. – Я цэлы год жор толькі макарону. Мне не хапала грошай нават на кетчуп. Пра сасіскі я наогул маўчу. Кожная сасіска была для мяне святам! Я цэлымі днямі адшкрабаў ад талерак в’етнамскую локшыну ў самым убогім шынку Лос-Анджэлеса толькі для таго, каб увечары пайсці ў краму і на заробленыя грошы купіць сабе макароны. А цяпер мы за паўгадзіны дастаём са сметніцы прадуктаў на пару сотняў даляраў! На гэтыя вось шампіньёны я раней у краме нават глядзець баяўся. Як жа выдатна быць адкідам грамадства!
Дзякуючы шчодрасці капіталістычнай памыйніцы мы пачынаем ладзіць царскія абеды, на якія б ніколі не дазволілі сабе патраціцца. У нас ёсць пастаянны выбар разнастайных прадуктаў, таму Воля нават пачынае прапампоўваць свае кулінарныя скілы.
Мне тым часам прыходзіць у галаву яшчэ адна ідэя – здабыць сапраўдную парусную яхту і адправіцца ў бок Карыбскага мора. Дакладнага плану пакуль няма, я проста днямі напралёт чытаю тэорыю і гляджу ўрокі кіравання суднам. Здаецца, мора – гэта іншы свет, які заўсёды быў побач, але пра які я дагэтуль нічога не ведаю.
Якім чынам мы стартанём на поўдзень, будзе ясна зусім хутка – сядзець на месцы больш няма сілаў. У любым выпадку, наперад мне ўжо даўным-даўно карацей, чым назад.
Глава 4. Рома ў Мексіцы, Гватэмале і Гандурасе
Мы з Воляй брыдзём па беразе шырокай амерыканскай трасы, пакідаючы за плячыма аэрапорт Даласа. Халодны, прысыпаны пяском і соллю Нью-Ёрк змяняецца вясновым пустынным Тэхасам. Мы прызямліліся гадзіну таму і цяпер бесклапотна топчам узбочыну ў паўднёвым кірунку. Дыхаецца па-сакавіцку лёгка. Свежы вецер цярэбіць маю расшпіленую куртку.
Апошнія пяць дзён у Нью-Ёрку мы праваляліся з тэмпературай за 38˚С і збіралі заплечнікі па калена ў соплях. Мы так і не адважыліся знайсці яхту – Сеня нечакана атрымаў грын-карту, прадаў тачылу і зваліў па справах у Маскву. Маё вернае карыта ўжо даўно спачывае на сметнішчы, а аглядаць мясцовыя прыстані без колаў пад дупай – справа вельмі няўдзячная. Таму ідэю прайсціся пад ветразем прыйшлося адкласці да лепшых часоў.
Цяпер уся гэтая нью-ёркаўская бытавуха ўжо ў мінулым, мы брыдзём па тэхаскай трасе і маральна рыхтуемся да жахлівага амерыканскага аўтаспыну. Але выцягнуць вялікі палец я не паспяваю – побач з намі ўжо спыняецца машына.
За стырном старэнькага бэжавага «гранд-меркурыя» сядзіць чалавек гадоў сарака пяці. Гэта Джордж. У яго вялікія кісці рук, ліхая лысіна на патыліцы, круглы лоб і масіўныя акуляры савецкага інжынера. Ягоная міміка – нібы запаволены ў два разы відэашэраг, ён размаўляе вельмі мякка, удумліва і адразу ж пагаджаецца давесці нас да Форт-Ўэрта. Джордж жудасна нагадвае класічнага маньяка з амерыканскіх фільмаў. Настолькі жудасна, што я мімаволі аглядаю прастору пад сядзеннямі і дзвярныя кішэні на прадмет цесака са слядамі загусцелай крыві. Вадзіла тым часам прапаноўвае заскочыць на хвілінку да яго на хату, каб захапіць мапу і тое-сёе перакусіць. Мы пагаджаемся.