Каля гадзіны ночы мяне будзіць адзін з жыхароў дома. Кажа, што тут не публічны дом, і просіць «з’ябаць адсюль нахуй», пакуль ён, «блядзь, міліцыю не выклікаў». Я збіраю намёт і сыходжу ў двор насупраць. Усё як у сне, праз некалькі гадзін мяне будзіць жанчына:
– Ідзіце ў гатэль! Тут нельга спаць! Я зараз міліцыю выклічу!
– Усё-ўсё-ўсё! Прабачце, сыходжу!
Я пераношу сваю палатку ў наступны двор. Раніцай мяне зноў будзяць. Нейкая жанчына накідваецца на мяне з лютымі мацюкамі. Я кажу ёй, што я падарожнік, што еду вакол свету. Яна называе мяне аферыстам і сыходзіць тэлефанаваць у міліцыю. Спаць мне больш не хочацца.
У мяне ломіць плечы, на нагах мазалі. Я мала ем і нерэгулярна сплю. Маё цела адчайна патрабуе адпачынку. Збоку можа падацца, што я маральна вытхнуўся, але насамрэч усё не так. Вядома, мне не падабаецца ўставаць пад мацюкі а трэцяй ночы і пад дажджом шлёпаць з палаткай у руках і дваццаткай кіло за плячыма, але калі гэта здараецца, я проста смяюся з таго, як усё ўладкавана.
Час выбірацца з гарадоў
Я сустракаю хлопцаў на тым месцы, дзе мы ўчора выпадкова рассталіся. Мы вырашаем, што ў сілах зняць пакой на ўсіх адразу за невялікія грошы. Але на нашу таблічку з просьбай аб арэндзе рэагуюць толькі міліцыянты. Спачатку яны кажуць, што мы не можам тут сядзець, бо побач дом прэзідэнта. Мы адмаўляемся сыходзіць. Яны яшчэ доўга палохаюць нас тым, што зараз прыедзе машына і павязе нас усіх у пастарунак, але я тлумачу ім, што паслы Беларусі, Ірана, Англіі ды Францыі будуць вельмі незадаволеныя. І Азербайджан застанецца без трактароў, газаправода ў Турцыю, нафтаздабываючых станцый, а Францыя таксама нешта прыдумае. Міліцыянты раптам змяняюць гнеў на ласку, просяць не карыстацца таблічкай і ў выпадку якіх-небудзь праблем звяртацца да іх па дапамогу. Я ім адразу кажу, што мы сёння не елі. Міліцыянты купляюць нам восем донэраў і па бутэлечцы колы.
Становіцца зразумела, што ў цэнтры горада няма чаго лавіць, і мы вырашаем перабрацца на ўскраіну. Французскія браты знаходзяць нядрэннае месца для стаянкі ў порце. Велізарнай бандай мы селімся на тэрасе закінутага кафэ. На ёй нават знаходзіцца пару разетак. На наступны дзень частка нашай каманды сплывае на пароме з мазутам у Казахстан, але ім на змену тут жа прыбывае маладая пара, Конрад і Ліза. Ліза з Піцера, а Конрад з Дрэздэна. Сваім выглядам Конрад вельмі нагадвае маладога інжынера-фізіка, і хутка высвятляецца, што ён і ёсць малады інжынер-фізік.
У нас з Жэнем практычна няма грошай, але больш сядзець на месцы мы не ў сілах. Я сядаю ў цэнтры горада з таблічкай «Не хапае на квіток у Казахстан» і за гадзіну збіраю сто трыццаць даляраў. Жэня сядае ў менш удалым месцы, але таксама назапашвае прыстойную суму. Мы складаем усё разам – выходзіць роўна дзвесце сорак даляраў.
Праз пару дзён паром нарэшце прыбывае ў порт, і мы ідзём купляць квіткі, але ў самы апошні момант нябачная рука хавае грошы ў кішэню, а ногі самі нясуць нас прэч ад касы. Вечарам мы ўжо стаім на трасе ў бок Дагестана, а наступным днём перасякаем мяжу з Расіяй.
Азербайджанцы прапускаюць нас за дзесяць хвілін, а вось на расійскай мяжы мы праводзім гадзін сем. З-за страчанага часу даводзіцца начаваць у полі непадалёк ад трасы.
Пакуль мы дабіраемся да Махачкалы, кіроўцы тройчы дораць нам па пяцьсот рублёў. Мы не чакаем такой любові ад дагестанцаў. Дый наогул, мы глыбока ўражаныя тым, што ўсе яны вельмі ветлівыя і часта добра адукаваныя. Агрэсію праяўляюць толькі мясцовыя маладыя і борзыя варацілы. Раз-пораз з якой-небудзь таніраванай «капейкі» хтосьці паказвае нам фак. Адзін альфа-самец нават вылазіць з машыны, каб разабрацца з намі, памылкова прыняўшы нас за масквічоў. Мы ўціхамірваем яго пявучай беларускай мовай.
Праязджаем Махачкалу і вырашаем раздзяліцца да Уфы. З неверагоднай хуткасцю я дабіраюся да Саратава. Калі б я заўсёды так ездзіў, то па экватары аб'ехаў бы зямны шар за месяц.
А сёмай раніцы на запраўцы за дваццаць кіламетраў ад горада я заўважаю дзяўчыну Наташу. У яе на шыі вісіць стужкавая панарамная камера, і я адразу ж разумею, што нам ёсць пра што пагаварыць. Праз гадзіну я ўжо сяджу на кухні ў яе бацькоў і ем найсмачнейшы суп на планеце. Потым мы з дзяўчынай цэлы дзень раз’язджаем па мясцовых фермах і палях у пошуках агракадраў. Наташа ў захапленні ад ранішніх палёў, а я ў захапленні ад Наташы. Мне падабаецца тое, з якой хуткасцю яна расходуе стужку. Помніцца, я неяк траціў не больш за катушку на тыдзень, яна – адразу чатыры за пару гадзін:
– Я не шкадую грошай на творчасць, для чаго яшчэ жыць? – кажа яна.