Матацыклетныя багі мяне берагуць: калі конь і ломіцца, то рамонтная майстэрня з нейкай дзіўнай прычыны заўсёды знаходзіцца не далей, чым за кіламетр. Пакуль Воля здае экзамен па зборцы палаткі, я паспяваю зматацца ў суседнюю вёску і за дзве з паловай хвіліны заляпіць кола. Кітаец проста выкручвае ніпель і залівае ўнутр адмысловы клей. Праз імгненне моцык ужо гатовы да бою.
Я забіраю Волю з калгаснага поля, і мы накіроўваемся на запраўку. Глядзець на кітайскую локшыну з упаковак я ўжо не магу, але выбару няма. На запраўцы не знаходзіцца чайніка, таму працаўнік станцыі вядзе мяне да сябе дамоў, дзе стаіць бойлер з гарачай вадой.
Не паспяваем мы ад’ехаць ад запраўкі – як зноў паломка! Ад вялікай вагі задняй сумкі ломіцца багажнік. З незразумелых прычын я зноў знаходжу рамонтную майстэрню праз трыста метраў ад месца паломкі. Стары дзед у гіганцкіх акулярах прымаецца варыць метал, не адкручваючы багажнік ад матацыкла. Заадно ён спаліць мне пластыкавы молдынг і праплавіць дзірку ў абіўцы сядзення. Шчыра кажучы, калі б я трымаў электрод левай нагой, то сто пудоў заварыў бы не горш. З упэўненасцю ў тым, што багажнік адваліцца праз пару кіламетраў, мы выпраўляемся далей.
Да гэтага дня мне здавалася, што мы едзем па горах, але гэта былі бугаркі. Цяпер мы паднімаемся на сапраўдны перавал, на якім у мяне закладвае вушы. На вышыні пачынаецца дождж. Асфальт робіцца слізкім. Я ўмомант прамакаю і замярзаю. Наперадзе за нейкім грузавіком утвараецца вялікая чарга з машын. Нашаму каню не хапае магутнасці, каб зрабіць упэўнены абгон уверх, і я вымушаны цягнуцца напрыканцы калоны. Шкло шлема пакрываецца кроплямі, што рэзка пагаршае агляд.
Нарэшце пачынаецца спуск, і недзе наперадзе перад намі грузавік злятае з трасы. Яшчэ некалькі сотняў метраў, і мы заязджаем у туман. Робіцца ўсё цікавей! Я ўжо не адчуваю рук і ног, вада са шлема сцякае мне пад куртку. Пры блакаванні задняга кола матацыкл упэўнена ляціць наперад, як ні ў чым не бывала. А перавалы ідуць адзін за адным.
Нарэшце з’яўляецца выратавальная запраўка. Я злажу з байка і не магу паверыць сваім вачам – Воля быццам у аўтобусе ўсю дарогу ехала, на ёй няма ні кроплі вады. Я сядаю на бардзюр, каб выціснуць шкарпэткі і паразважаць пра несправядлівасць свету. Пакуль я займаюся гэтым мужчынскім заняткам, Воля ўгаворвае работнікаў запраўкі дазволіць нам заначаваць у іх на кухні. Яна паражае іх напавал – гэта ўсё пявучая кітайская з Google Translate. Мы раскідваем спальнікі пад казённай лядоўняй. Воля сыходзіць катаваць запраўшчыкаў размовамі пра душ, а я залажу ў спальнік і адрубаюся.
Вадкая галодная багна
Да выспы Хайнань застаецца каля васьмісот кіламетраў. Калі пазл складзецца, праз два дні мы будзем збіваць какосы з пальмаў.
Мы гонім па вясковай сцежцы, і раптам дарога рэзка сыходзіць кудысьці ўверх. Ухіл настолькі круты, што байк не можа выцягнуць нас дваіх. Я высаджваю штурмана на ўзбочыне і на першай перадачы спрабую запаўзці на вяршыню. З-за моцнага ўхілу некалькі ўчасткаў я праязджаю на заднім коле. Нарэшце дарога становіцца спадзістай і рэзка канчаецца. Проста ўпіраецца ў скалу. Далей толькі альпінісцкай звязкай або на паветраным шары. Выбару няма – прыходзіцца аб’язджаць.
Аб'язны шлях аказваецца яшчэ больш цікавым. У выніку моцных дажджоў апоўзень накрывае дарогу паўметровымі пластом гліны. Участак на некалькі кіламетраў ператвараецца ў вадкую галодную багну. Колы матацыкла пагружаюцца ў глейкую жыжку. Наперадзе ўжо тырчаць некалькі закапаных па дах аўтамабіляў.
«Ад вінта!» – крычу я, капітан карабля. «Давай, курносы!» – падхоплівае штурман. Каманда рвецца ў бой і праз сто метраў па вушы закопваецца ў лайно. Усё! Мы скарысталіся з бясплатнай паслугі экспрэс-пахавання ад кітайскіх дарог. Зямля ўсмоктвае наш матор. Маёй волатаўскай сілы не хапае, каб зрушыць каня нават на міліметр. Да ўсяго, у парыве запалу, я рву дзедаўскую зварку і задняя сумка разам з багажнікам безжыццёва павісае на апошнім балце.
Мы яшчэ доўга корпаемся ў гэтым балоце, але, як у любой галівудскай гісторыі, дабро перамагае. З падпаленым счапленнем і пластамі бруду на ўсіх частках цела мы вырываемся з палону.
У галаве гучыць рык матора – я ўжо нічога не цямлю. У гэты дзень мы праязджаем яшчэ шэсцьсот кіламетраў. У нейкім маленькім гарадку нам на вочы трапляецца гатэль. А чаму б і не схадзіць у душ упершыню за тыдзень, га? І мы заязджаем на рэсэпшн проста на матацыкле. Гэты эфектны жэст, зрэшты, нікога не здзіўляе.
За дваццаць хвілін перагавораў скідваем паўкошту з самага таннага нумара. Нядрэнны пакой з чыстымі просцінамі дастаецца нам усяго за сем даляраў.