Выбрать главу

Мы зноў у дарозе, ужо дзесяць гадзін. Я жудасна стаміўся. У пошуках начлегу збочваем на кожную горную сцяжыну. Чарговы паварот не прыносіць вынікаў, а спрабуючы вярнуцца на галоўную дарогу, я не спраўляюся з кіраваннем – і матацыкл завальваецца на бок. Мяне добра прыціскае да камянёў, і толькі дзякуючы Волінай дапамозе мне ўдаецца выбрацца з-пад завалу. Ура! Маё першае падзенне! Хуткасць пры падзенні была кіламетраў пяць за гадзіну, таму абыходзімся лёгкім спалохам.

Праз пару кіламетраў знаходзім запраўку з вялікімі кустамі на заднім двары. Матацыкл прыпаркаваны, палатка ўсталяваная. Гэта быў добры дзень.

Трэцяе правіла матацыкліста-нелегала: калі ў цябе мала грошай, запраўка – выдатнае месца для начлегу на трасе. Часцей за ўсё на кітайскіх запраўках ёсць зацішны куток для палаткі, прыдатная крама, прыбіральня, рукамыйнік, кіпень і разеткі для зарадкі гаджэтаў. А калі ты вандруеш па хайўэях, часта можна сустрэць і халяўны Wi-Fi.

Раніцай я высвятляю, што ўчарашняе падзенне не прайшло бясследна – распаленая выхлапная труба праплавіла велізарную дзірку ў бакавой сумцы. Разам з сумкай адышлі ў гісторыю мае суперлёгкія красоўкі, купленыя на апошнія грошы яшчэ ў Арменіі. Я латаю дзірку на сумцы кавалкам пеннага кілімка, паддаю алею ў рухавік і заліваю поўны бак саляры.

Цэлы дзень мы імчымся міма велізарных заводаў – адзін цэх змяняе іншы. Краявіды сумныя. Людзі-морлакі цэлымі вёскамі займаюцца зборам другаснай сыравіны. Часам у нос б’юць такія пахі, што хочацца надзець процівагаз. Мы абганяем высокія трубы заводаў, знясіленыя грузавікі, стосы пакрышак, бутэлек і памерлых мапедаў.

Толькі пад вечар пейзаж нарэшце мяняецца. Мы зноў уязджаем у горы, перад нашымі вачыма расплёскваюцца велізарныя плантацыі мандарынавых дрэваў. У адным з такіх гаёў мы ўладкоўваемся на начлег. Шкада, што ўраджай ужо сабралі. Прыходзіцца задавольвацца рэдкімі самотнымі мандарынкамі, якія засталіся ў тыле.

Я палю ў дзень каля пятнаццаці літраў бензіну. Акрамя таго, даводзіцца ўвесь час падліваць алей. Ямо мы ў асноўным усякую лухту з заправак. Але часам спыняемся ў кафэхах і заказваем «сіхоньшы дзідань міфан» – рыс з таматамі і яйкам. Яго ўсюды гатуюць па-рознаму, але заўсёды амаль бяспечна для жыцця.

На наступны дзень Google Maps зноў выдаюць нумар. Кіламетраў пяцьдзясят мы гонім па вясковых дарожках, спрабуючы аб’ехаць плацёжны пункт на асноўнай трасе. На танюсенькай закінутай сцяжынцы нам трапляецца мініяцюрны будысцкі манастыр. Дзякуючы старэчы Мао будысцкіх манастыроў у Кітаі засталося няшмат. А дзякуючы «капіталістычнаму камунізму» Паднябеснай нават тыя, што засталіся, ператварыліся ў турыстычныя мекі.

Нікому не раю трапіць на Вялікі кітайскі мур або ў Імператарскія сады – гэта дорага і небяспечна для жыцця. На сцяне вас проста затопчуць мільёны вандроўных кітайцаў.

На ўваходзе ў манастыр няма касы – гэта добры знак. Пункцірная сцяжынка віецца крута ўгору. Праз паўгадзіны мы аказваемся ў маленькім селішчы манахаў. Алтар па-хатняму абстаўлены навагоднімі пачастункамі. Крыху далей віднеецца калумбарый з прахам манахаў. Пры жаданні можна забраць парачку манахаў з сабой. Гэтае месца абыякавае да астатняга свету.

Асфальт робіцца слізкім

Мне падабаецца ездзіць па вясковых дарогах. З-за рэзкіх паваротаў разагнацца вышэй за трэцюю перадачу не атрымліваецца, затое вакол да халеры сюрпрызаў: замест разметкі – акуратна раскіданыя камяні памерам з мікрахвалёўку, замест ляжачых паліцэйскіх – сонныя буйвалы. Так, зачапіўшыся за нейкую херню, я вырываю тросік адометра, які застывае на лічбе 7777.

Бесперапынна, гадзіну за гадзінай, мы прарываемся на поўдзень. Робіцца так цёпла, што я здымаю куртку. А першай гадзіне ночы мы дабіраемся да Ганьчжоў. Горад абдымае пустая падсветленая шаша. У такія моманты я грэбліва стаўлюся да правілаў дарожнага руху і прытрымліваюся максімальна магчымай хуткасці.

Ехаць у горад і шукаць які-небудзь дах няма ніякага жадання, і мы вырашаем рушыць на ўскраіну. Я збочваю на грунтавую дарогу і павольна паўзу ўверх па схіле. Толькі я паспяваю пацешыцца таму, што дзень прайшоў без паломак, як нечакана задняе кола выдае непрыстойнае «пшшшшш!». Мы за дваццаць метраў ад запланаванага месца начлегу.

Нетаропка прабіраемся на нейкае калгаснае поле. Дзесьці ўдалечыні грыміць салют. Воля, здаецца, набралася досведу і цяпер самастойна ставіць намёт. Кожны дзень я арганізоўваю для яе іспыт – гэтым вечарам яна спраўляецца на цвёрдую сямёрку. Я паркую байк шчыльна да палаткі, і мы завальваемся спаць.