Дык вось, гэта ўцёкі!
У маёй кішэні штосьці каля двухсот даляраў. Мой заплечнік важыць дваццаць тры кілаграмы. Усё разлічана на поўную аўтаномію цягам тыдня, а можа і больш. У камплекце – лёгкая палатка, спальнік, дыванок, маленькая гарэлка з газам, кацялок на літр, нож, ліхтар, шмоткі ды іншыя нішцякі. Я зрабіў прышчэпку ад ліхаманкі, страхоўку на паўгода ды іранскую візу. Мой тэлефон трымае батарэю каля месяца, камера – паўтара тыдня, ноўт – восем гадзін. Усё застрахавана ад раптоўных паводак гермамяшкамі. Так што на наступныя пару месяцаў усё са мной досыць ясна.
Я выходжу з дома раніцай 1 ліпеня. Дзейнічаю холадна і рашуча, быццам бяру інтэграл. За апошнія паўгода я сотні разоў уяўляў сабе гэты момант. Я ведаю дакладны час, калі прыйдзе 112-ты аўтобус – на ім я дабяруся да трасы. Я ведаю дакладнае месца на М1, дзе стану з выцягнутай рукой. Гэтыя паўгода я планамерна рваў ланцуг, якім быў прыкаваны да будкі. Апошні рывок – і мой ашыйнік сарваны. Я прагна глытаю паветра і кладу ўсе назапашаныя сілы на тое, каб быць далей ад будкі, міскі і гаспадара. Я адпраўляюся ў кругасветнае падарожжа.
Міша трахнуў сяржанта
Я прачынаюся на бруднай узбочыне трасы на Уладзікаўказ – пачынаецца чацвёрты дзень майго трыпу. Усю ноч жудасна грукатала дарога і ліў дождж. Паспаць амаль не ўдалося, і я неахвотна выбіраюся з намёта. Зямля вакол ператварылася ў багну, у якую адразу ж правальваешся па калена. Я збіраю намёт і рушу на бліжэйшую запраўку, каб навесці марафет. Мне шанцуе – на запраўцы халяўны Wi-Fi і вада з брандспойта.
На трасе ля дарожнай развязкі мяне спыняе армянін, які трапезнічае, расклаўшыся на багажніку сваёй «Волгі». Мы загаворваем, ён частуе мяне ежай і прапаноўвае падвезці.
«Волга» забітая ў гаўно. У салоне машыны – горы нейкага хламу, на падлозе валяецца смецце, паміж сядзеннямі тырчыць газета інтымнага зместу «Ещё». Проста на хаду вадзіла, які прадставіўся Мішам, разгортвае яе і пачынае разглядаць фоткі:
– Паглядзі, усё, што хочаш! Усё, што хочаш!
Міша – мужык гадоў пяцідзесяці. Мае праблемы з вагой, няголены і нецвярозы. Ён старанна распытвае мяне пра мой сексуальны вопыт. Я стараюся скіраваць гутарку ў іншы бок, але ён дакучліва дзяўбе ў ачко гэтай няёмкай тэмы:
– Калі я служыў у войску, у мяне сяржант быў. Я тады яшчэ па-руску дрэнна размаўляў. Строгі быў сяржант, усіх ганяў! Але мяне чамусьці не чапаў. Неяк у мяне нечакана нарад здарыўся – я тэхніку ахоўваў. І вось я пытаюся ў сяржанта, як жа мне ў нарад ісці, калі я не павячэраў нават? Ён кажа: «Не хвалюйся, я сам усё табе прынясу». Прывезлі мяне ў вартоўню, а хутка і сяржант прыехаў, ежу прывёз. Я сяджу, ем, а ён прымасціўся побач і пачынае мяне па каленцы лашчыць. Ну, я нічога не кажу – сяржант усё ж такі. І тут ён мне шырынку расшпільвае і пачынае таго... Але мне прыемна, і я моўчкі кушаю. І вось ён кажа: «Ты можаш мяне трахнуць?» – «Без праблем», – кажу. І трахнуў яго.
– Не, Міша, я не таго.
Раблю выгляд, што зацікавіўся краявідам. Але вадзіла не супакойваецца:
– Карацей, я хацеў табе прапанаваць. Але ты вось кажаш, што ты «не таго». Калі раптам перадумаеш, дык дай знаць. Прырода тут прыгожая – спынімся, у мяне і прэзерватыў ёсць. Ну і, вядома, узнагароджанне – не проста ж так.
– Міша, я ж сказаў: не!
Праз тры хвіліны пакрыўджаны вадзіла высаджвае мяне пад жудасны лівень. Са мной такое ўпершыню, дарэчы.
Паўдня сяк-так дабіраюся да Нальчыка. Паабапал дарогі стаяць невялікія горы. Рушу на вяршыню бліжэйшай. Па дарозе палохаю зайца, сам ледзь не накладваю ў штаны. Стаўлю палатку. Гатаваць ежу проста няма сілаў – я адразу ж вырубаюся.
Тут пахаваныя некалькі сотняў дзяцей
Будзільнік звоніць а восьмай. Хутка збягаю з гары. Па дарозе сустракаю пару дрэваў з грушамі. Вось ён я – Юра Гагарын перад адкрытым космасам! Унізе, ля падножжа гары, бяжыць дарога. Я стаю на пагорку і грызу дзікі плод дрэва. Пакуль што я магу толькі пазайздросціць гэтай жылістай дзікасці.
Першая ж машына вязе мяне ва Уладзікаўказ. Кіроўца Сяргей распавядае пра тое, што з часоў Саюза гэты горад быў цалкам студэнцкі. Цяпер там каля дзесяці ўнівераў, пры тым што насельніцтва – усяго каля трохсот тысяч чалавек.
Сяргей працягвае нешта распавядаць, а тым часам у мяне адпадае сківіца – мы ўязджаем у Беслан. Я ведаў, што ён у Паўночнай Асеціі, але не ведаў, што буду праязджаць праз яго:
– Скажыце, а дзе тая школа, дзе трагедыя адбылася?
– Яна там, у горадзе. Мы зараз будзем праязджаць пахаванне, гэта недалёка ад дарогі. Калі хочаце, магу вам паказаць.