Выбрать главу

Шукаю ўтульнае месца пад стаянку, як раптам нібы чую рытмічны гук рухавіка. Адразу з’яўляюцца сілы на чарговы марш-кідок. Я чакаю ўбачыць брудны аўтамабіль, даваенны генератар або, на благі канец, звар’яцелага лесніка з бензапілой, але знаходжу маленькую, памерам з пральную машынку, гідраэлектрастанцыю на горным ручаі. Ад яе па слупах кудысьці ў лес разыходзяцца кабелі. Гэтак, уздоўж слупоў самаробнай электрасеткі, я і прыходжу ў аўтаномнае паселішча Чарбай. На гадзінніку каля другой ночы, а ў акенцах хаткі гарыць цёплае святло.

– Добры вечарочак!

– Ого! Прывітанне. Разувайся, праходзь, – кажа жанчына гадоў сарака пяці з кароткай стрыжкай. – Ты што, з Паспаўла ішоў?

– З Паспаўла.

– А што, у цябе няма нашага нумара тэлефона?

– Не, няма.

– Мы б цябе на машыне забралі, ты ж кіламетраў трыццаць пешшу адмахаў. Есці хочаш?

– Было б выдатна.

Трашчыць печ, і цёплае святло напаўняе пакой, які выконвае ролю хола, кухні і гасцёўні адначасова. На падлозе раскіданыя цацкі, перад маімі вачыма паліцы з велізарнай колькасцю посуду – ствараецца ўражанне, што тут жыве мінімум чалавек дзесяць. Жанчына дае мне талерку рысу з мясной падлівай. Апошні раз я еў раніцай – яблык.

З вуліцы заходзіць напалову сівы барадаты мужчына:

– О! Прывітанне! Хуя сабе, ты на ноч гледзячы прыйшоў! Мы звычайна ў такі час ужо спім. Проста Ірынка заўтра ў Навасіб з’язджае, дык мы яе збіраем.

– Прыйшлося б мне на верандзе ад холаду падохнуць.

– Акалеў, ці што?

– Ногі ў рацэ прамачыў.

Улад ды Ірына пераехалі сюды амаль дваццаць гадоў таму. Яны марылі стварыць вялікае паселішча, моцную камуну, але, на жаль, паслядоўнікаў не знайшлося. Госці прыязджаюць часта, але даўжэй як на год ніхто не затрымліваецца. Для гасцей у Чарбаі ёсць яшчэ дзве невялікія хаткі, у адну з іх засяляюць мяне. Утульны пакой, рукамыйнік, печ, два ложкі, невялікі столік ля акна і разетка. Раніцай наступнага дня я атрымліваю нарад па дровах. Мяркуючы па колькасці бяроз, што ляжаць у двары, скончу я тыдні праз два.

Гэтак пройдуць некалькі дзён майго жыцця ў Чарбаі. З раніцы і да позняга вечара я махаю сякерай недзе ў гарах і адчуваю жыццё, нібы яно стаіць побач. Улад раз-пораз пад’юджвае мяне: «Ну, нічога! Напрыканцы навучышся абыходзіцца з калуном!» або «Ох і добра, напэўна, бярозка на марозе колецца!». Я выдатна разумею, што, спрабуючы падкалупнуць маё самалюбства, Улад папросту ўхіляецца ад працы. Ягоныя паводзіны падымаюць мне настрой. Гэтак, падпяваючы: «Ох і колецца бярозка на марозе! Ох і колецца!» – я малачу да заходу сонца. Калі нарэшце цямнее, я збіраю па паляне коз, заводжу іх у стойла і толькі потым іду есці.

За вячэрай Улад распавядае мне пра свае вынаходствы, пра тое, як ён пабудаваў ГЭС і правёў сувязь у дом на краю зямлі. Гэта сапраўды заслугоўвае ўвагі. Ён першы ў раёне займеў інтэрнэт-злучэнне. Для гэтага Улад сабраў на гары велізарны рэтранслятар GSM-сігналу. Ад паселішча да гэтай кропкі гадзіны чатыры – гэта калі «кінуцца кабанчыкам» – і ніякіх дарог і сцежак. Узяў азімут і пафігачыў. Не маю ўяўлення, як ён запёр туды восемдзесят метраў сеткі-рабіцы і расцягнуў яе ў горнай цясніне, але факт застаецца фактам – мабільная сувязь на паляне ёсць.

Улад распавядае пра свае вырабы захлёбваючыся, не звяртаючы ўвагі на тое, як кіпіць чайнік і крычаць дзеці. Напэўна, няшмат хто ў тайзе захапляецца яго вынаходлівасцю.

Па ваду трэба цягнуцца па схіле метраў дзвесце ўніз да ручая, а потым з вядром уверх. Запальваю печ, запарваю гарбатку. Адна саракаватная лямпачка на шасціметровы пакой. Заваліцца спаць, ці што? Па цёмнай столі гуляюць праменьчыкі, якія прарываюцца праз алдовую кладку печы. Вецер шуміць, галінкі піхты грукаюць па даху. Можна заснуць і знікнуць без вестак.

Мне сніцца адзін і той жа сон, быццам я вяртаюся дадому ў Менск на некалькі дзён, а потым зноў працягваю дарогу. Ад такіх карцінак я пачынаю панікаваць. Мая дарога – гэта ўсё, што ў мяне ёсць. Адчуваць сябе. Адчуваць, як гэты шар круціцца пад табой. Адчуваць, як ты яго круціш. Мае самыя важныя ўспаміны назаўсёды звязаныя з момантамі крыштальнай адзіноты. Напрыклад, калі я хаваюся пад лаўкай у душным, набітым целамі вагоне, прабіраючыся зайцам скрозь Кітай, або начую ў закінутых дамах, у якіх ні вокнаў ні дзвярэй, толькі старыя аблезлыя дамавікі скрабуцца праз сценку.

Я ехаў у Чарбай па спакой і гармонію. Я спадзяваўся сустрэць людзей, якія знайшлі сябе ў халоднай цішыні гораў, у Белым Маўчанні. Я памыліўся з кірункам. У Чарбаі я ўпершыню за сваё жыццё даведаўся, што такое «Интерны» па ТНТ. Я памыў свае рэчы ў пральнай машынцы. Увогуле, машын тут аказалася больш, чым людзей. Шкада, што ў медаля заўсёды ёсць два бакі.