Выбрать главу

Мы запраўляем машыну і вырульваем на Манголію. Рускую мяжу праходзім гладка. Памежнікі шчыра смяюцца з нашых планаў даехаць да Улан-Батара аўтаспынам:

– Ды вы ёбнуліся! Там на паўтары тысячы ні дарог, ні машын няма! Тут толькі летам турысты ездзяць. Да Баян-Улгій даедзеце, там сядайце на самалёт і праз дзве гадзіны будзеце ва Улан-Батары.

Яшчэ нядаўна іх скептыцызм мог мяне спалохаць, але цяпер я ўпэўнена аджартоўваюся.

Як толькі канчаецца Расія – пачынаецца грунтоўка. Мангольскі вартаўнік мяжы пытае мяне пра візу. Я кажу, што візы няма. Ён кажа: «Добра» – і ставіць штамп. Алтай застаецца ззаду. Пакуль я не ведаю пра тое, што ў сне яшчэ тысячу разоў вярнуся ў свой мілы домік на схіле гары. Наперадзе дзікая і чужая Азія. На доўгія месяцы, а можа і гады, я ператваруся ў «белага містара», а значыць – у іншага.

Гадзіны паўтары ў цемры мы скачам па ўзгорках. Не ўяўляю, як кіроўца вызначае кірунак руху – нічога падобнага на дарогу я разгледзець не магу. Нечакана нас выносіць на асфальт. Недзе ўнізе з’яўляюцца агні горада.

– Вам дзе выходзіць? – пытае кіроўца, і мне робіцца смешна.

– Ды няважна. Хоць прама тут.

Машына спыняецца ля гасцініцы. Мы дзякуем шафёру і адпраўляемся блукаць па начным пасёлку. З першых секундаў у Баян-Улгій робіцца ясна, што наперадзе нас чакаюць брудныя часы. Вакол раскідваюцца бясконцыя трушчобы з аднапавярховых дамкоў без дахаў, дзе-нідзе віднеюцца мангольскія юрты. Дзеткі цягнуць бітоны з вадой, хтосьці гоніць быдла, стаіць цёплы пах паленага вугалю.

Трохі глыбей у пасёлку мы знаходзім некалькі недабудаваных пяціпавярховікаў. Я ўзломліваю адно з вокнаў першага паверха і залажу ўнутр. Не найлепшае месца для начлегу – паўсюль валяецца электраінструмент, батарэі не грэюць. Хутчэй за ўсё, раніцай з’явяцца рабацягі, і начлег скончыцца ў паліцыі.

Мы брыдзём далей па начным пасёлку, зазіраем у кожны пад’езд, тузаем ручкі скляпоў. Безвынікова. У памяць уразаецца карцінка: між шэрагаў гаражоў у перавернутым баку са смеццем гарыць агонь, з гэтага ж баку ў небяспечнай блізкасці да полымя сілкуецца карова, побач на кукішках сядзіць стары мангол і глядзіць кудысьці за гарызонт.

Выпадкова мы выходзім да мячэці. Унутры гарыць святло. Выбару не застаецца, мы накіроўваемся да дзвярэй. Жэня кідаецца тлумачыць ахоўніку, хто мы і навошта прыйшлі. Нізенькі мангол цярпліва выслухвае яго і адказвае нешта па-свойму. Рускай мовы ён не разумее. Я тлумачу жэстамі, што ў нас няма грошай і нам няма дзе спаць. Праз некалькі кантрольных тэлефанаванняў «наверх» ахоўнік расплываецца ў шырокай усмешцы і пускае нас у пакой для малітваў.

Я раскладваю спальнік і ўтыкаюся ў акно. У цьмяным святле вулічнага ліхтара, учапіўшыся ў край даху, боўтаецца на вятры кавалачак поліэтылену – прыгажосць па-мангольску. Ад холаду гэтага кадра мяне бяруць дрыжыкі. Дзякуй Алаху, што я не застаўся гэтай ноччу на вуліцы!

Надмагілле для пасёлка, які вымірае

Раніцай мы выходзім на ўскраек паселішча, каб на краі апошняй запраўкі прыгатаваць сабе сняданак. Ад моцнага ветру гарэлка ніяк не хоча падаграваць ваду. Нервы не вытрымліваюць, і мы вырашаем ламацца ў бліжэйшую ж хату.

Адчыняе невысокая жанчына гадоў пяцідзесяці ў хустцы. Мы тлумачымся жэстамі. Гаспадыня запрашае нас да печы, дзе мы кіпяцім ваду і варым рыс. Пасля перакусу вырашаем развітвацца, але ў хату заходзіць гаспадар і кажа, што хер мы куды рыпнемся, пакуль не паспрабуем дамашніх пяльмешак. Стол ломіцца ад ежы. Мы так набіваем страўнікі, што з цяжкасцю ўстаём з-за стала. Недаедзеныя пяльмешкі гаспадыня пакуе ў мой кацялок. Запасу ежы я не маю, таму з удзячнасцю прымаю пачастунак.

Мы выходзім на дарогу. Я апрануты ва ўсё сваё шмаццё (некалькі тышотак, швэдар, байку і куртку), але мне ўсё роўна дастаткова холадна. Мы прастуем па пустой трасе ў кірунку перавалу. Праз гадзіну нас падбірае першая машына і адвозіць на другі бок хрыбта. Кіроўца спыняецца пасярод стэпу і паказвае кудысьці ўбок:

– Улан-Батар! Туды!

Мы вывальваемся з кабіны. Машына паварочвае на поўдзень. Я гляджу на клубы пылу ад колаў аўтамабіля, якія сыходзяць удалячынь, – мы застаёмся адны пасярод вялізнага мёртвага поля. Наколькі хапае вачэй, не відаць нічога. Холад і бесперапынны вецер. Сцюдзёны вырай. Мы вытрымліваем яшчэ пару кіламетраў і падаем на прывал.

Стэп перад намі рассякаюць некалькі дзясяткаў дарог. Па якой з іх будзе ехаць машына – не зразумела. У чаканні транспарту мы ляжым, прыціснуўшыся адзін да аднаго, ужо добрую гадзіну і назіраем за тым, як гнецца на ветры жоўклая трава.