Выбрать главу

Мы дабіраемся да арт-зоны, якая месціцца недзе ў цэнтры сталіцы. У парку расстаўленыя сучасныя скульптуры, пасярэдзіне – музей мастацтва. На першым паверсе будынка месціцца магазін хэндмэйд-тавараў – вельмі нагадвае менскую галерэю «Ў». Цяпер у Іране Рамадан – мусульманскае свята даўжынёй у месяц, таму ўсе выставы прысвечаныя выключна рэлігіі.

Праз пару дзён мне ўжо трэба з’язджаць ад дзяўчат, бо хутка вяртаюцца іх бацькі. Я прашу вывезці мяне ў самы бедны раён Тэгерана.

Не паспяваю я выйсці з машыны, як да мяне пад’язджае хлопец на матацыкле. Ён зусім не гаворыць па-англійску і толькі жэстамі запрашае мяне заняць месца на сваім байку. Я сядаю, і мы ляцім кудысьці па вузкіх і брудных вуліцах. Яго завуць Сірыўс, і яму дваццаць чатыры. На яго шыі вытатуяваны крыж, а на спіне сляды ад удараў бізуном – вельмі папулярнае ў Іране пакаранне. Кажуць, што пасля такой працэдуры ты не можаш ляжаць на спіне некалькі месяцаў. У нас у «Амерыканцы» амаль тыя ж метады.

Тым часам мы паднімаемся ў горы. Паабапал дарогі, калі гэта можна назваць дарогай, стаяць афганскія хаціны. Афганцы ў Тэгеране, як узбекі ў Маскве, галоўная працоўная сіла на будоўлях. Іх тут не паважаюць, баяцца ды імкнуцца абыходзіць бокам. Сірыўс спыняе свой матацыкл каля ракі, мы злазім, каб памыцца. Пакуль я адмываюся ад пылу, мой новы сябар збягае некуды ў цясніну і прыцягвае аграменную дыню. Нажа ў нас няма, таму Сірыўс разбівае яе аб камень і дае мне палову. Дыні тут не жоўтыя, як у нас, а зялёныя. І па смаку трохі не дацягваюць да айчынных.

Пасля прагулкі ў горы мы спускаемся назад. Сірыўс вязе мяне да сябе ў госці. У ягоным пакоі дзве адметныя рэчы: плакат Брытні Спірс, якім ён вельмі ганарыцца, і Sony PlayStation. Мяне кормяць да адвалу і разгромліваюць у футбол на прыстаўцы. Раблю выгляд, што мне хтосьці тэлефануе і прапаноўвае сустрэцца. Сірыўс разумее, што мне трэба ісці, заводзіць свой матацыкл і адвозіць да бліжэйшай аўтобуснай станцыі. Ехаць кудысьці мне зусім не хочацца, і я вырашаю падняцца ў парк, які віднеецца дзесьці наверсе на схіле гары.

У парку традыцыйна шмат людзей, якія гуляюць у пінг-понг, бадмінтон і валейбол. Наогул, спартыўныя гульні тут – галоўная забаўка. Мабыць, таму, што піва не прадаюць у кожным шапіку – яно тут увогуле забароненае, як і любыя іншыя спіртныя напоі. Акрамя безалкагольнага, якое, вядома, тут люта папулярнае.

Я кідаю свой заплечнік і сядаю ў цень пад дрэвам. Лысы мужык сярэдняга целаскладу цікавіцца, ці не патрэбная мне дапамога – так я знаёмлюся з Амінам. Яму дваццаць дзевяць, ён гей, займаецца продажам камянёў, ненавідзіць цыгарэты. Ён пакідае мне свой нумар тэлефона:

– Калі будуць нейкія траблы, адразу тэлефануй. У цябе ёсць месца дзе жыць?

– Спадзяюся, што так.

– Калі не знойдзеш – тэлефануй мне. Я жыву адзін, у мяне ёсць для цябе ложак.

Я не вельмі давяраю такім запрашэнням ад людзей, якія аддаюць перавагу аднаполым адносінам, бо неяк меў непрыемны вопыт у Кітаі, калі ноччу мой хостэр знянацку пачаў да мяне падкочваць. Але Аміну я чамусьці давяраю і кажу, што пазваню яму, калі сябры не змогуць знайсці для мяне іншага месца.

Сябры не змаглі. Даведваюся я пра гэта толькі а дванаццатай гадзіне ночы. Спрабую тэлефанаваць Аміну, але ён не адказвае. Пералажу праз плот нейкага шматпавярховага дома – тут абсалютна нармальна, калі пры шматпавярховым доме замацаваны ўласны парк. Стаўлю палатку і адрубаюся.

«Зялёныя» пратэсты

Раніца пачынаецца рэзка. Нехта грукае па тэнце майго намёта:

– Don't touch my tent!!! – раву я.

– %?:*(:№?*! – чую ў адказ на персідскай.

– Fuck u! Don't touch my tent!

– Hotel, mister! Hotel!

Прыкладна так будзе пачынацца мая раніца кожны раз, калі я буду начаваць у намёце недзе ў горадзе. Які-небудзь мясцовы ахоўнік або дворнік абавязкова палічыць мае паводзіны не вартымі сапраўднага інтурыста і будзе настойліва патрабаваць майго найхутчэйшага этапу ў гатэль.

Тэлефануе Амін і моцна просіць прабачэння, што ўчора не падняў трубу. Той факт, што я начаваў на вуліцы, прыводзіць яго ў шок. Ён кажа, што мы павінны неадкладна сустрэцца. Амін – гей, але яму больш падабаецца, калі яго называюць бісексуалам. Ён кажа, што я не ў ягоным гусце, так што магу расслабіцца. Я, напэўна, супакойваюся. Ён запрашае мяне трохі пазней з’ездзіць з ім у Ісфахан – трэці па велічыні горад Ірана.